Распаўсюджванне новага тыпу каронавіруса ў Кітаі не спыняецца. Як на эпідэмію глядзяць замежнікі, якія жывуць у Кітаі, распавяла гарадзенка Яна Трушко, якая там вучыцца.

Дзяўчына расказала Hrodna.life, што прыехала ў Кітай з Гродна ў 2019 годзе. Зараз яна вучыцца ў горадзе Чэнду, правінцыі Сычуань, якая знаходзіцца ў 1161 км ад Уханя — буйнога горада, дзе каронавірус быў упершыню выяўлены.

Да замежных студэнтаў даходзяць чуткі, што насамрэч хворых нашмат больш, чым паведамляюць афіцыйна.

Паводле інфармацыі агенцтваў, колькасць жыхароў КНР, якія заразіліся новым каронавірусам, у аўторак 28 студзеня дасягнула 4515. Колькасць смяротных вынікаў склала 106.

За мінулыя суткі ў правінцыі Хубэй памерлі яшчэ 24 хворых. Там жа быў зарэгістраваны 1291 новы выпадак заражэння. Найбольшая колькасць інфіцыраваных і памерлых ад каронавіруса прыпадае на правінцыю Хубэй (2714 і 47 адпаведна) і яе адміністрацыйны цэнтр горад Ухань (1590 і 42). У Пекіне выяўлена 80 інфіцыраваных (зарэгістраваны адзін смяротны выпадак).

Інфармацыі мала, каму верыць — не ясна

«Пачалося ўсё ў сярэдзіне студзеня, тады мы і даведаліся пра так званы каронавірус, — распавядае Яна. — Але ўспышка была заўважаная ў горадзе Ухань яшчэ ў мінулым годзе, на пачатку снежня. Але ад народа гэта хавалі. Сітуацыя на дадзены момант пагаршаецца, улады спрабуюць не падымаць паніку, кажуць пра тое, што яны распрацоўваюць вакцыну. Але вакцыны няма, а вірус пастаянна муціруе і таму нешта зрабіць зараз складана. Дакладнай лічбы захварэўшых і памерлых не паведамляецца. Але ў кітайскіх сацыяльных сетках паступае вельмі шмат рознай інфармацыі. Каму верыць, ніхто не ведае. Ужо некалькі гарадоў зачынілі, таксама ў горадзе Ухань пачалі будаваць бальніцу, якая павінна быць гатовая за 10 дзён».


Чытайце таксама: Коронавирус нашли в 1000 км от Гродно

Раскупляюць маскі, адмяняюць рэйсы

Гродзенка распавядае, што кітайскія ўлады прымаюць меры для прадухілення распаўсюджвання віруса. Гэта закранула і замежнікаў.

«Пры ўваходзе ў аэрапорце правяраюць тэмпературу, шмат рэйсаў адмяняюць і не даюць вылецець нават замежнікам у свае краіны. Камусьці шанцуе, камусьці не. Спачатку ў замежнікаў не было панікі, але ў сувязі з апошнімі падзеямі мы пачынаем глядзець на гэтую сітуацыю больш сур’ёзна. Думалі што жарты, але ўжо становіцца страшна. Масак не хапае, цэны на іх павялічыліся ў 5−10 разоў. Асабіста я сябе стараюся абараніць з дапамогай маскі і антысептыку, а таксама часцей мыю рукі, не ем мяса і морапрадукты. У нашым горадзе ўжо 70 заразіліся. Усе кітайцы. Яшчэ нядаўна казалі пра пажылых, але зараз вірус распаўсюдзіўся і на маладых. Што будзе далей цяжка сказаць, але я ўжо сабралася дадому».


Чытайце таксама: Си Цзиньпин: распространение смертельно опасного коронавируса ускоряется


Даведка

Каронавірусы (лац. Coronaviridae) — сямейства, якое ўключае на студзень 2020 года 40 відаў вірусаў, аб’яднаных у 2 падсямействы, якія небяспечныя для чалавека, котак, птушак, сабак, буйной рагатай жывёлы, свіней і зайцоў. Упершыню вірус быў выдзелены ў 1965 годзе ў пацыента з вострым рынітам. У сярэдзіне снежня 2019 года пачалася ўспышка хваробы, выкліканая новым каронавірусам 2019-nCoV.

У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя далі рэкамендацыі, як абараніцца ад каронавіруса. Памятка размешчана на старонцы СААЗ у Twitter.

Рэкамендуецца:

  • мыць рукі з мылам ці праціраць рукі сродкамі на алкагольнай аснове;
  • прыкрываць рот і нос пры кашлі або чханні насоўкай або сагнутым локцем;
  • пазбягаць цеснага кантакту з любым чалавекам з сімптомамі прастуды ці грыпу;
  • тэрмічна апрацоўваць мяса і яйкі перад ужываннем у ежу;
  • пазбягаць неабароненых кантактаў з дзікімі жывёламі і хатнім быдлам.
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]