Людзі і справы

Яшчэ больш «квадратаў» і магчымасцяў. «Крама Ц» пераязджае на вуліцу Кірава

Цяпер «тры крамы пад адным дахам» будуць знаходзіцца па адрасе Кірава, 3. Завітаць у новае месца можна будзе з 15 сакавіка. Уладальнікі плануюць пашырыць асартымент і стварыць новыя секцыі - букіністычную і музычную.

104 крокі ад цэнтру

— Надыходзіць час расці і развівацца. Для нас становіцца традыцыяй раз на паўтара года пераязджаць, — расказвае Андрэй Несцяровіч, заснавальнік «Цудоўні». — Спачатку мы засяліліся на Траецкую, 16. Праз год з невялікім стала зразумела, што нам там цесна. Падвярнуўся варыянт пераехаць у большае памяшканне па суседстве. Зараз з’явілася магчымасць яшчэ крышачку вырасці, павялічыць свае магчымасці і магутнасці.

Андрэй Несцяровіч з «Цудоўні»
Пераезд запланаваны на 15 сакавіка. А 17-га ў новым месцы ўжо адбудзецца першая імпрэза. Ад цэнтру да новага будынка 104 крокі, лічыў Андрэй. Плошча «Крамы Ц» павялічыцца з 82 да 100 квадратных метраў. У будынка будзе гістарычны фасад і шкляная сцяна, якая пусціць шмат сонечнага святла. Да таго ж, выдатнае суседства: у доме на Кірава, 5 жыў стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф.

Будынак на Кірава, 3 мае ўтульны ўнутраны дворык. Там улетку плануюць праводзіць мерапрыемствы на свежым паветры. Разам з «Крамай Ц» у новы будынак пераязджае і іхны сусед па вуліцы Траецкай — First Vape Bar. Таму летам на імпрэзах можна будзе сядзець за столікамі і піць каву ці барныя напоі. А частка вэйперскай тусоўкі можа зацікавіцца мерапрыемствамі «Крамы Ц».

З’явіцца букіністычная і музычная секцыі

— Для нас гэта сапраўды крок наперад, — кажа Андрэй. — Адкрываюцца новыя магчымасці па правядзенні імпрэзаў, пашырэнні існуючых секцый і паляпшэнні экспазіцыі. У новым месцы чалавек не згубіцца ў прасторы і хутка знойдзе тое, што яму трэба.

Памяшканне будзе разбіта на два пакоі. У адным размесціцца «Цудоўня», у другім — «Кубік». Мэбля «33 камоды», як і раней, будзе расстаўленая па ўсёй краме. У «Цудоўні» пашырыцца кніжная секцыя, яна стане большай і разнастайнейшай. Гаспадары крамы плануюць з часам стварыць і букіністычную палічку з бібліяграфічнымі рэдкасцямі і старымі выданнямі.

Таксама ў планах — музычная секцыя з дыскамі, а пазней і кружэлкамі. Там будзе музыка беларускіх аўтараў розных жанраў: этна, рок, блюз.

Сцяна з гістарычнай мапай у самым першым памяшканні «Крамы Ц»
Апроч таго, «Крама Ц» плануе вярнуцца да ўнікальных «фішак» прасторы.

«Калі ў цябе новае памяшканне з белымі сценамі, шмат чаго можна зрабіць. Наўрад ці станем паўтарацца і зноў маляваць ва ўсю сцяну мапу часоў росквіту Вялікага Княства, але нешта цікавае абавязкова будзе», — кажа Андрэй.

«Не быў у „Краме Ц“ — не быў у Гродне»

Большая частка памяшканняў у будынку на Кірава, 3 рамантуецца і здаецца ў арэнду.

«Таму запрашаем далучыцца да нашай кампаніі. Зараз самы час лавіць момант і гуртавацца, — заклікае Андрэй. — Можа, нас хутка стане не тры крамы, а пяць ці нават сем».

Ён хацеў бы зрабіць гэтае месца культавым, сапраўднай славутасцю горада. З аднаго боку, гістарычнай цікавосткай, а з другога — месцам тусовак гродзенцаў розных узростаў.

«Мы можам зрабіць гэта месцам, куды абавязкова захочацца прывесці сваіх сяброў з іншых гарадоў ці краін. Пра якое б казалі „не быў у „Краме Ц“, не быў у „Цудоўні“ — не быў у Гродне“. А ў нас будзе магчымасць расказваць турыстам пра горад, гісторыю, рамесныя традыцыі, сучасную культуру Беларусі, знаходзячыся ў самым сэрцы старога места», — расказвае ўладальнік «Цудоўні».

У «Краме Ц» ўсе вельмі любяць сваю працу
«Пакуль мы чыталі аб’явы арэнды, убачылі памяшканне на 600 „квадратаў“. Зараз для нас гэта зашмат, але хто ведае, можа праз колькі гадоў мы замахнемся на нешта падобнае?» — кажа Андрэй.


«Крама Ц» — гэта гандлёва-культурная прастора, якая ўзнікла ў 2015 годзе. Пад адным дахам змясціліся першая крама настольных гульняў «Кубік», этнакрама «Цудоўня» і крама эка-мэблі «33 камоды». Тут праводзяць гульнятэкі і турніры настольных гульняў, майстар-класы, лекцыі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024