Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх лялечнікаў добра ведаюць у замежжы, яны ставілі спектаклі ў Еўропе і задаюць тон у Расіі. У 2022 годзе ў культурнай сферы, як ва ўсёй Беларусі, многае змянілася. Сёння гэта хутчэй падобна на захаванне таго, што ўжо існуе. Адзін з прыкладаў - Тэатр лялек у Гродне i фестываль «Лялькі над Нёманам». Некалі ён збіраў у госці восем краін, пасля працяглага перапынку была адна Расія, а сёлета прыязджаюць толькі тры «сяброўскія» краіны. Пра значэнне фестывалю, тое, як на ім адбіліся палітычныя крызісы і змены ў рэгіёне, і што каштоўнага змаглі на яго прывезці, Hrodna.life пагутарыў з былымі акторамі Гродзенскага тэатра лялек і тэатральным крытыкам Настассяй Панкратавай.
Фестывалю «Лялькі над Нёманам» больш за 10 гадоў. Першы, які прайшоў у 2013 годзе, сабраў у Гродне тэатры з розных гарадоў Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Польшчы з 12 спектаклямі. Другі фестываль, у 2014 годзе, быў яшчэ больш маштабны — 22 спектаклі з дзевяці краін: Польшчы, Літвы, Украіны, Сербіі, Эстоніі, Расіі, Чэхіі, Балгарыі і Беларусі.
Пасля васьмігадовай паўзы фестываль аднавіўся толькі ў 2022 годзе — і з замежных гасцей была адна Расія. Калі параўнаць сёлетні фестываль з 2014 годам, бачна, як змяніўся маштаб і геаграфія ўдзельнікаў за 10 гадоў - у 2024 годзе ў Гродне выступаюць тэатры з Беларусі, Расіі, Узбекістана і Казахстана.
Яшчэ за тыдзень да падзеі білетаў на фестывальныя паказы амаль не засталося. Пры гэтым месцы на спектаклі для дарослых каштуюць удвая даражэй за звычайныя спектаклі Тэатра лялек — ад 37 да 45 рублёў. Дзіцячыя спектаклі ў рамках фестывалю таксама даражэйшыя — 12−15 рублёў супраць звычайных 9−10 рублёў.
Чытайце таксама: Білеты амаль раскупілі: у Гродне пройдзе IV фестываль тэатраў лялек «Лялькі над Нёманам» (праграма)
З 14 спектакляў, якія паказваюць на фестывалі ў гэтым годзе, няма ніводнага на беларускай мове — нават ад тэатраў з Беларусі, якіх сёлета ўдзельнічае чатыры. Нават у 2022-м былі дзве такія пастаноўкі з агульных 13-ці.
Фестываль — крыніца развіцця
Міжнародныя форумы для дзеячаў тэатра — гэта магчымасць выйсці з унутранай бурбалкі і паглядзець, у якім кірунку развіваецца мастацтва ў іншых краінах, кажа тэатральны крытык Настасся Панкратава. Творчы рост патрэбны не толькі акторам і рэжысёрам — і мастакам-пастаноўшчыкам, і бутафорам, гукавым і светлавым рэжысёрам, і нават тэхслужбам. Гэта магчымасць паглядзець на іншую тэатральную філасофію, занатаваць вузкапрафесійныя дэталі, каб потым стварыць нешта сваё, унікальнае. «Напрыклад, заўсёды былі чэргі са „сваіх“ на спектаклі вільнюскага тэатра „Леле“, дзе чараваў незвычайнымі прачытаннямі тамтэйшага фальклору культавы літоўскі рэжысёр-лялечнік Віталіўс Мазурас», — успамінае крытык.
Публіка на такіх фестывалях магла адчуць, на якім узроўні знаходзяцца беларускія калектывы адносна замежных. Фестывалі спрыяюць і развіццю глядацкай аўдыторыі і яе нагледжанасці.
«Еўрапейская тэатральная школа абсалютна іншая. У іх іншыя падыходы. Беларускага гледача, гродзенскага, яна шакуе крышку — „А што, так можна?“. Яна супярэчыць усялякім канонам», — адзначае былы актор Гродзенскага тэатра лялек Максім (імя змененае на просьбу героя).
