«Я не думаю, што ўзнагарода шмат зменіць для мяне асабіста. Гэта добрая сімвалічная падтрымка беларусаў, якая патрэбна сёння, у часы, калі беларусы сутыкаюцца з непаразуменнем за мяжой, — расказала Леся Руднік для Telegram-канала „Тётя Ира Разрешила“. — Галоўная змена з моманту анонсу ўзнагароды — маса добрых словаў. Ніколі не чула столькі добрых словаў у свой адрас ад такой колькасці людзей. Ну, без хейту таксама не абыйшлося, але гэта цана публічнасці».
Леся Руднік — дзяўчына, што нарадзілася, расла і скончыла школу ў Гродне, а сёлета была ўганаравана звання «Еўрапеец года — 2022». Пра тое, як побач з намі з’явілася такая асоба, цёця Іра пагаварыла з самой Лесяй і яе маці, Ланай Руднік. Размова атрымалася вельмі жаночая і нефармальная — Лана расказала, як гадавалася дачка, а Леся — пра дарослае жыццё, шлях у навуцы і стаўленне да жаночай прыгажосці.
Леся Руднік: Шчыра, у дзяцінстве я не мела адной мары. Як у любога дзіцяці, мары змяняліся кожны месяц. Я шмат год займалася танцамі, таму хацела мець сваю танцавальную школу і танцавальную краму, дзе танцоры змогуць набыць усё патрэбнае: ад шкарпэтак да абутку і заколак у валасы.
Потым я хацела быць журналісткай, бо па пятах хадзіла за бацькамі на іх трэнінгі па журналістыцы. Паспрабавала сябе ў журналістыцы ў 13 гадоў, калі рабіла радыё перадачу «Стыль Жыцця» і пісала навіны на сайт «Твой Стыль» (цяпер Hrodna.life). У бок паліталогіі, а не журналістыкі, я паглядзела пасля курсу грамадазнаўства ў гарадзенскім ліцэі, дзе мы шмат размаўлялі пра дзяржкіраванне і палітыку. Курс вёў выкладчык, у якога, як мне казалі, немагчыма атрымаць дзясятку. Пасля першай дзясяткі за чвэрць я зразумела, што мне не проста цікава — я таксама нешта разумею.
У 11 класе я думала, пайсці ў ін'яз [Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт — Hrodna.life] ці ў ЕГУ. Вырашыла ў ЕГУ.
Падумала, што журналісцкі вопыт можна заўсёды здабыць, а зараз трэба займацца адукацыяй. Паліталогія была адзінай з цікавых мне там праграм. У прынцыпе, з 17 год, калі гэтая думка з’явілася, я ад абранага шляху не адыходжу.
Як беларуска, я зацікаўленая ў паляпшэнні палітычнага клімату ў роднай краіне. Не абавязкова для таго, каб вярнуцца туды. Маё рашэнне з’ехаць было прынята яшчэ задоўга да жорсткіх рэпрэсій. Хутчэй для таго, каб адчуваць, што прынесла карысць месцу, дзе нарадзілася. Пакуль гэта карысць не настолькі практычная, але спадзяюся, з цягам часу Беларусь дачакаецца пераменаў.
Лана Руднік, маці Лесі: Узгадваю выпадак, калі мы не маглі вызначыцца, на якую спецыялізацыю нам паступаць у гімназію. Маляванне, музыка, танцы ці тэатр? Вырашылі паспрабаваць на ўсе чатыры — куды возьмуць. Прайшлі іспыты і сталі чакаць рашэння. Самае цікавае пачалося пазней — калі нас прынялі на ўсе чатыры і тады ўжо мы не адкруціліся ад выбару. Прыйшлося на сямейную нараду падключыць і бабулю з дзядулем. Кожны выказваў сваё меркаванне. Але ўрэшце тата з дачкой вырашылі абраць танцавальную спецыялізацыю.
Гэта было вельмі няпроста. Увесь дзень быў распісаны па гадзінах: танцы-танцы-агульнаадукацыйная школа-канцэрты-выступы.
