Канцэрты ў Гродне ўжо праходзяць без афіш і не ў канцэртных залах. Гэта стала вынікам ціску на культуру пасля пратэстаў 2020 года. Рэдакцыя Hrodna.life разбіралася, да чаго прывядзе цэнзура і абмежаванні ад уладаў. Гэта другі тэкст з цыклу публікацый аб сацыяльна-культурных зменах у Гродне з 2020 года.
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
У Гродне запланаваны канцэрт вядомага ў Беларусі і за мяжой выканаўцы. Яго група лічылася адной з лепшых у жанры. У калектыву былі шырокія гастролі - як у краіне, так і за мяжой. Але вы не ўбачыце афіш канцэрту ў горадзе. Запрашэнні на яго перадаюцца ад чалавека да чалавека. Пляцоўка будзе мала падобная на тыповую канцэртную залу. Яе размяшчэнне пакуль трымаюць у сакрэце.
Такія канцэрты становяцца штодзённасцю для Беларусі. «Літаральна на выходных размаўляў з чалавекам з Мінска. Яны зрабілі падпольны канцэрт для „сваіх“. Гулялі метал без палітычных канатацый. Ён мне скінуў відэа, дзе ў людзей замазаныя твары — мне трэба толькі гукі. Нармальна, „лабаюць“ сабе», — падзяліўся з Hrodna.life гродзенскі музыкант Андрэй (імя зменена), вымушаны эміграваць. Яго група грала адзін з відаў панка, а сам Андрэй сустрэўся з пераследам з боку сілавых структур. У групе адбыўся раскол пасля пратэстаў 2020 года.
Гэта тэндэнцыя апошніх месяцаў культурнай дзейнасці ў Беларусі. Колькасць людзей на такіх канцэртах абмежавана — блізкія, сябры, знаёмыя. Выпадковы чалавек туды не патрапіць. Інакш — магчымыя візіты сілавікоў, бо ўлады могуць бачыць «крамолу» ва ўсім.
«Так што казаць аб тым, што канцэртаў не будзе — абсалютна не, — лічыць Андрэй. — Праблемы менавіта ў той частцы, дзе пачынаюцца палітычныя зьместы. Калі людзі „засвечаныя“, вядомыя іх пазіцыі, сам гурт мае палітычны пасыл».
Табу на «палітыку»
Вячаслаў (імя змененае*) працуе ў сферы культуры і дапамагае ў арганізацыі музычных вечарынак. Гэта мерапрыемствы на невялікіх пляцоўках — у асноўным, у барах. На іх выступаюць незалежныя выканаўцы, не звязаныя з культурай у дзяржустановах.
Пры арганізацыі мерапрыемстваў агаворваецца табу на «палітычную маніфестацыю». Самі арганізатары просяць музыкаў не выказвацца на палітычныя тэмы і не спяваць адпаведныя песні. Па іх словах, гэта неабходная ўмова, каб пляцоўкі працягвалі функцыянаваць, растлумачыў Вячаслаў Hrodna.life.
Канцэрты — у поле зроку праўладных актывістаў
Мерапрыемствы аднаго з бараў трапілі ў поле зроку актывісткі Вольгі Бондаравай. Улады неаднаразова ішлі ёй насустрач і адмянялі мерапрыемствы пасля яе скаргаў. У гэтым выпадку ўвагу Вольгі прыцягнулі афішы, апублікаваныя беларускамоўным Telegram-каналам пра музыку.
«Як паказаў аналіз публікацый, часцей за ўсё ў гэтым бары і арганізуюць выступы бчбесаў», — напісала актывістка. «Бчбесамі» яна называе людзей, якія любяць нацыянальную культуру і беларускую мову. Пасля такой увагі бар публічна папрасіў Telegram-канал не публікаваць іх афішы.
«Водападзел»
Пра тое, што менавіта жнівень 2020 года стаў своеасаблівым «водападзелам», кажуць некалькі арганізатараў і музыкаў. «Спачатку быў усплёск „пазаструктурнай“ канцэртнай актыўнасці. Але далейшыя меры дзяржаўнага кантролю, а таксама эміграцыя многіх дзеячаў мастацтва ў значнай ступені збяднілі культурнае — субкультурнае, контркультурнае — жыццё горада», — лічыць Вячаслаў.