Росквіт беларускіх лялечнікаў і «фестываль Жугжды»
Фестываль «Лялькі над Нёманам» узнік у час, калі грымеў (і не толькі на ўзроўні Беларусі) Міжнародны фестываль тэатраў лялек, які ладзілі ў Мінску раз на два гады. Ён збіраў самыя гучныя спектаклі ўсіх беларускіх тэатраў лялек і самыя яркія спектаклі замежжа, адзначае Настасся Панкратава. Пры міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце таксама была важкая лялечная частка.
Пастаноўкі галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алега Жугжды можна знайсці ў Літве, Польшчы, Балгарыі і безлічы гарадоў Расіі.
«Нездарма перыядычна сярод тэатральных ходзяць жарты пра „фестываль імя Жугжды“: бо часам на форумах сыходзяцца па некалькі спектакляў Алега Алегавіча, прывезеныя тэатрамі з розных краін», — кажа крытык.
У праграме першага фестывалю ў Гродне з 12 спектакляў быў адзін гасцявы, пастаўлены Алегам Жугждам. У 2022 было ўжо тры такія спектаклі з 13, сёлета — два з 14 («Гертруда — Дании краса и королева, и этот, как его, принц Гамлет…» з разанскага тэатра і «Антигона» з Санкт-Пецярбурга). Але ў двух былых актораў Гродзенскага тэатра лялек, з якімі Hrodna.life размаўляў асобна, засталося ўражанне, што спектакляў Жугжды на фестывалях было каля паловы. «Рэжысёры ездзяць па іншых тэатрах і ставяць свае спектаклі. Потым рэжысёр запрашае да сябе на фестываль, але кажа: „Прывязіце мой спектакль“. І прывозяць яго», — патлумачыў Максім. Паводле яго назіранняў, у Еўропе так рабіць не прынята — гэта постсавецкая звычка.
Беларусы «задаюць тон»
Прозвішчы беларускіх рэжысёраў і тэатральных мастакоў часта мільгацяць у афішах расійскіх тэатраў лялек і, як адзначаў летась Жугжда, задаюць там тон. Шмат спектакляў беларусы ставілі і ў Еўропе. Да падзей 2020 года адтуль імкнуліся прыязджаць на беларускія фестывалі. «Мастацтва тэатра лялек у нашай краіне ўзнялося на надзвычай высокую ступень і апошнія 30 гадоў трымала гэтую якасную планку. Айчынных лялечнікаў, у адрозненні ад тых жа драмтэатраў, якія, не ў крыўду ім кажучы, у большасці сваёй усё ж вядомыя толькі ўнутры краіны, добра ведаюць у замежжы», — адзначае Настасся Панкратава.
Гродзенскі тэатр таксама часта выязджаў на гастролі і фестывалі.
«Бывала так, што паловы трупы няма паўгода, — успамінае былая акторка Гродзенскага тэатра лялек Ірына (імя змененае на просьбу гераіні). — Бо гарадзенскі Тэатр лялек мае імя: з-за рэжысёра, з-за афігеннай трупы, з-за працы дырэктаркі».
Чытайце таксама: Тэатр лялек трэці паводле папулярнасці ва ўсёй Беларусі
Праўда, прыблізна з 2017 года часцей ездзілі ў Расію. «Але нават цяпер, калі, напрыклад, прыйдзеш у Беластоцкі тэатр лялек — там памятаюць палову трупы, як завуць дырэктара. Трупы між сабой сябравалі, нашы ездзілі паўсюль».
«Лялькі» 10 гадоў таму — вачыма актораў
На фестывалі 2014 года Ірыне запомнілася традыцыйнае шэсце актораў з лялькамі па Савецкай вуліцы. Усе ішлі з таблічкамі сваіх тэатраў, як дыяспары на Фестывалі нацыянальных культур.
«У той момант мне здавалася, што гэта вау як афігенна. Цяпер я разумею, што тэатр працуе і працаваў тады на такім узроўні, што, магчыма, у той момант не хапала дастатковага фінансавання. Усё было зроблена амаль на каленцы».
«Шумна, весела, нейкія вечарынкі ўвесь час. Але гэта праца насамрэч», — успамінае той фестываль Максім. «Была куча людзей, акторы нават толкам не маглі глядзець [спектаклі], нейкія спектаклі глядзелі, нейкія не, было шмат арганізацыйных пытанняў». Акторы тэатра-гаспадара на фестывалях курыруюць тэатры-гасцей. «Табе даюць тэатр, і ты іх за ручку водзіш, пачынаючы ад прыезду, гасцініцы. Размяшчэнне, расстаноўка, грымёркі, дэкарацыі».
