У пэўных старых кватэрах «самага эўрапэйскага гораду Беларусі» ніколі не было санітарнага вузла. Куды ходзяць іхныя жыхары і чаму дагэтуль застаюцца без выгодаў, — у рэпартажы Радыё С**бода са стогадовых дамоў.
Яшчэ ў пачатку XIX стагодзьдзя цэнтар Горадні жыў без прыбіральняў у дамах. Людзі спраўлялі патрэбы на вуліцах, рабілі памыйныя ямы, вылівалі нечыстоты ў рэкі Нёман і Гараднічанку.
Як расказаў гісторык Андрэй Чарнякевіч, бізнэс перапрацоўкі нечыстотаў быў прыбытковым. Манаполію на яго трымалі ў маёнтку Станіславова. Работнікі прыяжджалі да памыйных ямаў у блакітных машынах і потым зьлівалі нечыстоты ў рэкі.
Пачынаем шлях з дому за 400 мэтраў ад аўтавакзалу. У пешай даступнасьці старадаўні касьцёл, унікальны драўляны лямус, банк, дом сувязі і начны клюб.Незвычайны двухпавярховы дамок пабудаваны ў 1888 годзе, зьверху драўляны, зьнізу цагляны. Тут раней быў жылы дом Якава Шварца, месьціліся аптэчная крама і рэстарацыя.
Цяпер дом падзелены на 8 кватэраў, але, са словаў суседзяў, жывуць там толькі 3 або 4 сямʼі. Некаторыя вокны — без прыкметаў жыцьця. У двары стаіць замкнёная шэрая туалетная кабінка. Жыхары маюць ключы. Дамафоны маўчаць. Неўзабаве сталая жанчына падымаецца па сходах дахаты. Яна ня бачыць нічога незвычайнага ў тэме вулічных туалетаў. Зьдзіўляецца, навошта замкнулі. Ёй не перашкаджала, калі іхнай кабінкай карысталіся мінакі.«Я тут жыву з самага нараджэньня. Тут дрэвы як у вёсцы, дакладна… Такая нецікавая тэма. У цэнтры гораду так людзі жывуць… Прапаноўвалі купіць маю кватэру — адмовілася. Тут я нарадзілася, гэта мае родныя сьцены», — кажа яна.
Запрашаць дахаты жанчына ня хоча і сьпяшаецца скончыць размову.
Дом з жоўтай цэглы, двухпавярховы, з высокай лесьвіцай на вуліцы. У двары — самаробны музэй пад адкрытым небам, плён працы саміх жыхароў. Дом пабудаваны ў 1890 годзе. Адсюль да горадзенскай славутасьці — танка вайскоўцам-вызваліцелям ля Савецкай плошчы, — 450 мэтраў.Жыхар зь першага паверху запэўнівае, што ва ўсіх суседзяў зьнізу прыбіральні ёсьць. Як жывуць суседзі зьверху, ён ня ведае. Тымчасам увесь другі паверх жыве без выгод.
Наста з другога паверху жыве ў гэтым доме з трох гадоў. Цяпер ёй 36. Ейная мама працавала закройніцай у атэлье. Каб атрымаць кватэру, уладкавалася ў ЖЭС дворнікам, працавала на дзьвюх працах. Урэшце сямʼі далі «двушку» у цэнтры гораду.«Калі мае бацькі атрымлівалі гэтую кватэру, яны так цешыліся, што свой кут», — кажа Наста.
Памяшканьне на ўваходзе служыць і вітальняй, і кухняй, і «ванным пакоем». Тут некалькі шафак, паліцы і рукамыйнік. Фортка ва ўваходных дзьвярах — гэта вэнтыляцыя з кухні. Ёсьць і гарачая, і халодная вада. Мыецца Наста ў невялікім тазіку тут жа, на кухні, або ходзіць да сяброў. З плюсаў — досыць прасторныя пакоі, высокія столі і самы цэнтар гораду.«Весела жывецца», — адказвае яна пра ўмовы.
Некалькі гадоў таму яна зьвярталася да камунальнікаў, каб зрабіць каналізацыю і на другі паверх. Ёй патлумачылі, што дом не разьлічаны на такія нагрузкі — каб паставіць ванну, душавую кабінку або ўнітаз. Займацца атрыманьнем дазволаў на новую каналізацыю жанчына ня стала.
«Тады мне сказалі, што не спраўляецца сантэхніка, што трэба праз ЖКГ, нейкія яшчэ інстанцыі. Карацей, я зразумела, што мне прасьцей прадаць гэтую кватэру, узяць крэдыт і набыць новую», — кажа Наста.Бацькоў ужо няма. Жанчына плянуе неўзабаве пераехаць. Ейная кватэра на рынку каштуе каля 17 тысяч даляраў. «Нармальная» двухпакаёўка, якую жанчына сабе прыглядае, — 25 тысяч.
Адсутнасьць прыбіральні — не адзіная асаблівасьць будынку.«Дом вельмі хутка сыплецца, дзьверы не зачыняюцца, пастаянна трэба нешта падкладваць. Шафы ходзяць ходырам. Тут усё развальваецца. Адзінае добра, што летам тут прахалодна, а ўзімку цёпла. Сьцены тоўстыя, цагляныя», — кажа гаспадыня.
