Аляксандр Лукашэнка за 26 гадоў прэзідэнцтва ўсяго чатыры разы быў у Гродне. У пяты раз ён прыехаў сюды 16 чэрвеня 2020 года. Падчас мінулых прыездаў у Гродна прэзідэнт казаў пра недахоп зеляніны, карупцыю і спекулянтаў. Пасля гэтага ўлады горада пераглядалі генплан, на прадпрыемствах затрымлівалі карупцыянераў, а па краіне пракаціліся акцыі пратэстаў «недармаедаў». Напярэдадні візіту Лукашэнкі рэдакцыя Hrodna.life узгадала, як прэзідэнт наведваў наш горад і што змянілася пасля гэтага.
«Але сёння я мэру і губернатару сказаў: у вас горад не зялёны. І вам трэба вельмі сур’ёзна заняцца, таму што вам жыць у гэтым цудоўным, найпрыгажэйшым горадзе. Самае зручнае месца для жытла — гэта Гродзенская вобласць і Гродна. Трэба больш дрэў высаджваць. Дзе старыя дамы — яны патанаюць у зеляніне. А там, дзе мы пачалі будаваць у суверэннай незалежнай Беларусі, два-тры дрэўцы, і тыя два метры ростам. У вас выдатны стары горад, ды і новыя пабудовы добрыя, спартыўныя аб’екты. Але гэта павінна ўсё тануць у зеляніне», — сказаў Лукашэнка 19 кастрычніка 2018 года.
Пасля гэтага ў горадзе прынялі план азелянення: да канца 2018 года павінны былі высадзіць 700 дрэў і 2000 хмызнякоў, у 2019 годзе планавалі высадзіць 3000 дрэў і 2000 хмызнякоў.
У 2020 годзе да высадкі дрэў падключылі нават журналістаў.
Рэкамендацыі прэзідэнта адлюстравалі ў генеральным плане развіцця Гродна да 2030 года. У Гродне жыве 368 тысяч чалавек і паводле нормы Мінпрыроды на аднаго жыхара павінна прыходзіцца 15 кв.м. зялёных насаджэнняў. Горад да гэтай лічбы не дацягвае, але да 2030 года на 1 жыхара Гродна павінна быць ужо не менш за 22 кв.м. зялёных насаджэнняў.
Прэзідэнт зацвердзіў генеральны план 22 красавіка 2020. Гарадскія ўлады павінны да 2021 года падрыхтаваць схему азелянення Гродна.
Студэнтка ГрДУ ім. Янкі Купалы 19 кастрычніка 2018 года на сустрэчы запытала кіраўніка, чаму ён не так часта наведвае нашу вобласць.
«Гродна, — паправіў яе Лукашэнка. — У вобласці я вельмі часта бываю. Часам нават ніхто не бачыць, як я бываю. Я гляджу, як вы тут сееце, прыбіраеце, і некаторыя пытанні … А вось у Гродна — вы маеце рацы «.
Чаму Гродна ён наведвае не так часта, як іншыя гарады, прэзідэнт не адказаў. На belta.by ёсць цытата: «У Гродне, так, бываю радзей, але гэта таму, што тут добра працуюць». На відэа, дзе прэзідэнт выказваецца аб прычынах, такой фразы няма.
Лукашэнка 14 лістапада 2014 года наведаў Гродзенскую ГЭС і правёў нараду ў аблвыканкаме. Там ён выказаўся аб карупцыі і згадаў дырэктара мясакамбіната.
«І я што, буду трываць, калі хтосьці ў мяне на вачах крадзе?! Ніколі не буду цярпець! Пры тым я ўжо 20 гадоў усіх папярэджваю пра гэта. Іншага не будзе. І заўсёды кажу: мужыкі, калі вы ўбачыце, што я нешта ўзяў у дзяржавы, скраў - крадзіце. Але калі ў вас няма такіх фактаў і вы ведаеце, што ні я нічога не скраў, ні мая сям’я — я нікому не дарую».
«Ну няўжо дырэктару мясакамбіната чагосьці не хапае, груба кажучы?! — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тут палітыка будзе толькі ўзмацняць жорсткасць. <…> за карупцыю іх ніхто не выпусціць. За карупцыю будзеш трубіць усё жыццё. Тым больш заканадаўства становіцца больш жорсткім».