Пасля Леся стала займацца музыкай. Мы з мужам стараліся падтрымліваць захапленні нашай дачкі. Адзін з дарагіх падарункаў, за які яна ўдзячная нам — сінтэзатар, які мы набылі з дапамогай яе настаўніка музыкі, гарадзенскага кампазітара Кебіча. Яна ў вольны час ад урокаў і танцавальных заняткаў бегала да яго, каб займацца музыкай.
— Здравствуйте! У Вас такая хорошая доченька — всегда поздоровается и спинку держит ровно, — казала мне наша суседка па пад’ездзе. Я шчыра радавалася такім характарыстыкам.
Танцы, на маю думку, навучылі яе ў прамым і пераносным сэнсе «трымаць спінку роўна» — навучылі сябраваць, навучылі працаздольнасці і пераадоленню, навучылі не баяцца быць на публіцы.
Леся Руднік: Бацькі ўплывалі на мяне ва ўсім і па рознаму. У першую чаргу тым, што распавядалі, што добра, а што кепска. Разумелі і церпяліва тлумачылі ўсе падзеі ў краіне, у тым ліку тыя, пра якія непрыемна было распавядаць. Напрыклад, пра тое, як мама паехала на Плошчу-2006 у Мінск. Я не хацела, каб яна ехала, але выслухаўшы тлумачэнне, чаму так трэба, пагадзілася і адпусціла.
Галоўны ўплыў - гэта свабода выбару. Мне не забаранялі, дазвалялі крэатыў, мае поспехі хвалілі, а паразы вучылі называць вопытам.
Лана Руднік, маці Лесі: Паколькі Леська, як і многія дзеткі, была вельмі цікаўная і задавала тысячы пытанняў, то адна з любімых гульняў - пытанні-адказы. Дзеці часта задаюць такія пытанні, што ты нават не можаш уцяміць, як на яго адказаць. Мы разам шукалі адказы. Разам чыталі, малявалі, спявалі песні. Яшчэ яны з Вітаўтам любілі падчас доўгіх паездак вывучаць сталіцы розных краінаў. Яна ў свае 10 гадоў ведала многія сталіцы краін свету.
Адна з любімых кніжак Лесі - вершы Ларысы Геніюш. Мы іх чыталі, вывучалі, абмяркоўвалі.
Любімы мульцік — «Кароль Леў». Мы глядзелі да пэўнага моманту, пасля яна прасіла пераматаць… Момант смерці караля… Не хацела гэтага бачыць. Плакала.
Нейкага любімага ўзросту ў мяне не было. Гэта мой першы і адзіны дзіцёнак і я расла і спазнавала свет разам з ёй. Як толькі яна нарадзілася і мы сустрэліся, я зразумела — гэта самы вялікі цуд, які са мной здарыўся. Ужо тады я зразумела, што мне ніколі не будзе спакою. Я — мама і буду ўвесь час напагатове. Ратаваць, лячыць, слухаць, любіць, шкадаваць. Мне здавалася, што аніхто лепш за мяне яе не дагледзіць. Хаця я на практыцы не ведала, як дзеці гадуюцца, але была ўпэўненая, што зраблю гэта лепш за ўсіх. Я не адчувала стомы (старажыла, аберагала, сачыла). «Ку мамі, ку мамі» — стаяла на падваконні па некалькі гадзінаў і чакала маму са шпіталю.
Шмат смешных гісторый звязана з нашай сумеснай творчасцю. То зайца на сцяне ў калідоры малявалі (атрымаўся тлусты і вельмі смешны), то каровак на люстэрку, то фіялкі на столі. Фантазавалі.
Я, шчыра кажучы, не будавала нейкіх чаканняў адносна будучай дзейнасці нашай дачкі. З дзяцінства ў яе была свабода выбару. І я б прыняла любы яе выбар з разуменнем і павагай. «Абы ты, дачушка, была б добрым чалавекам, а адзнакі няважныя» — часта паўтарала я ў адказ на тое, якую адзнаку яна атрымала на занятках.
