Вялізныя корпусы з пустымі цэхамі, якія стаяць і займаюць месца на карце — вось што часта застаецца ад некалі буйных заводаў, калі іх прадукцыя робіцца неактуальнай. Не заўсёды іх магчыма пераабсталяваць, або гэта патрабуе большых выдаткаў, чым збудаваць новы. Другое жыццё для іх — культурныя кластэры, арт-прасторы, якім пасуе індустрыяльная атмасфера і прасторныя памяшканні.
Пры такім сцэнары збанкрутаваны завод атрымае грошы за арэнду ці продаж, а горад — рост культуры, якой для рэалізацыі не хапала толькі пляцоўкі.
У сучасных гарадскіх арт-прасторах знаходзіцца месца ўсяму: мастацтву, спорту, адукацыі, кіно, музыцы, ежы. Крыху змяніць інтэр'ер, дадаць бары і месцы для сядзення, пафарбаваць ці размаляваць сцены… і пляцоўка гатовая. Перавага такіх памяшканняў у тым, што на вялікай плошчы можа з камфортам змясціцца нашмат больш людзей, чым могуць сабе дазволіць многія клубы.
Глядзіце, як у Беларусі і ў іншых краінах выкарыстоўваюць старыя, ужо непатрэбныя завадскія памяшканні.
Гродна не можа пахваліцца лофтамі. Незапатрабаваная прамысловая архітэктура тут прастойвае або нішчыцца. Неблагі прыклад выкарыстання — былы будынак пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт». Амаль два гады, як фабрыка канчаткова з’ехала з самага цэнтра горада.
Яшчэ некалькі гадоў таму фабрыка выглядала так
Будынак «Акцэнта» пачаткова належаў тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага. Да 1880-х яна ператварылася з невялікага сямейнага прадпрыемства ў буйную вытворчасць і займала цэлы квартал у цэнтры горада. З 1967 года ў будынку знаходзілася вытворчасць пальчатак. Зараз усе памяшканні здаюцца ў арэнду.
Завадская прахадная ператварылася ў лофтавую кавярню «Прахадная», а вялікі будынак і прылеглыя да яго літаральна за пару год напоўніўся жыццём: танцавальныя і фітнэс-залы, некалькі бараў, офісы, фотастудыя.
Адзін з варыянтаў праекта ўнутранага дворыка — прастора для адпачынку
Дызайн-студыя Interio Pro нават распрацавала некалькі праектаў дворыка і ўласнікі паспелі расфарбаваць унутраны фасад былой фабрыкі. Гараджане ацанілі праект, але радавацца давялося нядоўга: будынак лічыцца гістарычным, такія змены не ўзгаднілі і ўсё давялося зафарбаваць у стандартны светла-шэры колер.
Дворык размалявалі ў вясёлыя колеры, але забылі ўзгадніць гэта. Таму ўсё прыйшлося зноў фарбаваць у шэры колер
У будынках былых складоў фабрыкі Шарашэўскіх на Будзёнага цяпер месціцца польскае консульства, безліч офісаў страхавых агенцтваў і турфірмаў, моўныя курсы ды шмат іншага. Гродзенская НДА «Трэці сектар» ладзіць тут адукацыйныя курсы для дарослых, тамсама тут збіраюцца на заняткі студэнты «Універсітэта залатога веку».
Гродзенскаму піўзаводу пашанцавала нашмат менш, хаця патэнцыял вялікі. Гэта комплекс з 14 будынкаў, сярод якіх 3 пабудовы адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У другой палове 19 стагоддзя аўстрыйскі купец Кунц заснаваў тут бровар. Піва выраблялі адно да 2007 года, калі завод, не вытрымаўшы канкурэнцыі, збанкрутаваў.
