Сусветны дзень мадэрну ў архітэктуры, мастацтве, паэзіі і музыцы адзначаюць 10 чэрвеня. З гэтай нагоды Hrodna.life склаў спіс самых цікавых будынкаў у стылі мадэрн у Гродне. Дзе іх знайсці і чым яны адметныя?
1. Дом Юдэля Рымана
Дом Юдэля Рымана знаходзіцца на вуліцы Тэльмана, 9. Яго пабудавалі ў 1905 годзе (па іншых звестках у 1912 годзе). Хто архітэктар мадэрновага будынка — невядома, але па дэкоры гэты будынак — адзін з найбольш адметных у горадзе.
У 1920-х тут размяшчаліся кватэры, офісы, прыёмныя лекараў, а таксама крамы. У 1933 годзе будынак набыла «Банкаўскае таварыства ў Гродне». Тут гродзенцы міжваеннага перыяду маглі купляць долары. Але ўжо ў 1934 годзе польскія следчыя пасля 13-гадзіннага ператрусу апячаталі памяшканне таварыства. У 1938 годзе дырэктара таварыства Вольдберга і бухгалтара Фрыжмана асудзілі на два і тры гады зняволення адпаведна за фінансавыя махінацыі.
Падчас нямецкай акупацыі ў будынку размяшчалася гестапа. У савецкія час і ў незалежнай Беларусі - упраўленне ўнутраных справаў. Зараз тут — Галоўнае ўпраўленне землеўпарадкавання аблвыканкама.
2. Дом Крэйцара
Дом купца Крэйцара знаходзіцца на вуліцы Сацыялістычнай, 44. За пазнавальны дэкор яго часта называюць «Домам з лілеямі». Дом пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя. На першым паверсе размяшчалася крама, на другім — кватэры, на мезаніне — склады. У розныя гады тут размяшчаліся тытунёвая крама, піўная, спартыўнае таварыства, ашчадкаса, сталярная майстэрня і рэкламнае бюро. Многія гродзенцы яшчэ павінны памятаць прыватную аптэку, якая працавала тут да 2007 года. Пазней будынак цалкам адсялілі і ў канцы таго ж года яго купіў Беларускі народны банк.
Спачатку банк хацеў разабраць будынак і пабудаваць на яго месцы копію. Але дзякуючы пазіцыі гродзенскіх гісторыкаў, навуковага кіраўніка праекта Алены Пархуты і Міністэрства культуры будынак захаваўся — і стаў адным з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Гродне.
Дэкор будынка, у першую чаргу ляпніна, мае асабліва вялікую каштоўнасць. Будынкаў з такой ляпнінай у Гродне ўсяго некалькі, у Беларусі іх каля 20. Хутчэй за ўсё, рабілі яе, заліваючы цэментную масу ў гіпсавыя формы, якія рабіліся індывідуальна для кожнага дома і таму дорага каштавалі. Раслінныя матывы сустракаюцца ў ляпніне на галоўным фасадзе і ў каванай агароджы акруглых балконаў. Цікавы рытм вокнаў, якія ўплывае на кампазіцыю фасада і планіроўку першага паверха.
Чытайце таксама:У Доме з лілеямі пасяліўся леў. Як старадаўні будынак стаў узорам рэстаўрацыі ў Гродне
3. Дом Ашэра Касоўскага
Дом Касоўскага знаходзіцца на скрыжыванні вуліц Кірава і Васілька. Яго ў 1912 годзе пабудаваў яўрэйскі прадпрымальнік Ашэр Касоўскі.
Будынак аздоблены «цякучым» арнаментам з матывамі водных лілій. На рагу будынка — рэдкі для Гродна эркер, да якім будынак і пазнавальны. Унутры захавалася парадная лесвіца з адлітымі з чыгуна стойкамі агароджы. Аўтар праекта невядомы, але верагодна, што гэта той самы чалавек, які праектаваў дом Рымана на вуліцы Тэльмана, 9.
У 2005 годзе дом рэстаўравалі. Тады ж заклалі арачны праезд унутр двара. Аднак паабапал аркі захаваліся дзве чыгунныя адліўкі: іх раней ставілі, каб колы ад возу не пашкодзілі вуглы сцен.
Побач, там дзе зараз знаходзіцца літоўскае консульства, Ашэр Касоўскі пабудаваў вялізны паравы млын. Яго знеслі ў 2007 годзе.
4. Дом купца Мураўёва
Дом купца Мураўёва размяшчаецца на Савецкай плошчы, 2. Час узвядзення будынка — 1782 год. У 1829 годзе яго перабудоўвалі, а канчатковы выгляд ён набыў у 1886 годзе. Гэта класічны прыклад мадэрну ў псеўдарускім варыянце.
Пляцам, дзе ён стаіць, на канец ХІХ стагоддзя валодалі купцы Мураўёвы. Згодна з Інай Соркінай, у 1886 годзе ім валодаў купец Іван Мураўёў, у 1910 годзе — купцы Васіль Іванавіч і Мікалай Іванавіч Мураўёвы.