Дырэктарам мясакамбіната ў той час быў Анатоль Грышук. У 2010 годзе ён ужо трапляў у поле зроку сілавікоў і нават быў арыштаваны па абвінавачванні ў карупцыі, але пазней быў вызвалены і спакойна дапрацаваў да выхаду на пенсію ў 2019 годзе.
За апошнія гады ў трох выпадках прадстаўнікоў кіраўніцтва «Гродзенскага мясакамбіната» судзілі за карупцыю. Топ-менеджары атрымлівалі прысуды ў 2020, 2019 і 2017 годзе.
Красавік 2020. Адзін з кіраўнікоў Гродзенскага мясакамбіната асуджаны за хабар, злоўжыванне службовым становішчам і крадзеж. Кіраванец займаўся заключэннем дамоваў на пастаўку частак і камплектуючых для абсталявання завода. За некалькі месяцаў ён атрымаў ад пасярэднікаў больш за $ 5000, кажуць праваахоўнікі.
Люты 2019. За хабар у буйным памеры ў 19 000 рублёў начальніка тарнага ўчастка Гродзенскага мясакамбіната прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Мужчына на 5 гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Студзень 2017. За крадзяжы затрымалі «службовую асобу» Гродзенскага мясакамбіната і кіраўніка прыватнага гандлёвага прадпрыемства Гродна. Іх падазравалі ў тым, што з 2013 па 2016 год яны ладзілі закупку для патрэб мясакамбіната па заведама завышаных цэнах праз створанае для крадзяжоў прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства. Яны скралі парадку 83 тысяч рублёў. Далейшы лёс крымінальнай справы не ясны.
«<…> У вас павінны быць польскія і літоўскія прамыя інвестыцыі, а не шмыргаючыя туды і назад праз мяжу чаўнакі», — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, амаль трэць насельніцтва ў прыгранічных раёнах нідзе толкам не працуе і жыве за кошт паездак у суседнія краіны Еўропы.
«Чаго гэта варта, што мы спараджаем? Пакаленне спекулянтаў, якое плодзіць ценявую эканоміку? Ад такіх „прадпрымальнікаў“ годных інвестыцый не дачакаешся», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У красавіку 2015 года Лукашэнка падпісаў «Дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне, якія жывуць на тэрыторыі краіны, і людзі без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, ці ўдзельнічалі менш 183 каляндарных дзён за мінулы год,
абавязаны былі выплаціць дзяржаве збор у памеры 20 базавых велічынь.
Дэкрэт справакаваў масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне. У Гродне прайшлі «Маршы недармаедаў». Актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымалі штрафы. Палітолаг Аляксандр Класкоўскі казаў BBC, што ўлады міжволі спрыяюць вылучэнню лідараў другога эшалона і новых, нечаканых фігур. Ён таксама адзначаў палітызацыю пратэсту.
12 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, які ўнёс змены ў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Быў удакладненых спіс тых, хто вызвалены ад выплаты збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў.
22 чэрвеня 2004 года. Лукашэнка прыехаў на адкрыццё мемарыяльнага комплексу воінам Беларускай пагранічнай акругі ў Гродне.
7 лютага 2001 года. Лукашэнка прыехаў у Гродна на пахаванне Аляксандра Дубко, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Інфармацыі аб тым візіце няшмат.
«Белгазета» напісала пра прыезд так: «Відавочцаў ж здзівіла тое, што прэзідэнт прамаўляў развітальную прамову на плошчы Леніна ў дрэнна наладжаны мікрафон і ў натоўпе раз за разам чуліся воклічы кшталту „а што ён сказаў?“. Пасля мітынгу труну з целам пастаўвілі на лафет, і бронетранспарцёр па пешаходнай вуліцы Савецкай павёз яго ў бок аднайменнай плошчы, хоць дамы пенсійнага выгляду лічылі, што „трэба было б у царкву“. Па абодвух баках вуліцы быў выбудаваны жывы калідор з гродзенскіх старшакласнікаў, якія кідалі кветкі пад колы бронетранспарцёра: кожная школа ў загадным парадку абавязаная была выставіць 100 чалавек. Пахавалі Аляксандра Дубко ва ўрочышчы „Сакрэт“ на закрытых гарадскіх могілках».
Пасля смерці Аляксандр Дубко атрымаў другую зорку «Героя Беларусі» — гэта дзяржаўная ўзнагарода, вышэйшае званне, якое прысвойваецца за заслугі, звязаныя са здзяйсненнем подзвігу. У 2010 годзе ў яго гонар назвалі ў Гродне вуліцу.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…