Згуляць ноччу ў валейбол, патанчыць народныя танцы вакол вогнішча, павадзіць карагоды і, вядома, знайсці папараць-кветку. Ну і што, што каляндарнае Купалле прайшло. Пятнічны вечар 9 ліпеня стаў для 200 гродзенцаў нагодай яшчэ раз правесці “Купальскую ноч у Тызенгаўза” ў сядзібе Караліно. Карэспандэнткі Hrodna.life даведаліся, як гэта было.

Танцуюць усе!

“Прыехалі адчуць свабоду, пачуць беларускую мову і нашы народныя інструменты, – распавяла Hrodna.life гродзенка Ганна Сабірава. У сядзібе Тызенгаўза яна ўпершыню. – Выдатнае свята. Тут каларыт і аднадумцы. Дачцэ падабаецца – яна танцуе”.

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
Гродзенка Ганна Сабірава з дачкой на свяце “Купальская ноч у Тызенгаўза” 9 ліпеня

Патанчыць на свяце былі і нагоды, і магчымасці. “Сабралі ўсю этнічную музыку Гродна, – абвясціў са сцэны Юрый Дубовік, саліст гурта “Вочы”. – Пасля жывой музыкі будзе дыскатэка з этна-музыкай, вогнішчам і вянкамі”.

Чытайце таксама: «Заклятая кветка купальная». Гродзенскія музыкі злучылі электроніку з этна у новым купальскім альбоме

Экскурсія, падземны ход і папараць-кветка

Пра тое, як у сядзібе Тызенгаўза адпачывалі, праводзілі свецкія вечары і нарады масонскай ложы, распавялі гасцям свята на экскурсіі па сядзібе. А яшчэ – прайшлі таемным падземным ходам і трапілі ў музей фальварка.

“Больш за ўсё запомнілася экскурсія, вельмі цікава” – падзяліліся з Hrodna.life ўражаннямі ад свята Алена і Андрэй Гурыны. Сямейная пара ўжо не першы раз у Каралінскім фальварку. Па сакрэце яны распавялі, што экскурсія дапамагла ім стаць шчасліўчыкамі вечара – знайсці папараць-кветку.

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
У час прагулкі з экскурсаводам па сядзібе Алена і Андрэй Гурыны звярнулі ўвагу на кветкавую кампазіцыю, але не надалі гэтаму асаблівага значэння. Але калі вядоўца абвясціў, што можна выпраўляцца на пошукі папараць-кветкі, яны адразу ўспомнілі пра кветкі. Іх знаходка і стала той самай чароўнай кветкай

Пятнічныя вечары ў Тызенгаўза становяцца для Гурыных традыцыяй і прыносяць поспех: “Былі тут два тыдні таму і таксама выйгралі прыз – драўляныя вырабы на 100 рублёў”.

Утульнае месца і доўгачаканае вогнішча

“Цудоўнае народнае свята і класна, што ёсць і такія месцы, дзе можна іх арганізаваць”, – распавяла Hrodna.life Дар’я Ёдчык.

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
Дар’я Ёдчык і Вадзім Кашко на свяце “Купальская ноч у Тызенгаўза” 9 ліпеня

Муж Дар’і, Вадзім Кашко, кажа, што больш за ўсё чакаў вогнішча. А Дар’і хацелася пусціць па вадзе купальскі вянок. Дар’я і Вадзім не першы раз удзельнічаюць у купальскіх святах: “Хочацца дакрануцца ды сваіх каранеў, пачуць народныя спевы”.

“Я стараюся хадзіць кудысьці без чаканняў, каб не расчароўвацца. Тут – вельмі прыемныя ўражанні, – кажа пра свята Таццяна Салаўёва. – Месца абрана таленавіта – [тут] прыгожа, утульна, па-хатняму”.

Арганізавалі “Купальскую ноч у Тызенгаўза” Ігар Бірукоў, уласнік тату-салона “Адважнае сэрца”, і Раман Клімук, гаспадар “Каралінскі фальварку Тызенгаўза”. Летам 2021 года яны праводзяць у фальварку яшчэ адзін музычны праект – “Каля млына”.

“Каля млына” – музычныя вечары ў сядзібе Тызенгаўза ў Караліно. Яны праходзяць у апошнюю пятніцу кожнага летняга месяца ў 2021 годзе. На наступнай сустрэчы, 30 ліпеня, гродзенцы пачуюць трыбьют-канцэрт Rammstein ад музыкаў з Гродна, пра якіх ведае сам Ціль Ліндэман.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]