12 снежня спаўняецца 430 гадоў з дня смерці караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Памёр ён у Гродзенскім старым замку, пакінуўшы пасля сябе не толькі славу на вякі, але і цалкам матэрыяльныя рэчы, якія праз пару дзён запісалі ў інвентары.

Кароль прыехаў у Гродна восенню 1585 г. і амаль год жыў тут, выязджаючы толькі на паляванні. Праўда, на паляваннях па-за межамі горада ён праводзіў большую частку тыдня. Вучоныя кажуць, што толькі дзічынай з пушчаў можна было пракарміць вялікі каралеўскі двор, але, безумоўна, кароль жыцця сабе не бачыў без палявання.

Адметны пан між асобаў

Баторый у пятніцу вечарам ці ў суботу ранкам прыязджаў у Гродна. У суботу займаўся дзяржаўнымі справамі, а ў нядзелю ранкам ехаў са сваёй службай у касцёл на імшу. Вось як выглядаў паход караля ў храм летам 1586 г. паводле ўспамінаў сучасніка-немца:

«2-га [чэрвеня], а гэта была нядзеля, я бачыў у Горадні яго вялікасць польскага кароля Стэфана, калі той ехаў на кані ад замку да храму. Гэта адметны пан між асобаў, таксама высокіх i моцных, так што сярод многіх подобных не знайсці і не угледзець яшчэ такога. На ім адзенне, упрыгожанае згодна з мясцовымі звычаямі, i невялікая польская шапка, на якой носіць густы салтан з чорных чапліных пёраў.

Kалі ён так едзе, то выглядае трыюмфальна, велічна і шыкоўна. Перад ім i за ім рухаецца мноства дзяржаўных людзей, рыцараў i шляхцічаў, побач яго гвардзейцы, якія адзін ля другога стаяць па абодва бакі вуліцы ад замку да храму. Гэта ягоныя гусары і гайдукі, народ магутны і злы.

kryilatyie-gusaryi-grodno-2016-014

[Было] відаць многа прыгожых, далікатных і элегантных коняў, з дарагім рыштункам i ўпрыгажэннямі. Палякі трацяць на гэта вялікія кошты. Я ўвайшоў у храм, у якім цягам цэлай гадзіны чыталі казанні па-лацінску для яго каралеўскай вялікасці.

I калі кароль зноў рушыў да замку, я бачыў, як шатландзец, актор, які знаходзіўся тут i паўсюль быў даволі добра вядомы, паехаў у другім шэрагу перад яго каралеўскай вялікасцю, а гэта мусіла значыць, што ён карыстаецца вялікай ласкай караля".

[irp posts="5518″ name="Шэсце ў гонар Стэфана Баторыя прайшло ад замку да Фарнага касцёла"]

Прастуда ўзмацніла сімптомы хваробы

У канцы лістапада 1586 г. кароль выправіўся на чарговае паляванне. Стаялі вельмі моцныя марозы, цяжкія нават для мясцовых жыхароў. 2 снежня кароль паехаў паляваць на дзікоў у кундзінскі лес (мясцовасць Кундзін цяпер у Польшчы адразу за Кузніцай). Там ён прастыў і ўжо 4 снежня вярнуўся ў Гродна. У замку каралю палепшала і нават 7 снежня ў нядзелю ён адправіўся ў касцёл, хаця лекар Сімоніўс яму таго і не раіў.

Кароль меў спальню на другім паверсе замка. Там, дзе цяпер музейны пакой, прысвечаны заходнебеларускім камуністам і паглядае са сцяны палітвязень Сяргей Прытыцкі. Ноччу ён устаў і перайшоў у суседні зал па патрэбе. Там у яго пачаўся прыступ ныркавай хваробы, кароль згубіў прытомнасць і ўдарыўся аб лаву. Служкі паднялі караля, які хутка апрытомнеў.

kryilatyie-gusaryi-grodno-2016-001

Да вечара 9 снежня каралю палепшала, але вечарам ён ізноў страціў прытомнасць і ўпаў на ложак. Наступныя некалькі дзён Баторый меў яшчэ некалькі прыступаў таямнічай хваробы і 12 снежня каля 5-й гадзіны вечара памёр у сваім ложку ў спальні ў Старым Замку.

