500 пазбаўленых працы беларусаў перавучваюцца на IT. Як звольненым праз пратэсты памяняць прафесію бясплатна

Асвоіць новую прафесію ў IT змогуць усе беларусы, якія страцілі працу праз удзел у пратэстах або абвяшчэнне сваёй пазіцыі. Бясплатныя курсы для іх запусцілі айцішнікі з Гродна. Праз тры дні яны далучыліся да агульнай ініцыятывы па Беларусі. Высветлілася, што навучаць новых супрацоўнікаў гатовыя праграмісты і распрацоўшчыкі па ўсёй краіне.

З сілавікоў у інтэрнэт-маркетынг

У Гродне ідэю падтрымалі 17 чалавек. Досвед працы ў сферы інфармацыйных тэхналогій сярод іх — ад аднаго да сямі гадоў.

Перавучыцца прапануюць і сілавікам. «Героям, якія адмовіліся парушаць закон і прысягу, у якой яны кляліся абараняць свой Народ, а ўжо пасля гэтага суверэнітэт дзяржавы», — удакладніў аўтар ідэі курсаў, распрацоўшчык з Гродна Сяргей Дзятлаў, у сваёй заяве для беларускіх СМІ. Кампанію, у якой працуе ён і большасць гарадзенскіх валанцёраў, Сяргей папрасіў Hrodna.life не называць. Паводле яго слоў, ідэя курсаў не мае да яе дачынення, гэта іх асабістая пазіцыя.

Ідэя дапамагчы людзям такім чынам прыйшла яму ў галаву адразу пасля выбараў. Дзятлаў наткнуўся на аб’яву калегі Віталя Румянцава ў сацыяльнай сетцы LinkedIn. Той шукаў «дыджэяў Пераменаў», якія ўключылі Цоя на мерапрыемстве ў Мінску перад выбарамі і звольненых з заводаў ці з МУС за непадпарадкаванне злачынным загадам, каб навучыць іх iOS-распрацоўцы бясплатна.

Чытайце таксама: Дзе і як пацярпелыя пасля акцый гарадзенцы могуць атрымаць дапамогу

Першапачаткова гродзенцы планавалі арганізаваць афлайн лекцыі для жыхароў горада і анлайн-семінары для іншагародніх. Праз пару дзён выявілася, што айцішнікі з іншых гарадоў таксама вырашылі дапамагаць пазбаўленым працы беларусам новымі ведамі. Гродзенскія валанцёры далучыліся да агульнага праекту.

Зараз ініцыятыва набірае групы па кірунках:

  • інтэрнэт-маркетынг;
  • тэставанне;
  • базы дадзеных Oracle;
  • Javascript;
  • HTML, CSS, JavaScript, Vue.js (у фармаце ментарынгу: выкладчык не будзе чытаць лекцыі сам, а будзе даваць спасылкі на рэсурсы/відэа/кнігі для саманавучання, а на занятках абмяркоўваць вывучанае, адказваць на пытанні, дапамагаць і накіроўваць);
  • HTML, CSS, JavaScript (стандартны фармат з лекцыямі ад выкладчыка).

Каб пераканацца, ці сапраўды чалавек пацярпеў за сваю пазіцыю, ці проста хоча зэканоміць на вучобе па прэстыжным профілі, аўтары курсаў праводзяць гутаркі з кандыдатамі асабіста. Сяргей за апошнія дні чуў ужо досыць гісторый людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі: ім ёсць, што расказаць. Тым, хто пацярпеў менш і сам сышоў з дзяржслужбы, прапануюць анлайн-ментарства (саманавучанне пад наглядам).

«Проста зрабіць першы крок«

«У IT шмат людзей з абсалютна розных сфер. Сярод нас ёсць зваршчык, настаўнік, юрыст, — распавёў Сяргей Дзятлаў пра гродзенскую каманду. — Таму мы ўпэўненыя, што важна проста зрабіць першы крок. На жаль, не кожны чалавек зможа працаваць у IT, таксама як не кожны зможа стаць міліцыянерам або лекарам. Але мы дакладна ведаем, што перспектывы будуць адкрыты: далейшае навучанне, магчымасць стажыроўкі ў IT-кампаніях, канкурэнтаздольнасць». Сам Сяргей працуе front-end распрацоўшчыкам паўтара года. Ён самавучка, раней быў ізаліроўшчыкам на ЦЭЦ-2.

Да валантораў у Гродне па дапамогу звярнуліся ўжо больш за 10 чалавек. Цяпер над агульным праектам па перанавучанні працуюць 70 айцішнікаў розных спецыяльнасцяў - выкладчыкаў і асістэнтаў. Частка валантораў з праекта шукаюць і запісваюць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, частка навучаюць.

У Telegram працуе канал FreeIT з інфармацыяй па курсах і чат, дзе фармуюць групы. Зараз у агульным канале FreeIT больш за 1000 чалавек, навучанне праходзяць каля 500. За апошні тыдзень значна павялічылася колькасць як студэнтаў, так і выкладчыкаў, ствараюцца новыя групы.

Для запісу на курсы можна напісаць наўпрост у Telegram менеджарцы па зборы групаў Яўгеніі @Eugenia_Ka. У паведамленні трэба пазначыць прычыну звароту. Зараз яна запісвае тых, хто жыве ў Беларусі і быў звольнены або звольніўся сам у сувязі з апошнімі падзеямі. Таксама можна пісаць Сяргею Дзятлаву @sergey_dyatlov.

Беларускія айцішнікі запусцілі курсы яшчэ да выбараў

Агульны праект дапамагае не толькі тым, хто страціў працу ў сувязі з падзеямі ў Беларусі пасля выбараў. Там навучаюцца і тыя, каго скарацілі праз «каронакрызіс», ёсць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Праект прыдумалі ў канцы чэрвеня 2020 года, калі стала з’яўляцца шмат інфармацыі аб звальненнях, звязаных з пандэміяй. Толькі за першыя суткі пасля запуску звярнулася каля 300 чалавек, далучылася шмат валанцёраў-настаўнікаў. У асноўным у адміністрацыйнай групе ўсе з Беларусі, але ёсць і тыя, хто цяпер жыве ў Расіі, Еўропе, Канадзе, ЗША.

Першыя групы запусцілі ў пачатку ліпеня. Інфармацыя пра тое, на якія курсы вядуць запіс, пастаянна абнаўляецца. Калі чалавек не ўяўляе, у які кірунак яму ісці, яму дапамагаюць вызначыцца: пазнаюць ўзровень англійскай мовы, высвятляюць, ці ёсць хоць нейкі вопыт у IT-сферы, якія ёсць веды і навыкі.

Не ўсе, хто звярнуўся, застаецца на курсах: камусьці робіцца нецікава, хтосьці не спраўляецца з нагрузкай. «Зыходзячы з таго, што мы бачым цяпер па актыўнасці ў групах, можна зрабіць выснову, што канверсія [тых, хто звярнуўся і навучэнцаў - заўв. Hrodna.life] не вышэй за 20%», — кажа Яўгенія.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024