Колькасць суіцыдаў у Гродне вырасла на 40% у параўнанні з 2019 годам, распавёў Hrodna.life галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Максім Варанко. Дакладную колькасць суіцыдаў лекары не называюць. Асобнай прычынай для дэпрэсій у горадзе стала пандэмія каранавіруса, кажуць у «Псіхіятрыі-наркалогіі». Рэдакцыя Hrodna.Life даследавала, як каранавірус паўплываў на псіхалагічны стан жыхароў Гродна і вобласці.
Дэпрэсія ўзнікае, калі чалавек губляе звыклы лад жыцця, пэўны дастатак. З-за пандэміі каранавіруса многія страцілі ўсе гэтыя атрыбуты, патлумачыў Hrodna.life галоўны ўрач. Больш за іншых пацярпелі прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцяў, людзі, якія жылі за кошт падпрацоўкі.
У Гродзенскай вобласці, за межамі абласнога цэнтра, людзі адчуваюць сябе лепш. Жыхары сельскай мясцовасці практычна не адчулі крызісу: яны па-ранейшаму жывуць у сваіх дамах, карыстаюцца прысядзібнымі ўчасткамі, займаюцца сельскай гаспадаркай, вырошчваюць уласныя гародніну і зеляніну. Іх лад жыцця фактычна не змяніўся.
«А ў горадзе многія людзі страцілі працу — з-за зачыненых кафэ, магазінаў, салонаў прыгажосці. Некаторыя не могуць выехаць на працу за мяжу. Звычайна [у крызіс] пакутуюць людзі крыху ніжэй сярэдняга класу», — патлумачыў Hrodna.life Максім Варанко.
Самагубства на «Гродна Азот»
У пачатку лета 2020 года 31-гадовы Васіль (імя зменена па этычных прычынах), кацельшчык у кацельна-зварачным цэху рамонтна-механічнай вытворчасці прадпрыемства «Гродна Азот», заразіўся каранавірусам і тыдзень лячыўся дома, распавёў Hrodna.Life яго калега, які папрасіў не называць яго імя. 12 чэрвеня пасля спробы суіцыду яго даставілі ў «Псіхіятрыя-наркалогію». У бальнічнай палаце ён наклаў на сябе рукі.
Пацыент знаходзіўся ў вострай фазе інтэнсіўнага псіхозу на працягу некалькіх дзён і няслушна тлумачыў рэальнасць, распавёў Hrodna.life Максім Варанко, галоўны ўрач «Псіхіятрыі-наркалогіі». Падобнае псіхічнае засмучэнне можа паўстаць у любога чалавека і нельга сцвярджаць, што да абвастрэння прывяла перанесеная інфекцыя COVID-19, дадаў галоўны ўрач.
Загінулы супрацоўнік прадпрыемства вёў звычайны лад жыцця. На мове ўрачоў «быў сацыяльна адаптаваны, з нармальным інтэлектам». «…таму знаходзіў лагічныя спосабы трактоўкі сваіх вар’яцкіх перажыванняў. Ён не выглядаў на сапраўднага вар’ята», — распавёў Hrodna.life Максім Варанко.
З-за інфекцыі каранавіруса Васіля не маглі пакласці ў агульную назіральную палату (спецыяльнае памяшканне для пацыентаў, якія могуць нанесці сабе або навакольным фізічную шкоду). Мужчыну паклалі ў асобную палату, у якой ён застаўся без назірання і наклаў на сябе рукі.
«Мне вельмі сорамна перад сям’ёй гэтага чалавека. Персанал прывык працаваць з назіральнай палатай. А пацыент быў настроены на тое, каб пазбавіць сябе жыцця. Як толькі ён зразумеў, што за ім не назіраюць, ён паціху ўсё гэта зрабіў», — распавёў Hrodna.life галоўны ўрач.
У Васіля засталася жонка, яна адмовілася размаўляць з Hrodna.life.
Чытайце таксама: COVID-19 и «Гродно Азот»: почему предприятие путается в количестве заражений?
Паводле дадзеных на 19 чэрвеня ў ААТ «Гродна Азот» былі 54 супрацоўнікі з каранавіруснай інфекцыяй, ачунялых — 77 чалавек, паведамляе «Гродзенскі хімік».