У 2012 года комплекс выкупіла прыватная кампанія «Экапрамэнерга» пад будаўніцтва гасцініцы, музея піва і міні-бровара. «Інвестары» павывозілі з тэрыторыі метал, а праз пару гадоў будынкі ў іх канфіскавалі. У 2017 годзе, незадоўга да чарговага аўкцыёна, там здарыўся вялікі пажар.
Адзін з эскізаў магчымай рэстаўрацыі завода
Сёлета піўзавод зноў збіраюцца выставіць на аўкцыён.
У сталіцы з лофтамі сітуацыя значна лепшая. Горад звык да іх, і яны сталі расці ў памерах і колькасці. Мінскі культурны хаб ОК16 займае цэхі дарэвалюцыйнага корпуса былога чыгуналіцейнага завода «Энергія» (першасна «Гігант»), які ў савецкі час ператварыўся ў станкабудаўнічы «Минский завод Октябрьской революции» (МЗОР). Завод пачаў здаваць памяшканні з 2010 года.
У 2017 годзе будынак выкупіў «Белгазпромбанк», каб стварыць там інкубатар культурных праектаў і эканамічных інструментаў. Гэта цэхі агульнай плошчай у шэсць з паловай тысяч квадратных метраў: «Мадэльны ўчастак» для культурных інавацый, «Бэкстэйдж», цэх першаснага завода «Гігант» — цяпер тэатральная пляцоўка, некалькі неацепленыхых вялікіх памяшканняў для выстаў і летніх мерапрыемстваў, бар.
Памяшканні былога завода здаюцца ў арэнду, там праходзяць семінары на самыя розныя тэмы, трэнінгі, выставы, канцэрты, фестывалі. Вялікі плюс — зручнае размяшчэнне і блізкасць метро. Каб правесці мерапрыемства, не трэба праходзіць працэдуры зацверджання, расклад і планаванне гнуткія.
Месца «намоленае» актыўнай гарадской моладдзю: ОК16 змяніла тут культурніцкі цэнтр ЦЭХ, які раней арандаваў вялікі завадскі ангар. Перамясціўся сюды ён з іншага напаўнепрацоўнага завода «Ударнік» у цэнтры Мінска, дзе функцыянаваў з 2013 года, і быў хіба адной з першых мінскіх крэатыўных прастор у лофтах.
Цягам дзевяці год Кастрычніцкая ператварылася ў цэлую вуліцу лофтаў у былых завадскіх будынках. Тут пахне свабодай творчасці. Кавярні, культурныя прасторы, вядомыя бары, ёга-студыя… усё ў лепшых традыцыях. Тут праходзіць міжнародны фестываль урбан-арту Vulica Brasil, які пакрыў муры вуліцы вялізнымі мураламі. Дзякуючы яму беларуская сталіца звыкала да стрыт-арту і таго, што вялізныя малюнкі на будынках — не мазня і шкода, а мастацтва.
Гэта не адзіны фестываль Кастрычніцкай. Тут ладзяць фестывалі вулічнай ежы, літаратуры, музычныя ды іншыя. На час фэстаў вуліца робіцца пешаходнай.
Другі вядомы і вялікі мінскі лофт — культурны цэнтр «Корпус» — месціцца на тэрыторыі завода «Гарызонт», у корпусе № 8. І гэта не першы будынак, які вырабнік айчынных тэлевізараў здаў у арэнду пад офісы, творчыя пляцоўкі, кветкавыя крамы і шоў-румы. Квартал завода паступова ператварыўся ў творчы кластар, у якім ёсць нават пастаянны фуд-корт «Песочница».
Першыя савецкія каляровыя тэлевізары сталі збіраць на «Гарызонце» ў 1972 годзе. З 90-х завод пачаў здаваць памяшканні, а ў 2000-х наогул перавёз склады і вытворчыя магутнасці на ўскраіну горада.
На пляцоўцы «Корпуса» пастаянна праходзяць выставы сучаснага мастацтва, канцэрты, вечарыны, фестывалі, адукацыйныя і лекцыйныя праграмы, публічныя дыскусіі, маркеты, кіна і тэатральныя паказы, культурныя і сацыяльныя праекты — плошча дазваляе.
