Больш за 200 літоўскіх грузавікоў зніклі на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ каля 1000 знаходзяцца фактычна ў закладніках — Беларусь адмаўляецца адкрываць для іх эвакуацыйны калідор праз закрытыя межы. Перавозчыкі губляюць па 1000 еўра за дзень, а вадзіцелям зніклых велікагрузаў пагражаюць штрафамі. Рэдакцыя Hrodna.life разбіралася, што адбываецца паміж дзвюма краінамі і як спрабуюць вырашыць «грузавы» канфлікт.
Што адбываецца і каго яшчэ прапускаюць праз літоўскую мяжу?
26 кастрычніка Літва часова закрыла пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Прычына — аэрастаты з цыгарэтамі, якія запускаюць кантрабандысты.
Праз тры дні ўлады суседняй краіны абвясцілі, што абмежаванні працягнуцца як мінімум месяц, але з выключэннямі для асобных катэгорый падарожнікаў. Цалкам спыніў працу пункт пропуску Шальчынінкай — Беняконі.
Праезд праз Мядзінінкай — Каменны Лог застаецца абмежаваным. Перасякаць мяжу праз яго могуць дыпламаты і перавозчыкі дыпламатычнай пошты, грамадзяне Літвы і члены іх сем’яў, грамадзяне краін ЕС, ЕЭЗ і НАТА, уладальнікі літоўскага ВНЖ (від на жыхарства) і гуманітарных віз, а таксама асобы, якія едуць паводле спрошчанага транзітнага дакумента.
Чаму ў Беларусі застаюцца літоўскія грузавікі
На пачатку лістапада стала вядома, што на тэрыторыі Беларусі аказаліся «заблакіраванымі» 4,5 тысячы транспартных сродкаў — ад 1,5 да 2 тысяч грузавікоў і каля трох тысяч паўпрычэпаў. Ім, пасля рашэння Літвы аб закрыцці межаў, абмежавалі рух па тэрыторыі Беларусі — перасякаць мяжу яны маглі толькі на беларуска-літоўскім участку, які і быў закрыты.
Пазней Беларусь пагадзілася выпусціць грузавікі, якія захраслі, праз пагранічны пераход Мядзінінкай. Там за суткі з 6 на 7 лістапада праехала 218 грузавікоў — амаль у 2,5 разы больш, чым звычайна прапускаюць праз гэты пункт пропуску.
Аднак тут усплыла яшчэ адна праблема. Беларускія службы прапускаюць літоўскія грузавікі і грамадзян назад толькі праз тыя пагранічныя пункты, праз якія яны раней заехалі, што ўскладніла вяртанне транспарту ў Літву. Пра гэта заявіў прадстаўнік Міністэрства транспарту Літвы Дзмітрый Бялас.
Таму ў Беларусі на дадзены момант застаецца больш за 1200 грузавікоў на літоўскіх нумарах.

