Рэдакцыя Hrodna.life працягвае аналізаваць гродзенскі рынак нерухомасці на сайце Kufar.by. Мы ўжо пісалі пра самыя дарагія і самыя танныя кватэры, якія можна купіць у Гродне, а таксама пра лецішчы зусім блізка ад горада. Зараз мы абралі самыя дарагія катэджы ў Гродне і ваколіцах. 

Шасціпакаёвы дом на Палестыне за $ 700 000

Двухпавярховы дом 1962 года пабудовы са 100% гатоўнасцю да пражывання. Зрэшты, год сур’ёзнага рамонту або перабудовы відавочна больш свежы. Дом знаходзіцца ў раёне Палестына на вуліцы Дальняй. Плошча – 227 кв. м.

У доме ёсць прасторная гасцёўня з вокнамі ў падлогу, шэсць пакояў, гардэробная, асноўны і гасцявы санвузлы. Санвузел ёсць на кожным паверсе, лесвіца вінтавая, каваная. Другі паверх – мансардны з балконам. На ўчастку ў шэсць сотак – ландшафтны дызайн, ёсць альтанка-барбекю.

“Дызайнер абраў для афармлення інтэр’еру дома стыль, над якім не ўладны час. У аздабленні памяшканняў выкарыстаны як сучасныя, так і класічныя павевы. Традыцыйныя прадметы хатняга ўжытку і аўтарскія элементы падкрэсліваюць яго вытанчанасць. Дэкаратыўны роспіс на сценах і мэблі, драўляныя падлогі, вытанчаныя жырандолі, вырабленая на замову мэбля і прадметы інтэр’еру ствараюць неверагодную атмасферу!”- апісваюць дом у аб’яве.

Прадаўцы дома нават замовілі ў фатографа Івана Цыркуновіча 3D-тур па доме:

Жылы комплекс у Каробчыцах за $ 530 000 (са “спрадвечна-рускім” інтэр’ерам)

За гэтую суму прапануюць жылы дом з 75% гатоўнасці і цалкам гатовы гасцявы дом-лазню.

У доме чатыры пакоі, гасцёўня, пральная і два санвузлы. У будаўніцтве дома былі выкарыстаныя дарагія матэрыялы прэміяльных брэндаў. “Сам дом высокатэхналагічны з наяўнасцю цёплых падлог”, – адзначаюць у аб’яве.

Гасцявы дом-лазня выкананы з валагодскага лесу ручной рубкі. Драўляная лесвіца, кухня з драўлянымі фасадамі, руская парная і камін, абліцаваны з выкарыстаннем рускіх узораў на кафлі. “Спрадвечна-рускі інтэр’ер па-новаму – гэта тое, што зачароўвае і нікога не зможа пакінуць абыякавым”, – так апісваюць дом-лазню прадаўцы. 

У гэтым выпадку яны 3D-тур не падрыхтавалі, затое знялі свой дом з вышыні з дапамогай дрона.

Пяціпакаёвы катэдж з більярднай ў м-не Баранавічы за $ 500 000

Дом 2013 года пабудовы, плошчай 440 кв. м, з мэбляй і тэхнікай. Размешчаны на надзеле ў 14 сотак з газонам, пладова-ягаднымі раслінамі і навесам для двух аўтамабіляў.

У доме – італьянская паркетная дошка, італьянская керамічная плітка і сантэхніка. Столі з дэкаратыўным аздабленнем, ляпніна. На сценах – італьянскія тканінавыя шпалеры. Дом прадаюць з тэхнікай вядомых брэндаў: ёсць пасудамыйная машына, халадзільнікі, тэлевізары, пральная машына.

Італьянскія міжпакаёвыя дзверы. У аб’яве напісалі, што кожная з іх каштавала 5000 еўра. На другім паверсе – адкрытая прастора для заняткаў спортам і більярдавая са спальняй. 

Таксама ёсць лазня з гасцявым домам. У ім – парылка, кухня, халадзільнік, кава-машына, мікрахвалевая печ, тэлевізар, санвузел, душ і пакой для адпачынку.

Каля лесу ў вёсцы Навумавічы за $ 450 000

На надзеле ў 18 сотак размешчаны асноўны дом 305 м. кв. з дызайнерскім рамонтам, а таксама гасцявы дом з лазняй, басейнам, тэрасай агульнай плошчай 165 м. кв.

У новым, 2020 года пабудовы, трохпавярховым доме – больш за пяць пакояў, уладкаваныя кухня і санвузлы. Ёсць каміны, сігналізацыя і кандыцыянеры. Надзел акружаны лесам. 

Дом і пабудова пад камерцыйную дзейнасць на Савецкіх пагранічнікаў за $ 330 000

Прадаецца дом 2000 года пабудовы, падзелены на дзве часткі. “Адна частка на 3 паверхі ўверх, другая – на 3 паверхі ўніз. У кожнай паловы свой уваход, свая кухня, газавы кацёл і лічыльнікі”, – пазначана ў аб’яве.

У адной частцы дома, якая на 3 паверхі ўверх: кухня і сталовая, 5 пакояў, 1 санвузел сумешчаны, балкон, тэраса. У другой частцы дома, на 3 паверха ўніз: 2 уваходы, тэраса, кухня, 4 пакоі, ванная і 1 сумешчаны санвузел, гараж з вялікай ямай.

Капітальны будынак пад камерцыйную дзейнасць – мансардны 2019 года пабудовы. На першым паверсе – кухня, аб’яднаная з холам, прахадны пакой, сумешчаны санвузел, лазня, басейн і кацельня. На другім паверсе – частковы рамонт. У аб’яве пазначана, што будынак можна перавесці ў жылы дом.

Насупраць дома – лес, да Нёмана – 300 метраў. Ёсць магчымасць купіць адну частку дома.

У цэнтры – за $ 320 000

За гэтую цану можна купіць дом у раёне стадыёна «Нёман». Плошча дома – 350 кв. м. У доме – новая кухня, камін, на цёплай падлозе – паркет. Ёсць кандыцыянеры. 

На цокальным паверсе – більярдная зала, спартыўны пакой, інфрачырвоная сауна.

На акультураным надзеле ў 20 сотак растуць вялікія елкі, туі, дэкаратыўныя хмызнякі і пладовыя дрэвы. Ёсць ацеплены гараж на дзве машыны. Усе камунікацыі цэнтральныя.