Як толькі Леся нарадзілася, я завяла дзённік і фіксавала там нейкія цікавыя факты, выразы. Калі ў яе быў кепскі настрой, яна прыносіла гэты чырвоны сшытак і казала «Мам, пачытай». Мы чыталі і смяяліся. Калі пачаўся падлеткавы ўзрост, я быццам бы выпадкова пакідала розную літарату па псіхалогіі (па адной з адукацый я псіхолаг і мне гэта вельмі дапамагае ў жыцці). Яна пачытвала і аднойчы сказала: «Мамачка, ну пацярпі, гэта хутка скончыцца. Год-два — і я стану больш спакойнай. У тваім часопісе прачытала».
Адзін з яркіх успамінаў, калі аднойчы ранкам яна пазваніла мне і кажа:
«Мамачка, ідзі забяры сабачку. Скуголіць пад пад’ездам суседняга дома. Мы павінны яго выратаваць! Я не магу вярнуцца і прынесці яго, бо я спазнюся на першы ўрок. Ты ж забярэш?»
Я знайшла гэтага чорнага камячка, закруціла ў рушнік і панесла дахаты. Калі ўзяла на рукі, ён проста сціх. І быў цвёрды-цвёрды, як камень. Прынесла, паклала ў каробку ў пакоі. Зазірала. Не варушыўся. Пасля — адагрэўся і пачаў пішчаць. Ну, думаю, дзякуй Богу, жывы. Пасля выклікала таксоўку, павезлі з дачкой да ветэрынара, каб праверыць стан здароўя шчаняткі. Лапы не стаялі на стале, раз’язджаліся, быў вельмі слабы. «Вушы — прастужаныя. Вочы. Вочы. Магчыма, сляпы. Магчыма мікраспарыя. А, не, не мікраспарыя. Проста засохшы бруд. Але, купіце вітаміны, кроплі і карміце, даглядайце, лячыце. І невядома, што з ім будзе».
Якой жа была наша радасць, калі малы падрос і пачаў бачыць! Вушы, вочкі, лапкі падлячылі і ён яшчэ шмат год радаваў нашых бацькоў у вёсцы. Тата прапанаваў яго забраць да сябе. Якраз яму быў патрэбен сабачка і татка лічыў, як сапраўдны вясковец, што сабачку не месца ў кватэры.
Мы з дачкой дагэтуль спрачаемся, хто выратаваў Джуля — яна (першая заўважыла і сказала выратаваць!) ці я 🙂 Важна, што сабака, які быў у маразы выкінуты на вуліцу, жыў яшчэ шмат гадоў і быў добрым сябрам.
Яшчэ ўзгадваю, як мы паехалі адзначаць яе 17-годдзе у Мір. Зайшлі ў замак. Там сустрэлі аднакурсніка Вітаўта, як працаваў у замку і правёў нам цікавую экскурсію. Распавёў, што акрамя экскурсій, выставаў, можна спыніцца ў гатэлі, можна замовіць анімаваны роспіс маладых.
Дачка была вельмі ўражаная велічнасцю і прыгажосцю замка. Ужо ў кавярні побач з замкам падумала і сказала «калі я буду выходзіць замуж, то тут». От, думаю, калі яшчэ той замуж? Яшчэ дзесяць разоў перадумае з месцам. Але праз некалькі год яна прынесла заручальны пярсцёнак за спінай і сказала «Пап, мам… Вы толькі не хвалюйцеся. Сядзьце. Мне Коля зрабіў прапанову і мы вырашылі ажаніцца». Коля — яе каханы чалавек, з якім яны сустракаліся яшчэ з ліцэю і гэтае каханне пранеслі праз гады. Распісваліся ў Мірскім замку. І гэта было вельмі прыгожа.
У мяне часта складваецца ўражанне, што яна дакладна ведае, што робіць. Калі ідзе ў краму — ведае, па што. Калі абірае дзейнасць — выкладваецца па поўнай.
Леся Руднік: Раніцай да сняданка не чытаю тэлефон і не люблю, калі нехта турбуе. Пасля сняданка адкрываю комп і пачынаю дзень са званкоў альбо працы па даследчыцкім праекце. У дні, калі праводжу лекцыі ці семінары са студэнтамі ва ўніверсітэце, раніца пачынаецца з цягніка. Працую звычайна да 17 гадзін. Пасля абавязкова еду на трэніроўку: танцы ці спортзал (зараз на паўзе). Выхадныя стараюся трымаць вольнымі ад працы — хаця б паўдні з двух выхадных.