Фестываль і грошы
Ужо год, як беларускія тэатры (гэтаксама як музеі і навуковыя інстытуты) перавялі на частковую самаакупаемасць — 60% бюджэт, 40% сродкі тэатра пры стварэнні новых пастановак, гастролях, аплаце камуналкі і эксплуатацыйных выдаткаў, заробкаў. Лукашэнка наогул патрабаваў самафінансавання тэатраў у прапорцыі 50/50, абураючыся, што датацыі даюць «тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы».
«Фестываль — добрая магчымасць зарабіць, нагода прывезці класныя спектаклі, на якіх будзе аншлаг», — адзначае акторка Ірына.
Пры гэтым фестываль — гэтая і вялікая колькасць выдаткаў. Кожнаму тэатру трэба аплаціць дарогу, пражыванне, харчаванне, тлумачыць Максім.
«Дапусцім, на нейкі фестываль прывезлі добры спектакль, нехта [супрацоўнік іншага тэатра, як глядач] убачыў, і яны пачынаюць запрашаць [гэты тэатр] да сябе. Пасля такой прапановы ўжо абмяркоўвалі фінансавы бок: хто за што плаціць — за дарогу, сутачныя, і гэтак далей». Пад кожны фестываль і кожную паездку фінансавае пытанне вырашаецца індывідуальна.
Ірына адзначае розніцу ў падыходах да тэатральных фестываляў у Беларусі і ў Еўропе. Напрыклад, на фестывалі тэатраў лялек у Беластоку яна бачыла тэатры з усяго свету — не толькі з Еўропы, а з ЗША, з Канады. «Яго падтрымліваюць мясцовыя ўлады — знаходзяць грошы, каб прывезці крутых перформераў. Гэта не толькі пра класічны лялькавы спектакль, ёсць нашмат больш формаў, і трэба выходзіць за гэтыя межы. Гарадзенскі тэатр лялек абмежаваны, і як бы не хацелася прыгнуць высока — не атрымаецца».
Афіцыйна пра прычыны вялікага перапынку паміж фэстамі 2014 і 2022 гадоў не паведамлялі. Але былая акторка тэатра Ірына перакананая, што пытанне было ў грошах. «Гэты фестываль заўсёды быў закладзены ў плане Міністэрства культуры. Але калі даходзіла да размеркавання грошай — «А давайце мы аддадзім на Фестываль нацыянальных культур, Фестываль сыру, «Харчфэст» які-небудзь. Не патрэбны дзяржаве Тэатр лялек». У 2022 і сёлета фестываль атрымалася зладзіць, бо проста «дабіліся», лічыць яна: «Калі шмат гадоў прасіць, прасіць, прасіць — калі-некалі атрымаеш».
Міжнароднасць з трох краін
«У 2022 годзе ў культурнай сферы, як ва ўсёй Беларусі, вельмі многае змянілася. Калі раней у такіх форумаў вышэйшай мэтай было развіццё творчай галіны, абмен досведам, наладжванне кантактаў, то сёння хутчэй падобна на захаванне таго, што існуе зараз», — мяркуе крытык.
У ліпені 2024 года ў Беларусі ліквідавалі Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячоў тэатра лялек (UNIMA). Афіцыйна Беларускі цэнтр UNIMA існаваў 27 гадоў. Але сувязі беларускіх лялечнікаў з найстарэйшай у свеце міжнароднай тэатральнай арганізацыяй, якая ўваходзіць у склад UNESCO, нашмат даўнейшыя, многае будавалася на асабістых стасунках, патлумачыла крытык. «Нацыянальныя секцыі гэтай інстытуцыі дзейнічаюць у больш чым 90 краінах свету. Уяўляеце, якога маштабу ўзаемадзеянне было ў беларусаў?».