Атрымаць каментар на «Гродна Азот» не ўдалося. Намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні персаналам, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Рамуальд Барсук на бальнічным з пацверджаным каранавірусам, паведаміў Hrodna.life работнік прадпрыемства.
Як кіраваць стрэсам ва ўмовах успышкі COVID-19?
Узровень трывогі сярод людзей з распаўсюджваннем пандэміі расце па ўсім свеце. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) распрацавала спецыяльныя рэкамендацыі па кіраванні стрэсам:
- Гэта нармальна-адчуваць сябе сумным, засмучаным, занепакоеным, збянтэжаным, спалоханым ці злым падчас крызісу;
- Пагаварыце з людзьмі, якім вы давяраеце. Звяжыцеся са сваімі сябрамі і сям’ёй;
- Калі вы павінны заставацца дома, падтрымлівайце здаровы лад жыцця (уключаючы правільнае харчаванне, сон, фізічныя практыкаванні і сацыяльны кантакт з блізкімі людзьмі).
- Падтрымлівайце сувязь з сям’ёй і сябрамі праз электронную пошту, тэлефонныя званкі і выкарыстанне платформаў сацыяльных сетак;
- Не ўжывайце тытунь, алкаголь ці іншыя наркотыкі, каб справіцца са сваімі эмоцыямі;
- Калі вы адчуваеце сябе прыгнечаным, пагаварыце з медыцынскім работнікам, сацыяльным работнікам, іншым спецыялістам або з чалавекам, якому вы давяраеце (напрыклад, рэлігійным дзеячам або старэйшынай абшчыны);
- Майце план дзеянняў у выпадку, калі вам спатрэбіцца дапамога, звязаная з фізічным або псіхічным здароўем, псіхасацыяльнымі патрэбамі;
- Атрымайце інфармацыю пра рызыкі для вашага здароўя і пра меры засцярогі;
- Выкарыстоўвайце надзейныя крыніцы для атрымання інфармацыі, такія як вэб-сайт СААЗ, а таксама дзяржаўных устаноў аховы здароўя;
- Скараціце час, які вы і ваша сям’я марнуеце на прагляд або праслухоўванне бязрадасных паведамленняў у сродках масавай інфармацыі;
- Ужывайце навыкі, якія вы выкарыстоўвалі ў іншыя цяжкія часы, каб кіраваць сваімі эмоцыямі падчас гэтай успышкі каранавіруснай інфекцыі.
Калі вы адчуваеце сябе прыгнечаным, вам няма з кім пагаварыць, патэлефануйце на лінію даверу:
Служба экстранай псіхалагічнай дапамогі Гродна
Skype: Help170
E-mail: [email protected]
Гарадски нумар: 170
Званки з мабільнага тэлефона: +375 152)75−23−90
Рэспубліканская «Дзіцячая тэлефонная лінія»: 8−801−100−1611
Цэнтр дзяцей і моладзі «Кантакт», філіял УАЗ «Гродзенская цэнтральная гарадская паліклініка» дзіцячая паліклініка № 2 (г. Гродна, вул. Гагарына, 18), тэл.: 8 (0152) 96-44-66
Цэнтр дзяцей і моладзі «Пазітыў» г. Гродна, тэл .: 8 (0152) 74-22-82
Крызісная дапамога для жанчын, пацярпелых ад сямейнага гвалту ў г. Гродна:
Крызісная дапамога для «мужчын-агрэсараў» у г. Гродна:
Гарачая лінія для пацярпелых ад сямейнага гвалту: 8−801−100−8-801.
Дапамога пры наркатычнай, алкагольнай, гульнявой залежнасці:
75−67−54 — рэгістратура наркалагічнага дыспансера
75−67−52 — аддзяленне неадкладнай наркалогіі
75−74−62 — наркалагічнае аддзяленне рэабілітацыі асоб, якія пакутуюць ад залежнасцяў
Ананімныя Наркаманы
Сайт https://na-rb.by/
Тэл.:
Ананімныя Алкаголікі
Сайт http://aabelarus.org/
+375(29)941−85−55