Магчыма, будынак праектаваў той самы архітэктар, які аднаўляў пасля пажару вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай — Маісей Любіч (вежычкі будынка — адзін у адзін, як у сінагогі). Пад будынкам знаходзяцца шматузроўневыя падвалы, якія адносяць да больш ранніх часоў.
Будынак быў багата аздоблены звонку і ўнутры. На вежках знаходзіліся гербавыя шчыты (відаць, гіпсавыя). Адзін са шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў. Уздоўж даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х. Багатым было і ўнутранае аздабленне: некалькі кафляных печак, ляпніна, каваныя дэталі.
Дом Мураўёвых ад моманту пабудовы да нядаўняга часу быў пафарбаваны ў чырвоны колер. Доўгі час, каля 40 гадоў, у будынку месцілася абласная бібліятэка, якая ў 90-х гадах пераехала ў Новы замак. Больш за 20 гадоў будынак быў закінуты, было некалькі спробаў рэстаўрацыі. У красавіку 2021 года будынак здалі ў эксплуатацыю. Зараз там размяшчаецца рэстаран і гатэль, якія належаць гродзенскаму бізнесмену Станіславу Сямашку.
Чытайце таксама: Дом купца Муравьева: ремонт длиною в 20 лет
5. Былы Сялянскі пазямельны банк
Будынак былога Сялянскага пазямельнага банка размяшчаецца на вуліцы Леніна, 9. Яго пабудавалі ў 1913 годзе паводле праекту архітэктара Астравумава.
У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарысталі спалучэнне жоўтай цэглы і белых ляпных дэталяў. Дах выканалі з чырвонай чарапіцы, а таксама дадалі купал, які надае будынку сваеасаблівы каларыт. Па-мастацку выкананы металічныя агароджы ўнутранай лесвіцы і балконаў, казырок над галоўным уваходам.
У розныя часы там размяшчаліся: банк, вайсковы шпіталь у часы Першай сусветнай вайны, камандванне акругі, спартыўны клуб Grodno, гарнізоннае афіцэрскае казіно. Зараз там размяшчаецца штаб арміі.
У гэтым банку памочнікам бухгалтара працаваў бацька Максіма Багдановіча — Адам Багдановіч.
6. Дом Курлава
Дом Курлава на вуліцы Валковіча, 2/4 пабудавалі ў 1917 годзе. Гэта трохпавярховы неатынкаваны будынак з жоўтай цэглы. Яго аздобу сканцэнтравалі на парадным фасадзе.
Міжпавярховыя паясы будынка выкладены цаглянай кладкай розных камбінацый. Парадны фасад расчлянёны лапаткамі з нестандартным завяршэннем. Фасад аздоблены неглыбокімі бакавымі рызалітамі, якія завершаны прыступкавым атыкам з пінаклямі (міні-вежычкамі). Гэта цікавы для Гродна прыклад спалучэння мадэрну і эклектыкі.
У 1920 гадах у будынку размяшчалася фабрыка кавы. Яе стварылі яшчэ ў Першую сусветную немцы, каб прадукаваць эрзац-каву з жалудоў, ячменю і іншых заменнікаў для сваіх жаўнераў. Пасля Другой сусветнай вайны там распачалі вытворчаць цукерак, сіропу, а таксама яблычнага пюрэ. Але ў 1958 фабрыку ліквідалі, а абсталяванне аддалі ў Гомель на фабрыку «Спартак», у Ліду на камбінат канцэнтратаў, менскай кандытарскай фабрыцы «Камунарка», Ашмянскаму дрожджаваму камбінату і Нараўлянскай кандытарскай фабрыцы «Чырвоны Мазыранін»
7. Дом Гедройца
Дом Гедройца на вуліцы Леніна, 13 пабудавалі ў 1900 годзе (або ў 1906, а дата на фасадзе — гэта дата набыцця ўчастка). Будынак мае арыгінальны незвычайны для Гродна стыль, які можна характарызаваць як «паўночны мадэрн». Ён быў папулярны ў пачатку ХХ стагоддзя ў Пецярбургу, а таксама ў Балтыі.
Цэнтральная частка вылучаецца вертыкальнымі вокнамі лесвіцавых маршаў, бакавыя — двухпавярховымі гранёнымі эркерамі.
Уласнік дома — Казімір Гедройц — разам з сям’ёй жыў на другім паверсе. Ён быў юрыстам і адным з уплывовых гродзенцаў міжваеннага часу, сябраваў з Элізай Ажэшкай і быў членам камітэта па ўшанаванні яе памяці. Дом быў тыповай «чыншавай камяніца» — то бок, уласнік збудаваў яго, каб здаваць кватэры і на гэтым зарабляць.
Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размяшчаліся жылыя кватэры, зараз там офісы розных фірм і бар. У будынку захаваліся арыгінальныя дэкаратыўныя элементы: парэнчы, барэльефная лепка параднай, плітка падлогі, дэкор столяў і сцен, некалькі печаў, якія верагодна, былі выраблены на Станіславоўскім кафляным заводзе на сучаснай вуліцы Будзёнага.