Надакучыла песня бензакасы пад вокнамі? То варта бліжэй пазнаёміцца з гарадскімі лугавымі газонамі. Такі газон косяць адзін – два разы за сезон. З дапамогай агранома Вольгі Верамеенкі Hrodna.life сабраў падрабязную інструкцыю па стварэнні лугавога газону: ад падрыхтоўкі глебы да сакрэтаў дызайну.
Проста кінуць насенне ў зямлю — не працуе
Галоўная памылка — “забіць” на падрыхтоўку зямлі для пасадкі. “Калі ў вас ужо ёсць газон і вы хочаце проста насенне пасеяць, у вас нічога не атрымаецца. Трава заглушыць усё”, — кажа Вольга.
Што трэба зрабіць:
- Цалкам зняць дзёран.
- Перакапаць зямлю. Старанна выбраць карані шматгадовага пустазелля: дзьмухаўцоў, пырніку.
- Выраўняць дзялянку.
- Паліць перакопаную глебу.
- Прыкатаць або ўтаптаць зямлю.
Шмат угнаенняў кідаць у глебу не варта. “Калі глеба багатая на арганіку, то будзе шмат зялёнай травы і мала кветак”, — кажа Вольга.
З чаго пачынаецца квітнеючы луг, ці як выбіраць насенне
Навічкам лепш не эксперыментаваць з самастойным змешваннем насення, а купіць гатовыя сумесі. Яны так і называюцца “Квітнеючы луг”. Правярайце, каб у складзе былі адналетнікі і шматгадовыя травы.
Адналетнікі, накшталт валошак, макаў, лёну, будуць квітнець ужо ў першы год. Пасля красавання яны скінуць насенне на глебу і такім чынам будуць штогод самааднаўляцца. Шматгаговікі ў першы год будуць нарошчваць карані, зялёную масу і не заквітнеюць напоўніцу.
Вада і спанбонд: як дапамагчы насенню хутчэй узысці
Глебу падрыхтавалі. Насенне купілі. Пераходзім да іх злучэння:
- Змяшайце насенне з дробным пяском у прапорцыі 1:3. Гэта дапаможа раўнамерна размеркаваць яго па глебе, бо зярняткі лугавых траў вельмі дробныя.
- Пасля пасеву пракаціце валікам, або прытапчыце месца пасадкі.
- Палівайце дзялянку. Пакуль не з’явяцца першыя ўсходы, верхні пласт зямлі павінен быць пастаянна вільготным. Моцны струмень вады вымае насенне. Таму палівайце дробным распыленнем.
- Прыкрыйце месца пасадкі спанбондам. Замацуйце яго па краях камянямі. Так вы абароніце насенне ад птушак, вільгаць будзе трымацца даўжэй і луг узыдзе хутчэй.

Чытайце таксама: Азеляненне без ЖКГ. Як выбраць кветкі для клумбы каля дома
Першы год вайна з пустазеллем, другі — рэжым лянівага садоўніка
У першы год лугавы газон патрабуе шмат увагі. Парасткі дзікіх кветак вельмі далікатныя. Іх трэба даглядаць не менш, чым петуніі. Барацьба з лебядой і асотам стане вашай галоўнай задачай. Трэба ўручную выполваць пустазелле, пакуль кветкі не набяруць моц і не закрыюць зямлю.
“Мы разумеем, як растуць традыцыйныя кветкі. А на лугавой клумбе трэба мець вока эксперта, каб не вырваць лішняе”, — кажа Вольга.
У другой палове лета на вашым лузе з’явяцца сухія расліны, якія ўжо адквітнелі і высахлі. Калі дзялянка невялікая, іх можна прыбраць: давысыпаць насенне з кветак на зямлю, а самі кветкі выдаліць.
Косяць такія газоны адзін – два разы за сезон. У ліпені, калі адцвітуць першыя кветкі, і позняй восенню.
“Кветкі мусяць даць насенне і апасці на зямлю. Калі скасіць рана, на наступны год кветак можа не быць”, — папярэджвае Вольга.
Калі на газоне растуць толькі познія кветкі, касіць трэба адзін раз. Увосень, калі яны адквітнеюць.
“Другі год і далей можна ўключыць рэжым лянівага садоўніка”, — кажа Вольга. Паліваць па патрэбе, падкормліваць мінімальна, касіць 1-2 разы.
Чытайце таксама: Беларусаў пакараюць рублём за клумбы каля пад’ездаў – кветкі і кусты трэба ўзгадніць
Да лугавога газону праз лугавыя клумбы: сакрэты дызайну
Калі вы яшчэ не гатовы да дзікага буйства прыроды на сваім газоне, разбаўце дэкаратыўныя кветкі на клумбе лугавымі раслінамі. Яны прыцягнуць птушак, матылькоў, кузурак і ваша клумба стане больш біяразнастайнай.
Перад пасадкай звяртайце ўвагу на вышыню кветак. Каб на клумбе яны не захіналі адна адну. Вольга прапануе ярусную пасадку.

- Задні план — высокія расліны: космас, мальва, дэкаратыўныя сланечнікі. Выдатна глядзяцца дэкаратыўныя злакі, якія растуць купінамі: аўсяніца шызая, міскантус, пеннісетум.
- Сярэдні план — расліны сярэдняй вышыні: валошкі, лён, рамонкі, нівянік.
- Пярэдні план — нізкарослыя расліны: бурачок, эшольцыя, чабор.
Абавязкова дадайце некалькі буйных акцэнтаў за якія чапляецца вока — гэта шматгадовікі: півоня, лілейнік, высокая хоста. “Гэтая расліны будуць трымаць структуру клумбы, нават калі дробныя травы палягуць ад ветру ці яны дужа не разаўюцца”, — кажа Вольга.
Калі вы шмат гадоў сябруеце з бензакасой і прызвычаіліся да кароткага зялёнага вожыка, то лугавы газон можа вас бянтэжыць. Ён будзе хаатычны. Але хаос лугавых траў — гэта хаос жыцця. Нават калі вы пачатковец, не бойцеся эксперыментаваць. І квітнеючы луг аддзячыць вам за смеласць.
Чытайце таксама: Беласток саджае лугі, а Гродна адналетнікі. Як правільна азеляняць горад?