Зараз «міжнароднасць» шматлікіх фестываляў можа зводзіцца да трох краін, хаця яшчэ ў нулявыя Міністэрства культуры настойвала, што міжнародным можна назваць толькі той форум, дзе ўдзельнічае не менш за пяць краін, нагадвае Настасся Панкратава. Для публікі няма былой разнастайнасці жанраў і формаў спектакляў, у афішу трапляе значна менш арыгінальных прарыўных назваў. «Мы пачынаем хадзіць па крузе знаёмых падыходаў у сцэнічнай працы, бо ездзяць часцей тыя, у каго знаёмая для нашай публікі творчая канцэпцыя. Калектывам такая сітуацыя пагражае банальным: творчай стагнацыяй», — мяркуе крытык.
Абмежаванне геаграфіі ў 2022 і 2024 гадах — гэта правал, мяркуе акторка Ірына.
«Разумею, што і так добра, што фестываль існуе. Я неаднаразова арганізоўвала мерапрыемствы і разумею, што для добрага фестывалю патрэбна фінансаванне, а фінансавання на культуру ў Беларусі няма. І ў Расіі, і ва Узбекістане, і ў іншых краінах ставяць добрыя спектаклі. Але той узровень [фестывалю], які быў закладзены Алегам Алегавічам раней — цяпер, на жаль, праваліўся».
«Я была і ў 2022 годзе як глядач — былі вельмі добрыя пастаноўкі. Прывозілі „Пегий пес“ [спектакль Разанскага абласнога тэатра лялек паводле аповесці Чынгіза Айтматава; лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі „Залатая маска“ і тэатральных фестываляў; рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Канстанцінаў - Hrodna.life]. Гэта штосьці з чымсьці, на такія спектаклі трэба хадзіць. Але іх раз-два, і ўсё. А каб вучыцца, трэба глядзець іншыя варыянты, а вучыцца ўжо няма ў каго». Колькасць гарадоў-удзельнікаў не ратуе. Напрыклад, у Беларусі, на думку Ірыны, ёсць два найлепшыя тэатры лялек — мінскі і гродзенскі.
Hrodna.life даслала запыты ў некалькі замежных тэатраў, якія ўдзельнічалі ў ранейшых фестывалях, з просьбай патлумачыць, чаму яны не паехалі на «Лялькі над Нёманам» — 2024, але не атрымала адказаў. Калі яны з’явяцца, мы іх апублікуем.
Стан тэатру пасля 2020
«Акторы, творчая суполка паднялася [у 2020 годзе], выказала сваё меркаванне. Купалаўцы — першы і адзіны калектыў, які зрабіў страйк. Хоць калектыў заўжды дзеліцца на два бакі - хтосьці кажа: „Мы павінны несці добрае, светлае, для дзетак, у асяроддзе“, а іншыя кажуць: „Мы не можам выходзіць на сцэну, калі там адбываецца тое, што адбываецца“. Пасля 2020-га змянілася ўсё, змяніўся тэатр, на жаль, не ў лепшы бок», — прызнае Ірына.
Афіцыйна звальненняў па палітычных прычынах у гродзенскім Тэатры лялек не было, заўсёды — паводле «пагаднення старон», расказала акторка. Такім чынам звольнілі чатыры чалавекі. Спектаклі яшчэ з 2018−2019 гадоў «узгадняюцца» з супрацоўнікамі аблвыканкама. Але калі раней толькі перыядычна прыходзілі з праверкамі на прэм’еру, то пасля 2020-га сталі правяраць усё.
Каму падтрымліваць тэатр?
Ірына параўноўвае фестывалі, арганізаваныя «дзяржаўнікамі», з тэатральным фестывалем «Теарт», які ладзіла прыватная ініцыятыва «АРТ Корпорейшн».
«Не ўсё незалежнае добра, але калі аб’яднаць незалежнае і дзяржаўнае — можа выйсці штосьці цікавае».
Розніцу паміж дзяржаўным і прыватным фестывалем акторка заўважыла ў маштабе і ў дакладнасці працы ўсіх каардынатараў. «На дзяржаўных працуюць дзяржаўныя акторы, рэжысёры, адміністратары, якія зацікаўленыя, каб, галоўнае, паказаўся спектакль, каб былі ўсе калектывы, бо гэта вельмі важна — тэатр на гэтым зарабляе. Незалежныя маюць больш магчымасцяў - з рэкламай, з калектывам, спонсарамі. Прыватныя [структуры] не хочуць працаваць з дзяржаўнымі».