На яе ўжо ўпала цагліна з праёму аднаго вакна, таму яна больш да яго не падыходзіць.
У патрэбе жанчына ходзіць у туалет, што месьціцца ў тым жа будынку. Але каб туды трапіць, трэба выйсьці на вуліцу і прайсьці ўздоўж дому. Памяшканьне замкнёнае на замок. Усе жыхары маюць ад яго ключы.
Сямʼя ў суседзтве здымае арэндную кватэру. Неўзабаве яны пераедуць у іншае жытло. Пакуль карыстаюцца туалетам на вуліцы. Да таго ж набылі біятуалет у выглядзе вядра з устаўным пакетам. Пасьля выкарыстаньня пакет выкідаюць у той жа туалет на вуліцы. Ёсьць гарачая вада, падключана пральная машына. Мыюцца ў балейцы.«Так жыць нязручна», — кажа сусед.
Ён тлумачыць, што для каналізацыі трэба пракласьці таўсьцейшыя трубы.
Адметнасьць іхнай кватэры ў тым, што яна падзеленая на дзьве. Пакоі зьлева, кухня справа, а паміж дзьвюма часткамі — іншая кватэра. За арэнду кватэры плацяць 100 рублёў.
Двухпавярховы дом 1900 году пабудовы.
Адсюль 2 хвіліны да турмы, крыху больш да пешай вуліцы Савецкай.Два гады таму кватэру на мансардавым паверсе выстаўлялі на продаж. З абвесткі вынікала, што туалет і ванна ў памяшканьні не запраектаваныя, да таго ж не было гарачай вады. Гаспадары кватэру ацанілі ў 14 тысяч даляраў.
Ніхто з жыхароў не адчыніў дзьверы. Аднак супрацоўніца салёну прыгажосьці, які разьмясьціўся ў гэтым будынку на першым паверсе, расказала пра арандаванае памяшканьне. Прыбіральні тут таксама не было. У падсобным памяшканьні на лапіку ў два квадраты яны паставілі бідэ. Ніякіх адмысловых папераў для гэтага не патрабавалася. У малой патрэбе ходзяць на месцы працы, у іншых — у платныя туалеты паблізу ў горадзе. Нягледзячы на такія ўмовы, арэнда тут каштуе больш, чым у офісе паблізу цэнтру.Жанчына кажа, што наверсе жыхары сапраўды жывуць без прыбіральні. Ходзяць у кабінку на вуліцы.
«Я год як прыехала. Забаўна, як людзі жывуць. Я ня ведаю, як увогуле можна без прыбіральні жыць. Тут ёсьць труба. Ім трэба тры мэтры (каб урэзаць сваю трубу ў агульную каналізацыю). Вы сталыя людзі, вам заўжды на саступкі пойдуць, крэдыт дадуць, а можа і ніколькі каштаваць ня будзе», — разважае жанчына.
Будаўнік, што працуе на абʼекце побач, расказаў, што адзін з жыхароў гэтага дому злоўжывае алькаголем і ня будзе займацца ўсталяваньнем прыбіральні.
Праз дом адсюль падобная сытуацыя. На другім паверсе жыве хлопец без туалету, карыстаецца вулічнай кабінкай. Ягоная суседка расказала, што такая кватэра ў іхным доме адна. Зь ейных словаў, малады чалавек зьвяртаўся да камунальнікаў, каб памянялі гэты туалет, аднак «не было грошай». Самога хлопца дома не засьпелі.На першым паверсе месьціцца крама тканінаў. Ейны супрацоўнік Юры расказаў, што яны зрабілі ў сябе туалет на месцы былой кухні некалькі гадоў таму без асаблівых перашкодаў. На гэта пайшло некалькі сотняў даляраў.
Савецкая вуліца лічыцца галоўнай вуліцай Горадні. Яна ж пешая і самая турыстычная. Большасьць людзей адсялілі адсюль, даўшы кватэры ў іншых раёнах гораду. На месцы іхных кватэраў цяпер офісы, кавярні, крамы. Аднак рэдкія жыхары засталіся жыць у дамах канца ХІХ стагодзьдзя.
Пасярэдзіне вуліцы стаіць двухпавярховы мураваны дом, пабудаваны ў 1895 годзе. Раней тут працавалі фотаатэлье, філіял Саюзу савецкіх мастакоў, упраўленьне справаў сельскага і калгаснага будаўніцтва. Цяпер тут жывуць тры сямʼі.
Жыхар дому Віктар Віктаравіч расказаў, што туалет знаходзіцца таксама ў будынку побач з домам. Каб туды трапіць, трэба выйсьці на вуліцу. Прыбіральні дзьве — мужчынская і жаночая. Мужчына паскардзіўся, што да абедзьвюх вядзе высокі ганак без парэнчаў. Шмат людзей ужо падалі на гэтых ганках і атрымлівалі траўмы.
На пытаньне, ці ён не карыстаецца ў хаце малым біятуалетам, мужчына адказаў, што ў хаце ён «ня гадзіць».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…