«Новы Гедымін»

Што значыла смерць Баторыя для ўсёй Еўропы, для будучыні Рэчы Паспалітай і Расіі, добра сказаў расійскі гісторык Мікалай Карамзін:

«12 декабря 1586 года скончался Стефан Баторий (или от яда или от неискусства врачей, как думали), один из знаменитейших Венценосцев в мире, один из опаснейших злодеев России, коего смерть более обрадовала нас, нежели огорчила его Державу: ибо мы боялись увидеть в нем нового Гедимина, нового Витовта; а Польша и Литва неблагодарные предпочитали дешевое спокойствие драгоценному величию.

[irp posts="1699″ name="Каб з гвалтаўніка і забойцы не зрабілі героя. Чаму ў Гродне чым хутчэй трэба паставіць помнік Стэфану Баторыю"]

Если бы жизнь и Гений Батория не угасли до кончины Годунова, то слава России могла бы навеки померкнуть в самом первом десятилетии нового века: столь зависима судьба Государств от лица и случая, или от воли Провидения!"

Што засталося ў замку пасля караля?

Цяперашнія вучоныя ў большасці прызнаюць, што галоўнай прычынай смерці караля была цяжкая хвароба нырак, хранічная ад досыць няўмеранага ўжывання віна і абвостраная холадам кундзінскай пушчы.

Але спутнікаў караля, якія спаткалі яго смерць у Гродне і з’ехаліся сюды неўзабаве, цікавілі штодзённыя рэчы. Хутка, ужо 15 снежня, быў складзены інвентар рэчаў караля Стэфана Баторыя, якія засталіся ў Гродне пасля яго смерці. Зазірнем у яго.

kryilatyie-gusaryi-grodno-2016-009

Замак быў абстаўлены мэбляй досыць слаба. На сценах спальні віселі вялікія арасы — габелены, якія крыху падымалі тэмпературу ў халодным замку. Некалькі гадзіннікаў, скрынак, столікаў, крэслаў, ложак з балдахінам… Вопратка, падшытая сабалямі ды бабровым футрам. Пару футраў мелі залатыя гузікі.

Посуд быў галоўным чынам са срэбра, часткова ўласнасць караля, а часткова са скарбу Рэчы Паспалітай. Напрыклад, талеркі мелі герб Стэфана Баторыя — зубы, а насупраць некаторых лыжак стаяць запісы — згублена ў Гродне або пад Полацкам. Вось так, кароль, вызваляючы Рэч Паспалітую ад войска тырана Івана Грознага, мусіў дбаць пра колькасць срэбраных лыжак… Што тут сказаць, шляхецкая дэмакратыя.

Найбольш уражваюць падвал з віном ды каралеўская стайня.

Віно:

  • Чатырохгадовага — 8 бочак
  • Лоўскага — 9 бочак
  • Шанілайскага — 3
  • Маладога ад Тарная — 1
  • Варадынскага — 3

І яшчэ мноства іншага венгерскага віна, усяго 51 бочка!

І коні былі цудоўныя. Пры чым усе яны былі пры конюхах (машталерах) вянгерскай нацыянальнасці.

Машталер Кшыштаф Таргашы апекаваўся канямі Івашка і Балаго, Машталер Петар канямі Войда і Турман, машталер Кішамуш канямі Баторы, Греоры, маштелер Секель Лорчус коні Тарагаш і Кенды… А яшчэ коней звалі Падскарбі, Пукфрэс, Шыгер, Абозны… Усяго кароль меў 31 каня. Машталеры караля трымалі ў стайнях яшчэ 90 коней для сябе і нават пару верблюдаў.

Коні, канешне, былі сімваламі эпохі найвялікшага караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, ваяра і мудрага дзяржаўнага дзеяча, які выратаваў сваю краіну і так шмат зрабіў для Гродна.

[irp posts="5888″ name="Блогер збірае подпісы за ўстаноўку помніка Стэфану Баторыю ў Гродне"]