З 2011 года «Теарт» прайшоў 10 разоў, пакуль ініцыятыву не ліквідавалі ў 2021 годзе. Акрамя «Теарт», тыя ж арганізатары ладзілі кінафестываль «Лістапад», тыдні японскага кіно, канцэрты, спектаклі, лекцыі. Генеральным партнёрам «Теарт» тады быў «Белгазпромбанк», якім кіраваў прэтэндэнт у кандыдаты на выбарах прэзідэнта — 2020, а зараз палітвязень Віктар Бабарыка. Фестываль праходзіў у партнёрстве з Міністэрствам культуры.
Чытайце таксама: Улада ліквідавала арганізацыі, якія дапамагалі ўразлівым. Іх месца не зойме дзяржава і бізнес
«[Зараз] у дзяржаўных інстытуцыях, у тэатры, працуюць добрыя людзі, гэта не значыць, што яны згодныя з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Гэта звычайныя, свойскія людзі, якія маюць галаву на плячах, якія ведаюць, што калі б ім далі трошкі больш грошай, яны б зрабілі трошкі лепш, — кажа Ірына. — Ёсць неблагія пастаноўкі, і неблагія вязуць у гэтым годзе. Не трэба байкатаваць гэты фестываль. Трэба ісці, такім чынам падтрымліваць актораў, таму што калі вы не будзеце хадзіць у дзяржаўны Тэатр лялек — „Я буду байкаціраваць, каб не плаціць за квіткі дзяржаўнай установе“ — такім чынам вы нічога не даб’яцеся. Падаткі вы і так, і так плаціце».
Нягледзячы на абмежаванні ў геаграфіі супрацоўніцтва і ў фінансах, у гродзенскім тэатры набіраецца трупа, прыходзяць маладыя акторы.
«Гэта вялікая культурніцкая справа для Горадні, буйны фестываль, гэта не проста абменныя гастролі Віцебск-нашы, нашы-Віцебск. Прыязджаюць добрыя трупы. Гэта падзея, на каторую абавязкова трэба схадзіць. І трэба абавязкова прынесці кветак акторам. Проста купіце рамонак у бабулі. Гэта падтрымка. Калі дзяржава не можа падтрымаць настолькі, наколькі патрэбна — можа гледачы падтрымаюць».
Што варта глядзець на сёлетнім фестывалі
У тых варунках, у якіх зараз апынуліся беларускія тэатры лялек, яны робяць максімальна з таго, што магчыма, перакананая крытык Настасся Панкратава.
«Арганізатары ["Лялек над Нёманам» — Hrodna.life] змаглі падабраць і ў гэтым зацішшы пастаноўкі, якія можна назваць стравамі для гурманаў. У Гродна з Мінску прыедзе «Разумная сабачка Соня» Яўгена Карняга — на многія спектаклі гэтага рэжысёра ў сталіцы проста не дастаць квіткоў, хоць чаргу па іх займаюць за некалькі гадзін да адкрыцця касы".
Са спектакляў для дарослых крытык раіць прыгледзецца да пікантнай пастаноўкі паводле скандальнага збору навэл Джавані Бакача «Дэкамерон» і да «Антыгоны» паводле п’есы Жана Ануя ад Малага тэатра лялек з Санкт-Пецярбургу. «Алег Жугжда ўзяў для сцэны ў Пецярбургу досыць рэдкі для тэатра лялек матэрыял». Таксама яна раіць прэм’еру гродзенскага тэатра — спектакль «яЖпрынцэса», каб «адчуць пошукі сябе і свайго месца ў свеце».
Для падлеткаў - такія спектаклі ў тэатры лялек з’яўляюцца рэдка — на фестываль прывезлі ўладальніка сёлетняй «Залатой маскі», спектакль «Авіятар» тэатра лялек «Экіят» з Татарстану (Расійская Федэрацыя). «Унікальнасць гэтай пастаноўкі не толькі ў трох вышэйшых узнагародах нацыянальнай тэатральнай прэміі. Справа ў тым, што лялька галоўнага героя зроблена… з ільду. І на працягу сцэнічнай дзеі яна паступова растае ў руках акцёра».
«Як бачыце, цікавосткі адшукаць можна нават у сітуацыі апошніх гадоў. Я б раіла збіраць у сваю капілку гэтыя ўражанні, каб не захлынуцца ў беспрагляднасці нашага часу», — рэзюмуе тэатральны крытык.