Хто змятае з паліц у крамах кукурузныя палачкі? На якой мове можна паразмаўляць у чарзе па зефір? Хто сумуе па СССР? Якія лекі лепш за ўсё падыходзяць замежнікам? Hrodna.life даведаўся, якія часам нечаканыя пакупкі робяць госці бязвізавага Гродна.
Літоўцы: савецкая сімволіка, кукурузныя палачкі і лекі
Літоўцы любяць народныя, аўтэнтычная рэчы. У большасць пенсіянераў вялікім попытам карыстаюцца рэчы з сімволікай СССР, якая ім нагадвае аб савецкай маладосці. Таксама ў пашане вырабы з ільну.
Як адзначаюць прадаўцы сувеніраў, да нас з Літвы едзе ў асноўным сярэдні клас і пенсіянеры, летам падцягваецца моладзь. Экскурсіі з Літвы ў асноўным аднаднеўныя.
Сярэдні кошык сувеніраў турыста з Літвы складае каля 5 рублёў і зрэдку пераадольвае мяжу ў 10 рублёў.
Але калі ў шапіках з сувенірамі літоўцы выглядаюць даволі сціпла, то ў крамах яны адрываюцца напоўніцу.
ТОП прадуктаў, якія купляюць літоўцы ў гродзенскіх крамах
1. Лідскія кукурузныя палачкі «Хрумсцік». Іх літоўцы літаральна змятаюць з паліц. Таму калі на вуліцы вы ўбачыце чалавека, які нясе 5−10 каробак «Хрумсціка», — не сумнявайцеся, перад вамі госць з Літвы.
2. Дзіцячае харчаванне ад Беллакт
3. Кашы: грэчка і аўсянка
4. Зефір
5. Алкаголь
Таксама ў кошыках літоўцаў можна нярэдка сустрэць беларускую малочку, адыгейскі сыр, квас, халву і беларускія цукеркі.
Калготкі, бялізна і абутак
А што з нехарчовых тавараў? Карэспандэнт HL паразмаўляў з прадаўцамі крам з беларускім адзеннем. Гэтак, літоўкі часта набываюць калготкі ў Conte, бялізну у Milavitsa, беларускі абутак, лён, бавоўну, ручнікі і льняныя цацкі ручной працы.
У краме з брэндавым беларускім адзеннем Burvin адзначаюць даволі вялікі попыт з боку літоўцаў - ёсць нават некалькі сталых кліентаў!
Дзякуючы TaxFree, які турысты з задавальненнем афармляюць, рэчы абыходзяцца ім на 15% танней. Вярнуць падатак можна за пакупкі ад 80 рублёў.
[irp posts="41 596″ name="7 добрых зменаў: што «бязвіз» нарабіў у Гродне за год"]
Госці з Літвы часта купляюць лекі. Пры тым — выключна беларускай вытворчасці.
Вось самыя папулярныя з іх:
1. Аміпразол
2. Дротаверын
3. Рыбіны тлушч
4. Эссенцэкапс
5. Розныя антыбіотыкі і мазі. Асаблівым попытам карыстаюцца тыя лекі, на набыццё якіх у Літве патрабуецца рэцэпт
Палякі: зефір, халва, квас
Турысты з Польшчы часцей за ўсё прыяжджаюць да нас на два дні. На сувеніры вытрачаюць больш за літоўцаў і, у адрозненні ад літоўцаў, Ленін і герб СССР палякаў не цікаваць зусім. Затое «вышыванкі» стабільна карыстаюцца попытам.
Нярэдка палякі купляюць кансервы са шкарпэткамі. Таксама шануюць мастацкія вырабы ручной працы, трыкатажныя вырабы ў нацыянальным стылі, вырабы з льна. Бяруць керамічныя кубкі, талеркі, званочкі. Зрэдку купляюць магніты. Палякі да сувеніраў падыходзяць практычна, таму купляюць функцыянальныя рэчы.
[irp posts="26 416″ name="Шопінг турыста: што прывезці з сабой з бязвізавага Гродна?"]
Сярэдні кошык сувеніраў польскіх турыстаў складае 10−15 рублёў.
А вось у аптэках палякі рэдкія госці: купляюць толькі калі нешта спатрэбілася тут і зараз. У крамах з беларускім адзеннем яны таксама бываюць рэдка. Затое беларускія прадукты цэняць.
ТОП харчовых прадуктаў, якія палякі набываюць у крамах
1. Зефір
2. Халва
3. Квас
4. Лідскія палачкі «Хрумсцік»
5. Алкаголь
Расейцы: адзін джып купляе больш чым аўтобус літоўцаў
Расейцы, якія да бязвізу ўпэўнена займалі першае месца сярод турыстаў у Гродне, зараз апусціліся на трэцае месца і па колькасці моцна саступаюць турыстам з ЕС. Аднак, па словах прадаўцоў, сувеніраў у адзін джып з расейскімі нумарамі могуць узяць больш, чым бярэ ўвесь турыстычны аўтобус на літоўскіх нумарах.
Часцей за ўсё расіяне набываць рэчы ручной працы, керамічныя і льняныя вырабы. Аддаюць перавагу сувенірам зробленым у Беларусі. І пазбягаюць сувеніраў «мэйд ін чайна».
Сярэдні чэк каля 20 рублёў, але бываюць выпадкі, што пакупкі пераадольваюць планку ў 50 рублёў.
Расейцы паважаюць і цэняць прадукцыю зробленую ў Беларусі. Таму купляюць літаральна ўсё. Аднак мы пастараліся вылучыць ТОП пакупак гасцей з Расіі.
1. Касметыка беларускай вытворчасці. Расіянкі проста шалеюць ад яе, бо вераць у яе натуральнасць і высокую якасць. І суадносіны цана-якасць.
2. Дзіцячыя рэчы
3. Беларускі трыкатаж
4. Шакалад
5. Цукеркі
[irp posts="26 645″ name="9 самых крутых сродкаў беларускай дэкаратыўнай касметыкі"]
Расейцы куды больш частыя госці аптэк, чым палякі, але ў параўнанні з літоўцамі гэта кропля ў моры.
Якія сувеніры купляюць самі гродзенцы, калі едуць у госці за мяжу?
Як правіла, набываюць камплекты падарункаў, льняныя вырабы, вырабы ручной працы. Адзенне ў нацыянальным стылі. Шакалад. Апошнім часам, як адзначаюць прадаўцы, у мясцовага насельніцтва карыстаецца попытам «Гарадзенская гарбата».
А што вы вязеце за мяжу ў якасці падарункаў? Напішыце ў каментарыях!