Іх радаводы запісаныя, гены замарожаныя, імёны захаваныя. На адпаведнасць вышэйшым стандартам у іх праверана ўсё, аж да валасяных цыбулін. Яны здымаліся ў кіно і заваёўвалі еўрапейскае «золата». Гэта — коні са стайні «Эйтуны» саўгаса «Лідскі». Адна з тутэйшых парод захавалася з часоў Вялікага Княства Літоўскага, другая — адзіная выведзеная ў Беларусі.
Стайню для гадоўлі племянных коней пабудавалі ў Эйтунах у пачатку 90-х. З тых часоў рамантавалі толькі касметычна. Мэтавае фінансаванне конегадоўлі скончылася разам з Савецкім Саюзам.
Паводле нормаў звычайнага саўгаса, племянны маладняк не самы выгадны ў жывёлагадоўлі бізнес. Утрыманне «заслужаных дзядкоў» не прадугледжана наогул — іх трэба здаваць на мяса, не зважаючы на мінулыя дасягненні.
Пра тое, як энтузіясты разводзяць коней і шукаюць раўнавагу паміж эканомікай і этыкай, распавяла Hrodna.life Святлана Юркевіч, заатэхнік па конегадоўлі з Эйтунаў.
Святлана працуе на стайні саўгаса «Лідскі» з 1987 года. Разам з мужам яны прыехалі сюды маладымі спецыялістамі. Мужа прыслалі працаваць трэнерам па конным спорце, Святлану — заатэхнікам па конегадоўлі.
Для коннага спорту пры Саюзе грошай не шкадавалі. «Коней розных [у мясцовай спартыўнай школе] трымалі: тракенаў, голштынцаў, будзёнаўцаў. Там трэніраваліся прафесіяналы. Коней для іх куплялі за мяжой і на найлепшых конезаводах СССР».
Святлане паставілі задачу стварыць пры спартшколе сваю конеферму — практычна з нуля. У гаспадарцы на той час было ўсяго пяць коней у старэнькім хляве.
Для развіцця племянной справы выбралі беларускую запражную і тракененскую пароды.
«Па тых часах такія коні каштавалі шалёных грошай — 15 000 рублёў абыходзілася адна кабыла. Гэта як машына „Волга“ прыкладна».
Тракененская парода коней. Вывелі ў XVIII стагоддзі на конезаводе Тракенен ва Усходняй Прусіі, паблізу Кенігсберга (цяпер Калінінградская вобласць). Гэтых коней пастаўлялі для каралеўскага двара Фрыдрыха Вільгельма I і яго войска. Пасля Другой сусветнай вайны частку коней вывезлі ў СССР на конезавод імя Кірава ў Растоўскую вобласць, другую частку — у Заходнюю Нямеччыну. Тракененскія коні больш за 50 гадоў уваходзяць у топ-20 найлепшых спартыўных парод свету.
Беларускі запражны конь. Аснову пароды заклалі коні конезаводаў XVII стагоддзя, частка якіх размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці - у Вішневе, Крэве, Данюшаве і іншых. Цяпер беларуская запражная — адзіная нацыянальная парода Беларусі.
Пастаянна купляць спартыўных коней было занадта дорага нават для саўгаса-мільянера саюзнага падпарадкавання. Але на племянную працу грошы вылучалі. У Эйтунах былі такія коні, што ў 1996 годзе ўвесь племянны табун здымалі ў кіно.
Да гэтага часу самае любімае кіно Святланы Юрэвіч. «Абавязкова паглядзіце, вельмі добры фільм», — раіць яна ўсім гасцям.
Цяпер у табуне саўгаса «Лідскі» 93 кані. «Усё жыццё я імі займаюся», — Святлана абводзіць стайню позіркам і гатова расказаць пра кожнага тутэйшага насельніка.
«Гэта Напор. Выгадавалі тут, на нашай конеферме. Ён выйграў Чэмпіянат свету сярод вайскоўцаў у Бельгіі. У 90-х пяць гадоў запар быў найлепшай канём Беларусі па канкуры».
