У 2016 годзе гродзенскія яўрэі адначасова са святкаваннем Ханукі адзначаюць 25-годдзе вяртанне абшчыне Вялікай харальнай сінагогі. Hrodna.life узгадвае, як і ў якім стане горад у 1991 годзе перадаваў малітоўны дом законным уладальнікам.
Пасля Другой сусветнай яўрэяў у горадзе амаль не засталося. У будынку сінагогі на Вялікай Траецкай размясцілі склады, а пазней — з 1960-х да 1991 года — тут працавалі мастацкія майстэрні.
У сінагозе, у вялікай зале на першым паверсе, працавалі скульптары і мастакі. Там рыхтавалі плакаты і транспаранты да вялікіх святаў, рабілі макеты для будучых скульптур. На другім паверсе размясціўся сталярны цэх.
Гродзенскі мастак Уладзімір Панцялееў распавядае, што пры перадачы будынка яўрэям ніякай барацьбы не было: сінагога перайшла законным гаспадарам, а мастацка-прамысловы камбінат пераехаў у іншае месца.
«Гарвыканкам прыняў рашэнне. У той час гэта было правільнае рашэнне. Пашанцавала, што будынак у савецкі час дастаўся менавіта майстрам, бо магло быць і значна горш. Прыкладаў у гісторыі шмат, калі храмы аддавалі пад склады, а пасля іх нішчылі.
У мяне там майстэрні ў час перадачы сінагогі не было. Але я прысутнічаў на круглым стале, калі на майстроў спрабавалі «наехаць»: маўляў, будынак дайшоў да 90-х гадоў не ў лепшым стане. Я ж сказаў, што дах і ацяпленне былі, гэта і выратавала сінагогу ад разбурэння. Там заўсёды было суха і гэта самае галоўнае. Сінагога для выкарыстання па прызначэнні тады ўжо не падыходзіла, але праблемных рэчаў там не было. Памятаю, нават ляпніна захавалася".
Каб сінагогу перадалі яўрэям, вельмі доўга і ўпарта працаваў гродзенец Юрый Баярскі. Ён збіраў дакументы, пісаў лісты, ён жа і стварыў рэлігійную іўдзейскую абшчыну, бо без яе перадаць сінагогу яўрэям не маглі.
«Гэты чалавек доўгія гады ахоўваў бажніцу ад варвараў. Пасля перадачы сінагогі мы наведалі будынак — ён быў у жахлівым стане. Шэсць грузавікоў аднаго толькі смецця вывезлі. Мазаічную падлогу вялікай залы так і не знайшлі. Цяжка было глядзець на гэта ўсё, але мы справіліся і праз гады ў сінагогу прыемна зайсці», — распавядае стыршыня гродзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.
Калі сінагогу перадалі яўрэям, людзі сталі дапамагаць абшчыне: дасылалі малітоўнікі, перадавалі розныя рэчы, каб адрадзіць яўрэйскае жыццё ў Гродне.
«Людзі прыносілі рэчы звязаныя з нашай гiсторыяй, у кагосьці захаваліся кнігі, нават старонка з Торы. У падвале сінагогі мы знайшлі некалькі старых малітоўнікаў. Пэўны час у нас сатаністы збіраліся ды банды падлеткаў гаспадарылі. Нас абкрадалі некалькi разоў. Але, нягледзячы на цяжкасцi, мы ёсць i зноў жывем. Як толькi сінагогу перадалі абшчыне, да нас сталі прыходзіць людзі, яны сталі больш смелымi і не баяліся казаць пра сваё сапраўднае паходжанне».
Пасля перадачы сінагогі першая дапамога на рэстаўрацыю прыйшла з Аўстраліі. Таксама дапамаглі многія гродзенскія прадпрыемствы. Гарвыканкам вылучыў вялікую суму на дакументацыю і абследаванне храма. Былы вязень гродзенскага гета Фелікс Зандман на рэстаўрацыю пералічыў 10 тысяч долараў.
Рамонтныя працы ідуць дагэтуль. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, многія спонсары не адвярнуліся ад сінагогі і працягваюць дапамагаюць. Cёння адным з галоўных спонсараў рэстаўрацыі з’яўляецца «ЗОВ» Алега Зухавіцкага.
Барыс Квяткоўскі адзначае, што самым першым святам, якое правяла новая абшчына ў сінагозе пасля перадачы ў 1991 годзе, была менавіта Ханука.
«У сваім коле, а таксама разам з нашымі гасцямі, мы хутка адзначым гэтае свята, як і 25 гадоў таму, пасля перадачы, і таксама так, як гэта рабілі нашы папярэднікі многія гады да страшнай вайны. Мы рады казаць, што сінагога ў Гродне жыве, а разам з ёй іўдзейская абшчына горада».
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…
Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…
Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…
Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…