Рашэнне сканчаць працу ў 17 і мець выхадныя я прыняла ў мінулым годзе, калі за крок да выгарання ад шматмесячнай працы без выхадных спынілася і пачала клапаціцца пра сябе.
Зараз мой прынцып — рабіць тое, што падабаецца і не шкодзіць здароўю. Таму я проста стараюся цвяроза ацэньваць свае магчымасці. Гэта значыць, я навучылася адмаўляцца ад мерапрыемстваў, якія не профільныя для маёй экспертызы, стараюся рабіць паўзы ў абед, хадзіць на вечарыны з сябрамі, адпачываць.
Пасля амаль выгарання я ўвяла некалькі правіл, каб перастаць перапрацоўваць:
Лана Руднік, маці Лесі: Мы заўсёды шмат працавалі і часта пакідалі яе самую дома. Яна з самага маленства была вельмі самастойная і магла заняць сябе на доўгі час: маляваць, выразаць, вышываць. Мы не мелі галаўнога болю з тым, каб сядзець і вучыць урокі. Час ад часу, калі ёй было нешта незразумела, яна задавала пытанні, але вучылася сама — ставіла сабе мэты і іх дасягала.
[З атрыманнем узнагароды] маё стаўленне да дачкі не змянілася і не зменіцца — бо я яе мама. Чым бы яна не займалася, я падтрымаю. Для мяне яна заўсёды будзе самай прыгожай, самай разумнай і самай лепшай. Мы шмат стараліся даць любові і падтрымкі ў любым узросце. І надалей будзем падтрымліваць усе яе справы ды інтарэсы. Гэты мой прыезд у Стакгольм быў іншым. Гэта было іншае адчуванне, калі я некалькі год таму прыязджала і дачка думала, куды далей ісці. Трывогі, перажыванні. Гэтым разам я ўбачыла чалавека, які шмат працуе — выступае, даследуе, выкладае — гэтак жа адказна і старанна, як у дзяцінстве. І гэтая праца ёй падабаецца.
Леся Руднік: Гэта адно з актуальных для мяне пытанняў і я пакуль не ведаю, як фармулюю сваю пазіцыю. Як толькі пачынаеш з’яўляцца на мерапрыемствах з беларусамі, каментары пра знешнасць сыплюцца з кожнага боку. Але часцей за ўсё яны непрыемныя.
За «вы прыгожая» часта адчуваецца надменнасць і нібыта недасказаныя «навошта вам гэта, ідзіце прыгожа сядзіце». Гэта раздражняе.
У мяне заняло не адзін год, каб навучыцца адказваць на сэксізм, а не усміхацца. Вучыцца абараняць сябе ад абясцэньваючых каментароў - не аднаго году справа.
У Швецыі ніколі не адчувала сябе так, хоць і знаходзілася ў падобных колах, на экспертных дыскусіях сярод мужчын. Пры гэтым я ўпэўненая ў сабе: я ведаю, што разумныя людзі не бачаць пагрозу свайму іміджу ў тым, што я таксама разумная, але больш маладая і прыгожая. Калі падсумаваць, то я вельмі цаню кампліменты, але не менш цаню іх дарэчнасць да месца і падзеі.
Леся Руднік: Мама заўсёды была для мяне прыкладам: як рабіць усё самастойна, як быць дыпламатычнай, падстаўляць плячо сябрам, прагаворваць траўмы і падзеі, слухаць і выхоўваць дзяўчынку ў моцную і самастойную асобу.
Лана Руднік: Мы стэлефаноўваемся кожны дзень і шмат аб чым размаўляем. Пра персанальныя радасці, дасягненні, поспехі, трывогі. Раімся, абмяркоўваем. Думаю, што нашыя дачыненні дастаткова адкрытыя і даверлівыя. Калі я хачу даць параду, я пытаю, ці яна ёй патрэбная. Калі мне патрэбная парада — я таксама звяртаюся па дапамогу да дачкі.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…