Цяпер “тры крамы пад адным дахам” будуць знаходзіцца па адрасе Кірава, 3. Завітаць у новае месца можна будзе з 15 сакавіка. Уладальнікі плануюць пашырыць асартымент і стварыць новыя секцыі – букіністычную і музычную.
104 крокі ад цэнтру
– Надыходзіць час расці і развівацца. Для нас становіцца традыцыяй раз на паўтара года пераязджаць, – расказвае Андрэй Несцяровіч, заснавальнік “Цудоўні”. – Спачатку мы засяліліся на Траецкую, 16. Праз год з невялікім стала зразумела, што нам там цесна. Падвярнуўся варыянт пераехаць у большае памяшканне па суседстве. Зараз з’явілася магчымасць яшчэ крышачку вырасці, павялічыць свае магчымасці і магутнасці.

Пераезд запланаваны на 15 сакавіка. А 17-га ў новым месцы ўжо адбудзецца першая імпрэза. Ад цэнтру да новага будынка 104 крокі, лічыў Андрэй. Плошча “Крамы Ц” павялічыцца з 82 да 100 квадратных метраў. У будынка будзе гістарычны фасад і шкляная сцяна, якая пусціць шмат сонечнага святла. Да таго ж, выдатнае суседства: у доме на Кірава, 5 жыў стваральнік эсперанта Людвік Заменгоф.
Будынак на Кірава,3 мае ўтульны ўнутраны дворык. Там улетку плануюць праводзіць мерапрыемствы на свежым паветры. Разам з “Крамай Ц” у новы будынак пераязджае і іхны сусед па вуліцы Траецкай – First Vape Bar. Таму летам на імпрэзах можна будзе сядзець за столікамі і піць каву ці барныя напоі. А частка вэйперскай тусоўкі можа зацікавіцца мерапрыемствамі “Крамы Ц”.
З’явіцца букіністычная і музычная секцыі
– Для нас гэта сапраўды крок наперад, – кажа Андрэй. – Адкрываюцца новыя магчымасці па правядзенні імпрэзаў, пашырэнні існуючых секцый і паляпшэнні экспазіцыі. У новым месцы чалавек не згубіцца ў прасторы і хутка знойдзе тое, што яму трэба.
Памяшканне будзе разбіта на два пакоі. У адным размесціцца “Цудоўня”, у другім – “Кубік”. Мэбля “33 камоды”, як і раней, будзе расстаўленая па ўсёй краме. У “Цудоўні” пашырыцца кніжная секцыя, яна стане большай і разнастайнейшай. Гаспадары крамы плануюць з часам стварыць і букіністычную палічку з бібліяграфічнымі рэдкасцямі і старымі выданнямі.
Таксама ў планах – музычная секцыя з дыскамі, а пазней і кружэлкамі. Там будзе музыка беларускіх аўтараў розных жанраў: этна, рок, блюз.

Апроч таго, “Крама Ц” плануе вярнуцца да ўнікальных “фішак” прасторы.
“Калі ў цябе новае памяшканне з белымі сценамі, шмат чаго можна зрабіць. Наўрад ці станем паўтарацца і зноў маляваць ва ўсю сцяну мапу часоў росквіту Вялікага Княства, але нешта цікавае абавязкова будзе”, – кажа Андрэй.
“Не быў у “Краме Ц” – не быў у Гродне”
Большая частка памяшканняў у будынку на Кірава, 3 рамантуецца і здаецца ў арэнду.
“Таму запрашаем далучыцца да нашай кампаніі. Зараз самы час лавіць момант і гуртавацца, – заклікае Андрэй. – Можа, нас хутка стане не тры крамы, а пяць ці нават сем”.
Ён хацеў бы зрабіць гэтае месца культавым, сапраўднай славутасцю горада. З аднаго боку, гістарычнай цікавосткай, а з другога – месцам тусовак гродзенцаў розных узростаў.
“Мы можам зрабіць гэта месцам, куды абавязкова захочацца прывесці сваіх сяброў з іншых гарадоў ці краін. Пра якое б казалі “не быў у “Краме Ц”, не быў у “Цудоўні” – не быў у Гродне”. А ў нас будзе магчымасць расказваць турыстам пра горад, гісторыю, рамесныя традыцыі, сучасную культуру Беларусі, знаходзячыся ў самым сэрцы старога места”, – расказвае ўладальнік “Цудоўні”.

“Пакуль мы чыталі аб’явы арэнды, убачылі памяшканне на 600 “квадратаў”. Зараз для нас гэта зашмат, але хто ведае, можа праз колькі гадоў мы замахнемся на нешта падобнае?” – кажа Андрэй.
“Крама Ц” – гэта гандлёва-культурная прастора, якая ўзнікла ў 2015 годзе. Пад адным дахам змясціліся першая крама настольных гульняў “Кубік”, этнакрама “Цудоўня” і крама эка-мэблі “33 камоды”. Тут праводзяць гульнятэкі і турніры настольных гульняў, майстар-класы, лекцыі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг.