Як Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на сітуацыю з літоўскімі фурамі
10 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па ягоным асабістым загадзе і пад кіраўніцтвам дзяржсакратара Савета бяспекі ўсе літоўскія аўтамабілі на памежных пунктах сабралі і ўзялі пад ахову.
— Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 еўра за суткі. Заплацілі за ахову. Колькі сутак будуць стаяць — памножыць на 120 еўра, — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў бліжэйшыя некалькі дзён гэтага не будзе зроблена, мы прымем рашэнне, як МЗС заявіў, у адпаведнасці з нашымі законамі. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны не могуць боўтацца на дарогах — 1100 ці 1200 аграменных фур, якія стаялі недзе там на дарозе, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ён даў асобнае даручэнне ў дачыненні да вадзіцеляў літоўскіх велікагрузаў, каб іх «не крыўдзілі», і паабяцаў, што іх «даставяць прама ў пункт пропуску на мяжу». Калі ж вадзіцелі не хочуць з’язджаць — «могуць начаваць у сваіх аўтамабілях, як яны гэта рабілі на дарозе, ці ж у гасцініцах».
Раней віцэ-прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў «Linava» Алег Тарасаў расказаў, што кожны дзень чакання абыходзіцца прыкладна ў тысячу еўра для аднаго літоўскага грузавіка. За першы тыдзень лістапада літоўскія перавозчыкі заплацілі ў бюджэт Беларусі каля 5 млн еўра за паркоўку сваіх транспартных сродкаў.
Колькі літоўскіх фур стаіць на пляцоўках Гродзенскай вобласці і якія штрафы пагражаюць кіроўцам
Да 13 лістапада на спецыяльных пляцоўках у Гродзенскай вобласці размяшчаецца 1045 літоўскіх фур, паведаміла беларуская мытня:
- «Бераставіца» — 429 грузавікоў,
- «Беняконі» — 166,
- «Котлаўка» — 348,
- «Каменны Лог» — 102.
«Яшчэ па больш чым 220 літоўскіх фурах, 140 з якіх знаходзяцца на ўзбочынах дарог паблізу пунктаў пропуску, ДМК і МУС праводзяць работу па пошуку вадзіцеляў і забеспячэнні дастаўкі грузавікоў на абсталяваныя для гэтага месцы», — паведамляе беларуская мытня.
Ведамства папярэдзіла, што вадзіцелям, якія «наўмысна» не прыбудуць ва ўстаноўленыя тэрміны на спецыяльныя пляцоўкі, пагражае штраф «у максімальным памеры» паводле арт. 24.3 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) — да 100 базавых велічынь (каля 4200 рублёў).

Рэакцыя Літвы на блакаванне грузавікоў: перамовы і эвакуацыйны калідор
12 лістапада прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што краіна атрымала афіцыйны ліст ад Беларусі з прапановай пачаць перамовы па сітуацыі з грузавікамі.
«Атрыманы ліст аб пачатку перамоў, мы яго разгледзім і прымем адпаведныя рашэнні. Праца працягваецца і ідзе інтэнсіўна, (…) мы проста не можам публічна абмяркоўваць некаторыя аспекты», — заявіла яна.
Таксама стала вядома, што некалькі дзён таму Літва звярталася да Беларусі з просьбай адкрыць эвакуацыйны калідор для сваіх грузавікоў, але атрымала адмову.
«Сёння (серада, 13 лістапада, — Hrodna.life) атрыманы адказ беларускіх пагранічнікаў на літоўскі ліст. Згода на адкрыццё эвакуацыйнага калідора для літоўскіх і еўрапейскіх перавозчыкаў не атрымана, нашы кампаніі па-ранейшаму знаходзяцца ў закладніках», — заявіў дарадца прэм’ер-міністра Літвы Ігнас Альгірдас Дабравольскас.

Перавозчыкі хочуць пратэставаць у Брусэлі, а ім раяць у Беларусі
Раней Асацыяцыя аўтаперавозчыкаў Літвы (Linava) разглядала магчымасць правесці акцыю пратэсту ў Літве і Бруселі.
На гэта міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што больш лагічным крокам было б правесці іх у Беларусі, якая не адпускае фуры.
«Беларусь закрывае, але пратэстуем у Літве. Я думаю, яны маглі б пратэставаць і ў Беларусі. Гэта не мы іх не выпускаем, а беларусы не выпускаюць, таму пратэставаць там было б для іх лагічным і правільным крокам. (…) Вядома, я, магчыма, трохі перабольшваю, але адначасова трэба глядзець на ўсе праблемы. Нельга забываць, што гэта нашы літоўскія прадпрыемствы, і мы павінны прасачыць, каб яны вярнулі сваю маёмасць — фуры і паўпрычэпы», — заявіў Кандратовіч літоўскім журналістам у сераду.
Гаворачы пра бягучую сітуацыю, ён заявіў, што Літва магла б прапанаваць Беларусі арганізаваць сустрэчу пагранічнікаў абедзвюх краін. Паводле яго слоў, з боку Беларусі, якая «ажыццяўляе гібрыдную атаку», заўважныя станоўчыя сігналы.