«Гэта Закон. Яму 14. Прыгажун з характарам». Закон цяпер — самы знакамітая конь краіны. Ён абсалютны чэмпіён Беларусі сярод жарабцоў-вытворнікаў у намінацыі «Найлепшы племянны конь», пераможца Белагра-2020 і III Рэспубліканскага фестывалю запражных коней. Ад яго нарадзіліся больш чым 50 жарабят.
Тамерлан — ужо зусім дзядуля і ветэран. Яму хутка 30 гадоў. «У апошні час ён ужо і ў возе не ходзіць. Пасвіцца разам з жарабятамі. Ён яшчэ не самы стары. Пластыку, жарабцу-вытворніку, з якога гэтая конеферма пачыналася, было 32 гады».
У тэлефоннай кніжцы Святланы Юрэвіч частка абанентаў пазначаная «падпольнымі мянушкамі». Гэта імёны коней, якіх яны купілі. Цяпер купляюць коней у асноўным прыватнікі - спартсмены або трэнеры. Святлана распавядае, што правярае кожнага, ці ён зможа стварыць для каня прыдатныя ўмовы.
«Неяк тэлефануе адзін, кажа: «Хачу купіць у вас Коржика». Пытаюся:
— Дзе ў вас стайня?
— Няма.
— А для чаго табе конь?
— Хачу дзяўчыне на дзень народзинаў падарыць.
Вось хіба можна яму каня прадаць? Гэта ж не сабачка пакаёвы. Куды яго ў горадзе падзенеш?".
Малады конь са стайні ў Эйтунах каштуе каля $ 2000−3000. Праз некалькі гадоў трэніроўкі іх прадаюць ужо ў дзясяткі разоў даражэй. «І за $ 20 000, і за $ 50 000 нашых коней прадавалі. Калі скача высока або прызы бярэ, то і да $ 100 000 кошт можа падняцца». Каб давесці каня да такога ўзроўню, патрэбныя манежы, спецыялісты, трэнеры. На каняферме такіх умоў і спецыялістаў няма. Тут займаюцца толькі племянной працай і гадуюць маладняк.
«Гэта ж генафонд! — адказвае Святлана на пытанне, чаму важна захаваць гэтых коней. — Падчас вайны і тое захавалі. А цяпер што, вайна? Мы не маем права іх страціць».
Паводле ацэнак Святланы, цяпер па ўсёй Беларусі не больш за сто кабыл-матак тракененскай пароды. З іх каля 30 — у Эйтунах. Яны не менш важная частка агульнай памяці, чым архітэктура, народныя песні ці вышыванкі.
«У першую чаргу наша задача — палепшыць умовы для гэтых жывёл, — кажа Антаніна Мархоцкая, кіраўнічка Лідскага раённага цэнтра па племянной працы. — Трэба рамантаваць дах, мяняць вокны — ім ужо 30 гадоў хутка. У саўгаса на гэта няма сродкаў. Племаабъяднанне вылучае частку грошай для куплі новых кабыл і жарабцоў-вытворнікаў, але рамонт стайняў аплаціць не можа».
Намеснік дырэктара саўгаса па жывёлагадоўлі Вадзім Грынько — ветурач паводле адукацыі. Прыйшоў у гаспадарку два гады таму. «Калі ў першы раз быў у стайні - вялікімі вачыма глядзеў, эмоцыі перапаўнялі, — распавядае ён. — На наступны дзень прывёў сюды жонку і дзяцей — захацелася далучыць сям’ю».
«Раней з коньмі не працаваў, цікава было разбірацца — як утрымліваюць, як разводзяцца, як племянная работа арганізавана», — кажа Вадзім Грынько. Конегадоўля — рэдкая спецыялізацыя ў жывёлагадоўлі. У Гродзенскай вобласці саўгас «Лідскі» — адзіная гаспадарка, дзе займаюцца коньмі. «Усё гэта трэба захаваць і перадаць наступным пакаленням. Тое, што тут [у Эйтунах] стварылі - нацыянальнае багацце. Ім трэба ганарыцца і перадаваць наступным пакаленням».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…