Актуальная сусветная літаратура, чытанні вершаў, тэматычныя віктарыны і ірландскія спевы. У этнакраме “Цудоўня” прайшоў літаратурны фестываль “ПЕРА-k-ЛАД”. Падтрымала ініцыятыву грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
У фестывалі ўдзельнічалі Надзея Кандрусевіч, перакладчыца дзіцячых кніжак са шведскай мовы, Марыя Мартысевіч з кнігамі серыі “Амерыканка” і Андрэй Хадановіч. Падчас музычнай часткі Алесь Дзянісаў выканаў песні на вершы ірландца Уільяма Батлера Ейтса.
Фестываль падобнага фармату для Гродна – з’ява новая. Hrodna.life паразмаўляў з арганізатарамі пра паспяховасць і перспектывы іх праекта.
https://www.youtube.com/watch?v=Ge4MnoTxdDk&feature=youtu.be
Не атрымалася зладзіць падчас фестывалю – зрабілі зараз
Пачаткова ідэя арганізаваць падобную літаратурна-музычную вечарыну з’явілася яшчэ вясною. Па словах Андрэя Несцяровіча, арганізатара імпрэзы, планавалі зрабіць “Літаратурны падворак” яшчэ ў межах Фестывалю нацыянальных культур. Але не пашанцавала: выканкам адмовіў па прычыне… правядзення ў гэты дзень Фестывалю. Ад ідэі вырашылі не адмаўляцца і папросту перанеслі мерапрыемства на іншыя даты.
https://www.youtube.com/watch?v=SM4oPZ_pPSw
Спантанна – не значыць кепска
Чатыры выступоўцы, больш за дзясятак кніг і… тры дні на падрыхтоўку. Хоць ідэя імпрэзы з’явілася некалькі месяцаў таму, вызначыцца і дамовіцца з выступоўцамі атрымалася толькі на гэтым тыдні. Нягледзячы на гэта, фестываль сабраў каля 50 зацікаўленых гродзенцаў. “Для перакладніцкага фэсту, які праходзіць у першы раз, падрыхтаваны за вельмі сціслыя тэрміны, па-мойму, вельмі неблагі вынік”, – заўважае Андрэй.
Ад перакладаў да беларускамоўнай літаратуры ўвогуле
У планах арганізатараў – не спыняцца на адной імпрэзе і зрабіць літаратурны фестываль пастаяннай з’явай. Гэтым разам абмежаваліся перакладной літаратурай. Але ў наступныя гады гэтыя рамкі могуць быць пашыраныя да літаратуры па-беларуску ўвогуле. Магчыма, зменіцца і назва мерапрыемства. Аднак нефармальная атмасфера, беларускамоўнасць і ўхіл на актуальную літаратуру застанецца нязменным.
– Фестываль – гэта свята, – кажа Андрэй. – Гэта падзея, на якую людзі прыходзяць, каб даведацца нешта цікавае і парадавацца. Гэта падзея, якая дорыць людзям добры настрой. Таму фармат фестывалю можа быць вельмі вольны. Будзем эксперыментаваць.

