Зараз гарадскі ўрад прыняў рашэнне рэканструяваць будынак, дзе месціцца прастора «Корпус», і корпус 6, які быў «раздадзены» яшчэ раней, пад культурна-адукацыйныя і забаўляльныя цэнтры, а іншы завадскі будынак перарабіць на жылы дом. Зносу падлягае ўвесь завадскі квартал, у глыбіні якога збудуюць гандлёвы цэнтр з падземным паркінгам.
У ідэі перарабіць мінскі «Гарызонт» на лофтавае жытло і офісы беларускія ўлады натхняліся досведам блізкай Вільні. Самая актыўная культурная пляцоўка ў Літве — клуб Loftas. Тут ладзяць найлепшыя жывыя канцэрты знакамітых музыкаў, спектаклі, канферэнцыі, вечарыны да світання.
Loftas займае вялікі будынак электратэхнічнага завода «Эльфа» ў былым завадскім раёне Наўямесціс. Цяпер пра гэта нагадвае назва тутэйшага гастрабара Elfa. Завод з’явіўся ў 1948 годзе, вырабляў рухавікі для лядоўняў, магнітафоны, пацефоны — большая частка прадукцыі ішла на экспарт. У адзін час там было 8300 працоўных, там працавалі сем’ямі, пакаленнямі. Закрыўся ён ў 1993 годзе.
Блізкасць да Старога горада, прасторны ўнутраны дворык і шэраг невялікіх лофтаў побач стварылі ідэальныя ўмовы для творчых кластараў. Клуб аформлены ў лаканічным індустрыяльным стылі. Былыя завадскія цэхі лёгка пераўтвараюцца ў канцэртны клуб, спартовую залу, кінатэатр, лекторый, дзіцячае свята, маркет.
Loftas называюць «фабрыкай мастацтва», гэта і праўда вялікая арт-прастора, дзе нараджаюцца і ўвасабляюцца ідэі, адукацыйныя мерапрыемствы, канцэрты, барахолкі. З 2012 годзе тут выступалі і забароненыя ў Беларусі музыкі, збіраючы поўныя залы беларусаў і не толькі. На канцэрт «Крамбамбулі» прадалі пяць тысяч квіткоў.
Дзякуючы плошчы і падзяленню прасторы, на штогадовым фестывалі гарадской культуры Loftas-фэсце працуе шмат сцэнаў адначасова, змяшчаецца фуд-корт, кірмаш і актыўнасці на розны густ. Гэта добры прыклад таго, як можна прыстасаваць закінутыя плошчы пад шматкампанентны фестываль. Атмасфера Loftas спрыяе розным праявам гарадской культуры не замінаць адна адной і захоўваць уласны каларыт.
«Лофтас Фест» (Loftas Fest) пройдзе 13−14 верасня ў арт-цэнтры Loftas, ул. Švitrigailos 29.
Вас чакае электронная музыка, тэхна, рок, альтэрнатыва, індзі.
Білеты на фестываль ужо ад 17 еўра. Да 15 жніўня — зніжка 20% па промакодзе GO_LOFTASFEST.
У часы СССР рыжскі дзяржаўны электратэхнічны завод ВЭФ (латыш. VEF, Valsts Elektrotehniskā Fabrika) быў найбуйнейшым вытворцам электратэхнічнага абсталявання і бытавой электронікі Латвіі, там працавала 20 000 чалавек. Адсюль выходзілі знакамітыя на ўвесь Савецкі саюз радыёпрыёмнікі і тэлефоны. Пасля развалу Саюза завод не вытрымаў канкурэнцыі, абароты знізіліся. У 1999 годзе завод рэарганізавалі, ён перастаў нешта выпускаць.
