Сябры клуба LeGourmet з Мінска – хатнія кулінары, прафесійныя кухары і кіраўнікі прадпрыемстваў харчавання, блогеры і фуд-фатографы. У межах фуд-туру ў Гродна яны наведалі, сярод іншых устаноў, бар “Куба”, які не пакінуў іх абыякавымі.
Яны прыехалі ў Гродна, каб даследаваць мясцовыя смакі і распавесці пра самыя лепшыя з іх будучым вандроўнікам.

Чэ Гевара ні пры чым
Проста зараз іх чакала самае кароткае ў свеце падарожжа да “Кубы” – з дзясятак прыступак у паўпадвальчык – гэта нашмат хутчэй, чым некалькі гадзін авіяпералёту.
– Вы былі на Кубе? Ваш кумір Чэ Гевара?
– Не [усмешка]
– Вас натхнілі кубінскія бары Масквы і Піцера? Ці Еўропы?
– Таксама не [яшчэ адна усмешка]
– Тады – чаму “Куба”?
Госці засыпалі пытаннямі гаспадара бара Андрэя Антановіча. Зрэшты, навошта адказы, можна іх потым пашукаць. А такую абаяльную ўсмешку – яшчэ ці знойдзеш.

З тлумачэнняў галоўнага бармэна выходзіла, што назва мае нагадаць пра часы ўвядзенне сухога закону ў Штатах, калі ахвотныя да адпачынку з алкаголем у велізарнай колькасці скіраваліся на выспу Свабоды.
Філасофія ўстановы таксама свабоды не цураецца. Нават абмежаванняў у выглядзе кактэйльнай карты тут няма. “Мы арыентуемся на камунікацыю паміж бармэнамі і нашымі кліентамі і гатуем кактэйлі на базе класічных рэцэптаў, але пад настрой кожнага госця – індывідуальна. Хочацца даць людзям увагу і камфорт”.

“Мой хіт – “Дайкіры”
Кактэйлі Андрэй называе “асобным светам” і ўпэўнены, што ў жыцці правільны кактэйль можа змяніць абсалютна ўсё. Мабыць, таму і размовы паміж майстрамі кухні і гаспадаром стойкі ўвесь час вырульвалі на тэму кактэйляў. Нават фільмы “кубінскі” бармэн асацыяваў найперш з кактэйлямі, што ўжывалі героі: “Сэкс ў вялікім горадзе, Кэры – пасля яе “Брамбл” – джын, сок лімона, ажынавы сіроп – стаў самым топавым” … “Вы не ведаеце “Белы Рускі”? Гэта як у “Вялікі Лебоўскі” – гарэлка, кава, вяршкі”. Хлопцы спрабавалі выпіваць кактэйль напрацягу фільма кожны раз, калі і герой бярэцца за шклянку. Да канца стужкі яшчэ ніводзін не пратрымаўся…

На просьбу мінскіх гасцей Андрэй назваў і ўласны топ з пяці класічных кактэйляў. У яго ўвайшлі “Дайкіры”, “Крывавая Мэры”, “Манхэтан”, “Олд фэшн” і “Джын фізз”.

“Каб кожны атрымаў задавальненне”
Што да “рэкамендаванай” колькасці і разнастайнасці напояў за вечар, то з гэтым кожны мае вызначыцца сам, мяркуе бармэн. “Галоўнае, моцна не мяшаць. Не так, каб пачаўшы з джына, перайходзіць на віскі, а потым – гарэлку з півам і ягермайстар. Тут наступствы самі разумееце якія могуць быць. Бармэну таксама трэба мець гэта на ўвазе і дапамагаць кліенту з выбарам. Каб у выніку кожны атрымаў задавальненне”.
Ад пытанняў пра “сваю школу” Андрэй адмахваецца: “Ніякай школы. Проста ўжо 15 год за стойкай, а да гэтага яшчэ поварам бегаў. Зараз дзялюся – мне сваіх ведаў не шкада”.
Меркаванне гурмана
“Бар Куба ўразіў і вельмі спадабаўся, – расказала пасля візіту Наталля Міракле, адна з удзельніц клуба LeGourmet, лаўрэатка яго першага кулінарнага фестывалю. – Ад людзей, што там працуюць, вее жаданнем жыць і працаваць. Па гэтых хлопчыках за стойкай відаць, што яны прыйшлі на працу не проста змену адстаяць. Яны шчыра хочуць быць побач з кліентам, у створанай для яго камфортнай атмасферы. А як яны кактэйлі гатавалі! Божа мой, гэта ж былі нейкія проста танцы з бубнамі!”

Месца, лічыць Наталлі, мае непаўторную аўру: “Мне ёсць з чым параўнаць, я была ў кубінскіх барах Еўропы – у Сарбоне, Празе, Вроцлаве. У Гродне я адчула пэўны кантраст і з Мінскам, дзе часам можна сустрэць за стойкай ну ве-е-е-е-льмі стомленага жыццём бармэна. Тут – атрымала сапраўдны прыток энергіі. Гэта для мяне вельмі важна, мы ж не проста за алкаголем сюды прыйшлі. Хутчэй – за сапраўднымі эмоцыямі”.

На думку Наталлі, у час, калі вакол так шмат глянцавай, але падробнай прыгажосці, асобую каштоўнасць набываюць рэчы сапраўдныя: “Хочацца крафтавага хлеба, хэндмэйд-цацак ці добрых установаў. Нават калі яны даражэйшыя, яно таго каштуе. У ”Кубе” бачу – працуюць з душой, не хімія з лёдзікам і вялай мятай, і гэта падкупае. Такое стаўленне мне пасуе. Гледзячы на іх, хочацца таксама вось так натхнёна жыць і працаваць”.



