Гей скандал у СК, весялковы сцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі, радыёвядоўца-гамафоб і заявы МУС пра “падробку”. Столькі ўвагі да ЛГБТ-супольнасці цягам аднаго месяца ў Беларусі цяжка ўзгадаць. Hrodna.life распытаў ЛГБТ-асоб з нашага горада, як ім жывецца ў Гродне і як яны ставяцца да апошніх падзей.

Чытайце яшчэ:  Чуткі пра гей-скандал у Следчым камітэце патрапілі ў СМІ

Ліза, 20 год, лесбіянка. “У мяне спакойнае, але насычанае жыццё”

Асноўны час Лізы зараз займае адукацыя – дзяўчына  вучыцца ў адным з Гродзенскі СУЗаў, на “бюджэце”. Паралельна падпрацоўвае – займаецца музыкай з дзецьмі. Амаль увесь вольны час прысвячае музыцы – грае ў рок-гурце. Зараз у планах Лізы – экзамены і некалькі гадоў адпрацоўкі. Пасля дзяўчына плануе шчыльна заняцца музычнай кар’ерай і марыць стаць зоркай рок-н ролу.

Ці была праблема

Са словаў Лізы, асэнсаванне сваёй адметнасці прышло ў падлеткавым ўзросце, каля 13 гадоў. Спачатку дзяўчына была ў разгубленасці: “Як так выйшла, што мне спадабалася сяброўка? Але з цягам часу пачала даведвацца аб гэтым “захапленні” больш і ўсвядоміла, што адбываецца”.

З бацькамі ў Лізы добрыя стасункі. На той момант, калі дзяўчына наважылася абмеркаваць з мамай наспелыя пытанні, высветлілася, што яны самі ўсё зразумелі. “Ніякіх “ты нам больш не дачка” не было. Паставіліся вельмі спакойна і з разуменнем. Бацькі ў мяне людзі  адукаваныя, ды і ў інтэрнэце сядзяць, бачаць што адбываецца ў свеце. Так бы мовіць, ідуць у нагу з часам”.

Мне пашанцавала

Ліза шмат падарожнічае аўтаспынам, любіць пазнаваць свет, знаёміцца з новымі людзі. Чаго не любіць – дык гэта загадвання наперад. “Жыву паводле прынцыпу “тут і зараз”. Так, мяне не вабяць хлопцы. Спробы завесці “нармальныя” стасункі не мелі поспеху і доўжыліся не больш за тыдзень.

Чытайце яшчэ:  Гродзенскі радыёвядучы Дзмітрый Чэкан: «Я жудасны гамафоб»

Праблемаў праз сваю адметнасць дзяўчына таксама не адчувае. Кажа – пашанцавала са знаёмымі і сябрамі. Калі яны даведаліся пра яе арыентацыю, то не адвярнуліся, з усімі захаваліся добрыя стасункі. “Ніхто ніколі супраць мяне нічога не казаў і агресіі не праяўляў”.

Пра гей-скандал

Ліза кажа, што пасля паведамленняў у прэсе пра  так званы “гей-скандал” пытанні ЛГБТ-супольнасці сталі больш абмяркоўвацца ў яе акружэнні. Сама дзяўчына лічыць, што праблема сітуацыі зусім не ў сэксуальнай арыентацыі людзей.  “Чытала гэты артыкул. Думаю, што нават калі б на працоўным месцы заспелі за “амурнымі справамі” натуралаў, усё роўна б звольнілі. Але каментары пад артыкулам былі жудаснымі. Сумна разумець, што большасць нас нават за людзей не ўспрымае. МУС палічыла “падробкай”.  Паўсюль ненавісць і непаразуменне. За што такое стаўленне? Я, напэўна, ніколі не зразумею гэтага”.

Такія людзі ёсць паўсюль

“З развіццём інтэрнэту ўсё стала прасцей. Ёсць суполкі, дзе людзі знаёмяцца, шукаюць сабе партнёра. Раней збіраліся ў пэўных месцах, цяпер такога няма – ХХІ стагоддзе. Але нават сёння ў Гродне захавалася адна ЛГБТ-фрэндлі кавярня, дзе часта можна сустрэць людзей “у тэме”.

Са словаў Лізы, у кожнага сярод знаёмых ёсць асобы з ЛГБТ-супольнасці. Аднак падлічыць дакладную іх колькасць немагчыма. Ці не кожны другі стараецца гэта прыхаваць.

Гродна пад "вясёлкавымі" сцягамі: ЛГБТ-гродзенцы пра сваё жыццё, адносіны грамадства і скандал у СК

Эдзік, 19 гадоў, гей. “Хачу ствараць мульцікі”

Эдуард вучыцца на завочным аддзяленні аднаго з гродзенскіх універсітэтаў і працуе кур’ерам. Цікавіцца жывапісам, фотаграфіяй і сацыялогіяй. Хоча звязаць сваё жыццё з маляваннем і прысвяціць сабе анімацыі і мультыплікацыі. На вучобе і на працы пакуль ніхто не здагадваецца, што хлопец мае гомасэксуальную арыентацыю.

“Я заўжды ведаў, што я – такі. Цалкам зразумеў гэта ў перыяд палавога саспявання. Дзяўчаты мяне ніколі не вабілі ні ў сэксуальным, ні ў рамантычным плане. Іх у маім жыцці ніколі не было”.

Бацькі хлопца даведаліся пра яго адметнасць выпадкова. На дысплэі камп’ютара маці пабачыла яго перапіску з хлопцам. Пасля прапанавала пагаварыць і сказала, што ўсё ведае і прымае такім, як ёсць. “Яна абняла мяне і сказала, што любіць. І каб я не хаваў ад блізкіх свае перажыванні”.

“У адкрытую тут не выжыць”

“Так атрымалася, што я трапіў у талерантную кампанію, таму сябры, каторыя ведаюць пра маю арыентацыю, нармальна да мяне ставяцца”.

Сярод проста знаёмых – людзі розныя. “Я пра гэта не гавару, бо не ведаю, якой можа быць рэакцыя. Можа, нехта ўвогуле не захоча мяне больш ведаць. Высвятляць гэта не хочацца. Прыкра разумець, што ў тваім атачэнні ёсць людзі, каторыя судзяць пра асобу па тым, хто з кім спіць”.

Яшчэ адзін доказ на карысць такой пазіцыі Эдзіка – апошнія навіны. “Сёння МУС называе нас “падробкай”, а заўтра што? Будуць даваць ліцэнзію на адстрэл? Калі адбываюцца падобныя скандалы, нават рукі апускаюцца. Не зразумела, як далей жыць. Хацелася б верыць, што, як і ва ўсіх дэмакратычных краінах, нашы правы будуць абаронены”.

Свая тусоўка

Са словаў Эдзіка, ЛГБТ-тусоўкі ў нашым горадзе ў асноўным лакальныя. Для знаёмстваў карыстаюцца спецыяльнымі мабільнымі дадаткамі.

Хлопец распавёў, што ў адной з закрытых груп у сацыяльных сетках летась было каля 3000 хлопцаў-геяў. Дзяўчат, яго меркаваннем, таксама не менш.

Тое, што такая значная частка грамадства пазбаўлена магчымасці заключаць шлюбы, Эдзік лічыць “чыстай дыскрымінацыяй”. “Мне проста ў галаву не прыходзяць прычыны, па якіх забараняюць шлюб у аднаполых парах”.