Затое на яго тэрыторыі, недалёка ад цэнтра Рыгі, па плошчы роўнай мікрараёну, размясціліся офісы-лофты, кафэ, спорт-клубы, вялікі гандлёвы цэнтр Domina і арт-цэнтр Totaldobže. З цягам часу з аб’яднання мастакоў ён ператварыўся ў буйны культурны цэнтр, які ладзіць фестывалі сучаснага мастацтва, выставы, канцэрты, паэтычныя конкурсы, мультымедыйныя прэзентацыі, перформансы і мноства іншага. Мерапрыемствы прыносяць неблагі прыбытак.
Квартал Ротэрман у Таліне радуе аматараў архітэктуры і прыцягвае турыстаў. Кварталу пераваліла за 200 гадоў. Тут быў зернавы элеватар, млын, саляны склад (па прозвішчы яго ўласніка названы квартал) з плітняка — будынак захаваўся. Пазней з’явіліся хлебзавод, гарэлкавая фабрыка, выраблялі палатно і фарфор. У Савецкі час квартал пачаў руйнавацца, тут здымалі «Сталкера» Таркоўскага.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Эстоніі квартал узялі пад ахову, старыя фабрыкі Rottermann перабудавалі, ператварыўшы былы комплекс заводаў у офісы, крамы і рэстаранчыкі.
Тэлісківі — Telliskivi Creative City — квартал былога савецкага завода імя Калініна. Пераўтварацца ў арт-квартал ён пачаў у 2007 годзе. Праз пару год там з’явіўся талінскі кінафестываль «Чорныя ночы», штотыднёвы блышыны рынак і скейт-парк, пасля — клубы, бары.
Цяпер гэта «творчы гарадок» — комплекс будынкаў, у якіх месцяцца крэатыўныя пляцоўкі, крамы дызайнерскага адзення і прадметаў інтэр'ера, кнігарня, некалькі кавярняў з незвычайным інтэр'ерам, офісы медыя, дызайнераў, стартапаў. Прастора паміж будынкамі запоўнена арт-аб'ектамі і летнімі пляцоўкамі. Тут ужываюцца культура і бізнес. Штогод тут праходзіць каля 600 канцэртаў і іншых мерапрыемстваў і амаль мільён наведнікаў.
Надзвычай багаты на культурныя прасторы ў індустрыяльных будынках Берлін, а лофтавыя бары і клубы не пералічыць. Хаўс Шварцэнберг (Haus Schwarzenberg) — двор старой фабрыкі, дзе падчас другой сусветнай працавалі сляпыя і глуханямыя яўрэі. Уласнік фабрыкі ўсімі праўдамі і няпраўдамі ратаваў іх ад смерці, падкупаючы нацыстаў. Цяпер тут пануе альтэрнатыўная культура і стрыт-арт.
У вялізным будынку нядзейнага цяпер аэрапорта Тэмпельгоф (Tempelhof) 1923 года праходзяць выставы і фестывалі, а на полі былога аэрапорта ўтварыўся гарадскі парк.
Гамбургер Бангоф (Hamburger Bahnhof) — значны ў Еўропе музей сучаснага мастацтва ў будынку былога вакзала, з працамі Эндзі Уорхала і Роя Ліхтэнштейна.
Клуб Berghain — культавы для аматараў тэхна-культуры, размясціўся ў былой электрастанцыі. У памяшканні з 18-метровымі столямі могуць змясціцца адначасова каля палутара тысяч чалавек.
Бліжэйшы да нас прыклад выдатнага пераўтварэння былой прамысловай забудовы — віленскі Loftas. Самы лепшы спосаб пазнаёміцца з гэтай пляцоўкаў - паездка на Loftas Fest, які адбудзецца ўжо ў верасні. Там можна адпачыць і натхніцца на тое, каб і ў Беларусі пераўтвараць закінутыя пляцоўкі ў культурныя цэнтры.
ТАА «Ірвінга Група»
УНП 191 751 509
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…