Пакуль праходзіць конкурс эскізных праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму, Hrodna.life даведаўся, што думаюць мінакі на вуліцах горада пра меркаваную скульптуру. У якім вобразе яны хацелі б бачыць знакамітага гродзенскага старасту?

Любоў Міхайлаўна
– Першае, што прыходзіць у галаву – конная статуя. Давыд Гарадзескi быў воінам і кіраўніком войска, таму, мне здаецца, ён павінен быць на кані. Месца я б выбрала ў цэнтры горада – замест танка. Ваенная машына – гэта не помнік. Ёй не месца ў мірным горадзе.

Аляксандр
– Нядрэнныя прапановы былі не так даўно ў мастака Уладзіміра Качана. Гэта была фігура на кані, у баявых даспехах. Менавіта так павінен выглядаць Гарадзенскі. Помнік гэтаму чалавеку ў горадзе павінен быць, як экскурсавод я гэтаму буду вельмі рады. Пакуль жа пра Давыда Гарадзенскага я распавядаю ў Каложскім парку. Спадзяюся, хутка буду гэта рабіць каля замкаў.

Валянціна
– Для мяне конная статуя была б ідэальна, але, баюся, на гэта ніхто не дасць грошай. Ды і на проста фiгуру цяжка будзе знайсці. Але па маштабе асобы статуя павінна быць конная. Вобраз Гарадзенскага можна будзе ўзнавіць па старых дакументах і не трэба нічога выдумляць. Гэты помнік я б хацела ўбачыць у гiстарычным цэнтры Гродна – каля замкаў або ў скверы на месцы падарванай Фары Вітаўта.

Яўген
– Які помнік будзе, я яшчэ нават не задумваўся. Мне хацелася б у першую чаргу, каб гродзенцы ведалі гісторыю, каму і за якія заслугі ставіцца помнік. На жаль, гэтага многія не ведаюць. Я магу прадказаць, што Давіда Гарадзенскага адлюструюць у выглядзе ваяра сярэднявечча, можа нават на кані.

Любоў Уладзіміраўна
– Давыд Гарадзенскі павінен абавязкова быць у выглядзе ваяра таго часу, у якім ён жыў. Майстры павінны папрацаваць і знайсці максімум інфармацыі. Зараз у свеце адбываюцца сур’ёзныя канфлікты, а гэты помнік павінен паказаць, што мы таксама ў выпадку чаго можам абараняцца і нам ёсць на каго раўняцца. Так што баявыя элементы ў ім абавязкова павінны прысутнічаць. З сучасных беларусаў помнік Гарадзенскаму мог быць падобным да Віталя Гуркова, які ўжо даказаў сілу і моц беларусаў.

Аляксандр
– Мне здаецца, можна было б паспрабаваць зрабіць помнік чымсьці падобным да Пагоні. Калі на самай справе ў свой час Гарадзенскi так ганяў крыжакоў, як мы чытаем, то можна і зрабіць яго з мячом на кані. Можна будзе ў будучыні казаць: “Пагоня пачынаецца ў Гродне”.

Дзмітрый Віктаравіч
– Калі грошай хопіць, то лепш на кані яго зрабіць. А калі не хопіць, то зрабіць фігуру са шчытом і мячом, можа і дзідай. Таксама калі грошай хопіць, то помнік павінен быць з бронзы і абавязкова падобны да ваяра ў даспехах, з вусамі і барадой. Добры прыклад Гарадзенскага быў у кнізе 1991 года “Гродзенскі замак”, якую напісаў Алесь Краўцэвіч. А месцам для помнiка я б выбраў скрыжаванне Замкавай і Гарадзенскага.

Арына
– Давыд Гарадзенскi быў чалавекам статным, які абараняў наш горад, быў старастай. Я ўпэўнена, што помнік гэтай персоне павінен паказваць статнасць і дэманстраваць сілу. Мне здаецца, павінна быць цалкам постаць чалавека: высокая, са скіраванай уверх галавой, абавязкова з мячом. Галоўнае паказаць у помніку, што гродзенцы заўсёды могуць аказаць супраціў ворагам, якія захочуць напасці на нашыя землі.


