Дзмітрый – дасведчаны веласіпедыст. За рулём двухколавага транспарту ён ужо больш за 10 гадоў. Цяпер мужчына на бальнічным – у яго зламаная рука, выбітыя зубы і пашкоджаны твар. Ён упаў 11 траўня ў Пышках на веладарожцы, спрабуючы аб’ехаць пешаходаў.

Сваю гісторыю Дзмітрый вырашыў распавесці, каб гарадскія ўлады звярнулі ўвагу на праблему ў лесапарку, дзе на веладарожках пастаянна здараюцца канфлікты з пешаходамі.

«Зрабіў усё, каб не сутыкнуцца з дзіцём»

«Я ехаў у Пышках па веладарожцы, нічога не парушаў, – распавядае Дзмітрый. – На спуску, недалёка ад крытага манежа, я ўбачыў жанчыну з дзіцём – яны ішлі па веладарожцы. На сігнал не рэагавалі. Калі я быў ужо побач, мне проста прыйшлося ўсё магчымае зрабіць, каб не сутыкнуцца з дзіцём».

У выніку Дзмітрый зваліўся на асфальт – моцна стукнуўся галавой і рукамі. Пешаходы яму не дапамаглі, ён самастойна выклікаў медыкаў.

«Я ў апошні момант прыняў рашэнне з’ехаць убок – пацярпеў толькі сам. Удар быў вельмі моцным. Самае крыўднае, што ніхто з пешаходаў не аказаў мне дапамогу. У выніку мяне забралі ў бальніцу. Наклалі швы на нос, дыягнаставалі пералом рукі, ну і два пярэднія зубы я выплюнуў».

Мужчына абураны тым, што для пешаходаў у Пышках ёсць асобная шырокая сцежка, але яны чамусьці любяць шпацыраваць па веладарожцы. З-за гэтага і здараюцца канфлікты. Дзмітрый – не першы веласіпедыст, для якога катанне там скончылася пераломам.

"Зламаў руку і выплюнуў два зубы". Як скончыць канфлікт веласіпедыстаў і пешаходаў у Пышках?
На гэтай дарожцы Дзмітрый атрымаў траўму. Калі карэспандэнт Hrodna.life сам вырашыў праехаць па ёй, ён сустрэў на сваім шляху шмат пешаходаў.

Статус дарожкі ўводзіць у зман

Грамадскае аб’яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» даўно ўздымае праблему веладарожкі ў Пышках. Гэтае пытанне неаднаразова абмяркоўвалася ў выканкаме, але ДАІ пакуль не дае перавагі веласіпедыстам, а ЖКГ не ставіць папераджальныя таблічкі.

«Канфліктныя сітуацыі былі там і раней, – кажа прадстаўнік «ВелаГродна» Юлія Каляда. – Для Пышкоў я бачу два альтэрнатыўныя рашэнні: перастаць называць дарожку веладарожкай і даць ёй статус пешаходнай з правам ездзіць на ровары або, падтрымаўшы назву веладарожкі, забараніць, з дапамогай знакаў, хаджэнне па ёй пешшу, прагулкі і прабежкі. Бягучы статус уводзіць у зман усіх удзельнікаў руху».

Юлія прапануе зрабіць у Пышках наступнае:

  • веласіпедысты, якія трапілі на веладарожцы ў здарэнне з-за перашкоды пешаходаў, павінны неадкладна паведамляць у міліцыю;
  • на веладарожцы, а асабліва на спусках, павінны з’явіцца інфармацыйныя таблічкі: “Увага! Інтэнсіўны веласіпедны рух”.

Частыя паведамленні ў міліцыю зробяць праблему бачнай – яна з’явіцца ў статыстыцы.

Пакаранні і заахвочванні

Бачаннем сітуацыі ў Пышках падзяліўся актыўны гродзенскі веласіпедыст Алег Крыушкін. Ён адзначае, што сёння веласіпедыст у Гродне – самы бяспраўны ўдзельнік дарожнага руху, на якога звяртаюць увагу па рэшткавым прынцыпе.

«У Пышках зробленая веладарожка, якая ідзе паралельна з пешаходнай. Дзеючыя Правілы дарожнага руху адназначна не рэгламентуюць гэтую сітуацыю, – кажа Алег. – Па сумленні – пешаход можа ісці па пешаходнай частцы, якая ў 30-50 метрах, побач. Па сутнасці гэта ўсё не рэгламентавана. Адказы з ДАІ: разбірайцеся самі, неяк паміж сабой дамаўляйцеся, тармозіце, але калі нешта здарыцца – гэта не ДТЗ. Калі хочаце – разбірайцеся самастойна паміж сабой у судах.

Праблему Алег прапануе вырашаць двума спосабамі. Кожны з іх асобна не спрацуе.

  • Пакаранні. Дадаць знакі, якія наўпрост забараняюць перамяшчэнне пешаходаў на тых участках, якія адзначаны цяпер не як змешаныя пешаходна-веласіпедныя, а менавіта як веладарожкі. Рэгулярна, асабліва па святах і выхадных, прыцягваць патрульно-паставую службу для масавага тлумачэнні грамадзянам на першым этапе (да месяца) і метадычнага пакарання ўсіх парушальнікаў на другім этапе.
  • Заахвочванні. Многія пешаходы не разумеюць, што яны робяць нешта не тое. Трэба нанесці ля кожнага выхаду з лесу разметку са значком ровара і закрэсліць пешахода, каб гэтая разметка была ў зоне прамой бачнасці кожнага, хто выйшаў на веласіпедную дарожку. Дарожка ў ідэале павінна быць аддзеленая ад пешаходнай: траўнікам, малымі архітэктурнымі формамі, невысокай агароджай. А на сумешчаных участках павінна выдзяляцца не проста разметкай.

Чытайце таксама: Чаго толькі не ўбачыш у Гродне: у Пышках шпацыруе сабака, які любіць гушкацца на арэлях

"Зламаў руку і выплюнуў два зубы". Як скончыць канфлікт веласіпедыстаў і пешаходаў у Пышках?

На думку Алега, толькі сумесная праца ДАІ, выканкамаў, пешаходаў і веласіпедыстаў можа зрабіць горад больш бяспечным.

“Трэба данесці кожнаму: ты выходзіш з вазком папярок любой дарожкі – а ці не перашкаджаеш ты камусьці, а ці не ствараеш ты небяспеку свайму дзіцяці, а ці не застанецца тваё дзіця праз пару хвілін сіратой? Едзеш на ровары – а ці зможаш ты спыніцца?”

Алег спадзяецца, што ўлады скарыстаюцца вопытам суседніх краін і рэгламентуюць канфліктныя сітуацыі. “Каб усе разумелі сітуацыю аднолькава, а не кожны па-свойму”, – кажа ён.