«З „гастролькамі“ [гастрольнае пасведчанне, якое дазваляе праводзіць канцэрты ў Беларусі - Hrodna.life] было „гемарна“, але спраўляліся да 2020-га. Зараз з рэестрам [Рэестр арганізатараў культурна — відовішчных мерапрыемстваў - Hrodna.life] „гемарою“ яшчэ больш. Але тыя, хто не „свяціўся“ ў 2020, могуць арганізоўваць канцы, трапляюць у гэты рэестр. Іншая справа, што на гэтым ніфіга не заробіш, калі няма адміністрацыйнага рэсурсу. Хутчэй, апантаныя хлопцы фестывалі нейкія робяць. І гуртоў амаль не засталося тут», — распавёў Hrodna.life арганізатар, які больш не праводзіць канцэрты ў Беларусі.
З’ехалі панкі, засталіся кавербэнды
Тэмы песень новых калектываў, якія з’явіліся ў апошні час — у асноўным, экзістэнцыяльныя. «Сацыяльна-палітычны падтэкст практычна адсутнічае, за вельмі рэдкім выключэннем», — адзначае Вячаслаў, які працуе з музыкамі па ўсёй краіне. Ён сцвярджае, што з Беларусі з’ехалі практычна ўсе выканаўцы жанру анархапанка. Для яго як раз характэрныя вострапалітычныя тэксты. У 90-х і 00-х Гродна называлі сталіцай анархапанка [палітычна актыўная субкультура, якая спалучае ў сабе ідэалогію анархізму і элементы панка — Hrodna.life]. Зараз жа, лічыць Вячаслаў, аб гэтым можна толькі ўспамінаць.
На беларускай рок-музыцы можна паставіць крыж, лічыць гродзенскі музыкант Ягор (імя зменена), які быў вымушаны эміграваць. Ён гуляў у групе, якая сутыкалася з забаронамі канцэртаў на радзіме. Са слоў Ягора, з Беларусі выехала велізарная колькасць выканаўцаў: ад глыбокага андэграўнду да папулярных артыстаў, якія не могуць зарабляць на канцэртах у Беларусі. Акрамя музыкаў, з’ехалі людзі, якія маюць дачыненне да арганізацыі канцэртаў: дэкаратары, афарміцелі, гукарэжысёры.
— У несвабоднай краіне не можа нічога развівацца. Акрамя кавер-бэндаў і дрэнных музычных «акцёраў», якія будуць хлусіць усім і самім сабе, аб тым, што граюць рок-музыку. Яшчэ будуць агеньчыкі свабоды. Нейкія маладыя людзі, у глыбокім андэграўндзе. Гэта будзе раптоўна і безнадзейна, бо іх чакаюць краты Радзімы, — спрагназаваў музыка. — <…> Форма застанецца. Не будзе сутнасці рок-музыкі.
Пасля пратэстаў-2020 музыкаў, якія адкрыта выказалі свае погляды, чакаў пераслед. Некаторым дасталася за творчасць. Музыкаў гурта «Tor Band», якія напісалі песні «Жыве Беларусь!» і «Мы не народзец», затрымалі 28 кастрычніка 2022 года з жонкамі. Ім інкрымінавалі распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пазней групу прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Паводле арт. 361−1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» музыкам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Іх заключылі пад варту.
Кліп гурта «Дай Дорогу» на песню «Баю-Бай» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У ім міліцыянты на аўтазаках-камбайнах ганяюцца за людзьмі. За распаўсюд відэа карыстальнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць — ад штрафу да арышту. Лідара калектыву Юрыя Стыльскага некалькі разоў затрымлівалі падчас пратэстаў. Цяпер ён у эміграцыі.
Цэнзура чакала не толькі песні і кліпы, створаныя пад уплывам беларускіх пратэстаў. У кастрычніку 2020 года ў гродзенскім бары «Чемпи» дырэктар забараніла ўключаць у караоке песні, «якія змяшчаюць схаваны палітычны падтэкст». У першую чаргу гаворка ішла пра песню «Перемен» гурта «Кіно», якая стала адным з сімвалаў пратэстаў. Прычына назвалі «пазбяганне канфліктаў паміж гасцямі з рознымі палітычнымі поглядамі».
Дамоклаў меч
У апошнія гады ў Гродне закрыліся ўстановы, уладальнікі якіх ахвотна ішлі на супрацоўніцтва з музыкамі. Напрыклад, «Топаз», «Парнас», «Nesterka Bar», «RockStar». Стала менш пляцовак, на якіх музыкі могуць выступіць. Па назіраннях музыканта Андрэя, тыя бізнесмены, якія выказаліся супраць улады, былі вымушаны перапісваць на кагосьці свае ўстановы або з’ехаць. Тыя, што засталіся — адмаўляюцца ад правядзення мерапрыемстваў праз абмежаванні, уведзеныя ўладамі.
З 1 жніўня 2022 года праводзіць мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Туды могуць трапіць ІП, юрыдычныя асобы і замежныя або міжнародныя арганізацыі. Вядзе рэестр Міністэрства культуры. Выключэнне ёсць для дзяржаўных органаў і мерапрыемстваў.
Рэестр стаў яшчэ адным спосабам цэнзуры культурнага жыцця ў Гродне. Сярод іншых дакументаў трэба падаць выпіску аб правапарушэннях у дачыненні да кіраўніка. Рэспубліканская экспертная камісія прааналізуе мастацкі ўзровень культурна-відовішчных мерапрыемстваў, праведзеных арганізатарам. Адмовіць могуць у выпадках «нізкага мастацкага ўзроўню мерапрыемстваў».
З такой фармулёўкай у свой час адмовілі ў выступе гродзенскаму музыканту Алесю Дзянісаву, які хацеў выступіць з песнямі на вершы паэта Алеся Чобата. Музыкі ў адказ на гэта зрабілі футболкі з надпісам «Нізкі мастацкі ўзровень». Мяркуючы па ўсім, прыхільнікам спадабалася гэтая ідэя — такія футболкі гродзенцы насілі як на канцэрты, так і проста ў горадзе.
З 1 студзеня 2023 года арганізатару культурна-відовішчнага мерапрыемства не хопіць проста быць у дзяржрэестры. Дадаткова трэба атрымаць спецыяльны дазвол — пасведчанне на права арганізацыі і правядзення. Яго выдаюць мясцовыя ўлады.
Створаны летам 2022 года рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў на правядзенне іх канцэртаў пакуль «не асабліва» ўплывае, але вісіць «як дамоклаў меч», распавёў Вячаслаў. У некаторых арганізатараў сітуацыя іншая: яны адышлі ад спраў, паколькі не бачаць магчымасці атрымаць дазвол на правядзенне мерапрыемства.
Як адбудоўваць індустрыю забаваў?
«Людзі [у Беларусі] хочуць выстаяць», — сказаў Андрэй. Ён не лічыць, што беларуская культура ў падполлі будзе развівацца. Ён мяркуе, што доўгі час яна будзе ў заняпадзе. Вялікіх якасных канцэртаў не будзе. Самы бяспечны варыянт — сядзець дома і слухаць музыку з YouTube. Запатрабаванымі будуць кавер-бэнды — на карпаратывах і банкетах. Шанец атрымаць прызнанне з’явіўся ў груп, якія не займаюць якой-небудзь пазіцыі, альбо займаюць прадзяржаўную.
Андрэй параўноўваюць сітуацыю з часам СССР і ўспамінае піцерскі рок-клуб. Першыя песні яго ўдзельнікаў былі апалітычныя. Але гэта не азначае, што створаная цяпер музыка будзе няякаснай. Андрэй прапануе чакаць лепшых умоў для крэатыву і своеасаблівай адлігі, а пакуль заняцца іншымі справамі і магчыма змяніць прафесію. Як толькі надыдзе момант, створаны вакуум запоўняць таленавітыя беларускія музыканты.
Як адбудоўваць тое, што гродзенцы страцілі пасля пратэстаў? «Галоўнае — не перашкаджалі б працаваць, — лічыць Вячаслаў, які рэгулярна праводзіць канцэрты ў Гродне. — Ініцыятыў хапае».
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.