Саша Енджыеўскі кажа ўзнёслыя словы, патрасаючы грывай. «Проста Ірына Сільвановіч» сыпле блёсткамі эмоцый. Наташа Наземцава нагадвае, што кніжкі таксама людзі. Руслан Кулевіч гатовы сарвацца з месца. Януш Паруліс упрыгожвае сабой прастору. Сяргей Курыла загадкава маўчыць і хаваецца ў цені фотаздымкаў. У Гродзенскай выставачнай залі 15 мая адкрылі выставу «Код горада». У праеце — амаль 60 удзельнікаў. На вернісажы ўдалося схапіць за гузік і прыціснуць да сцяны пытаннем пра код толькі 10. Але і астатнім не раім расслабляцца. Мы за вамі сочым!
Першым у мітусні трэба лавіць Руслана, бо ён хутка ўцячэ. Ён заўсёды хутка ўцякае, бо навіны самі сябе не напішуць. Сёння ўпершыню бачыла, як Руслан з выбачэннямі і сыходзіў з працы, а пятай: «Трэба штаны папрасаваць перад выставай». Звычайна ён такі хлопец дзёрзкі, а тут на вернісажы кажа: «Не чакаў, што акажуся ў такой кампаніі, што паставілі ў адзін шэраг з грамадскімі дзеячамі, мастакамі і артыстамі». Для Руслана ўсё было проста: Сяргей папрасіў - прыйдзі з любой кнігай. Руслан прыйшоў. Дакладней — прыехаў. На сваім ровары, са сваёй кнігай.
Не ведаю, як вы, а я неяк прапусціла, калі Юля з дзевачкі на ровары ператварылася у сур’ёзнага стратэга. Юля глядзіць на праблему і бачыць рашэнне. Прычым нейкім чынам робіць, каб астатнія паднялі попу ад канапы і пачалі рухацца ў накірунку да мэты. Што робіць стратэг Юля у адказ на запрашэнне сфатаграфавацца з кнігай? Думае. Аналізуе. Плануе. «Я зразумела, што ўсе «гродзенскія» кнігі - пра мінулае. А я - грамадскі дзеяч, я займаюся паляпшэннем цяперашняга і стварэннем будучыні. Таму мне хацелася сфатаграфавацца з кнігай пра дзень заўтрашні. Такой кнігі не было. Мы самі яе зрабілі і назвалі «Гродна заўтра».
Юліна кніга, як і ўся выстава — чорна-белая. Чорныя літары на вокладцы, белыя старонкі ўнутры. Пакуль народ і бурбалкі шампана бурлілі на вернісажы, Юля падыходзіла да гасцей і прасіла напісаць пра свае ідэі для Гродна. «Мы не ведаем, якім будзе заўтрашні дзень, але гэта залежыць ад нас».
Музыкаў я трохі пабойваюся, бо ніколі не ведаю, чаго ад іх чакаць. Вось маэстро Пятроў. Прыстойны чалавек, а ускрывае душу скрыпічным ключом, нібы злодзей-медзвяжатнік сейф адмычкай. Чаму як злодзей? Бо заўжды нечакана. Проходзіш сабе такі на канц, «нічто не предвешчало», а тут адкуль ні вазьміся — Аляксей. І ты ўжо плачаш.
А на выставе кажа, як па маслу: «Музыка — мой код. Я частка гэтага горада, яго культуры. Стараюся несці яе далей.»
Паша Салаўёў жыве ў Гродне. Дакладней — паміж «Зялёнкай» і Парыжам. Маленькім. Як у кніжцы на фота. «Мой складнік кода Гродна — архітэктура і музыка, ці проста — музыка гродзенскіх вуліц».
Таня заўжды з Пашам, толькі Паша расказвае пра дзень, а Таня — пра ноч. Што не замінае ім разам выходзіць у горад у любы час дня і ночы. Таня кажа, што разгадаць код Гродна можна толькі ўначы. Пажадана — вярнуўшыся з далёкага падарожжа. Тады робяцца бачнымі незаўважныя ў дзённай мітусні дэталі і дробязі. «Гэта бачна толькі ноччу, у асобым стане. Калі горад больш узвышаны, калі яго лягчэй адчуць і з ім суаднесціся».
Калі б Алесь захацеў памясціць у кадр усе свае кніга пра Гродна, самому б не засталося месца. Такога фатограф не дапусціў. Таму Алесь сам пералічвае, што з яго кніжак засталося ў цені фотаздымка. Праз краязнаўства, мяркуе Госцеў і трэба «раскадзіраваць» горад. «Краязнаўства — гэта вызначэнне генетычнага кода мясцовасці. Для мяне праект патрапіў у самую кропку.
Як гарадзенец па месцу і гарадзенец увогуле, я гляджу шырэй за межы горада. Краязнаўства — гэта спроба вызначыць закадзіраваны спектр Гарадзеншчыны і Панямоння".
«Мяне запрасілі, як музейнага працаўніка, каб упрыгожыць выставу. То я прыцягнуў з сабой „кансольку“, партрэт Элізы Ажэшкі арыгінальны і кніжак штук 40. А дома яшчэ 200 ёсць». Як па праўдзе, думаю, што у Януша дома ёсць нават больш, чым ён падазравае. Па маім сціплым меркаванні, у закутках і каморках яго музейчыка схавана сама душа Гродна. Толькі знайсці там нешта — квэст не для слабакоў. Ды і не ставіць сабе Януш задачкі «вытрасці душу» з рэчаў. Назіраючы за ім, разумееш: у пошуках душы і кода горада галоўнае — атрымліваць асалоду ад працэса.
Пастар Уладзімір расказвае, што Гродна для яго увесь час незвычайны і загадкавы. «Нам да канца не разгадаць яго код, закладзены багатай гісторыяй.» Сённяшнім жыхарам, яго меркаваннем, трэба імкнуцца захаваць горад і яго таямніцы для будучых пакаленняў. Канечне, каму, як не святару, узгадаць пра сакральную частку гарадскога кода. Меркаваннем Татарнікава, Гродна не быў бы сабой без захаваных храмаў і без малітваў за яго.
На фотаздымку сям'і Адасікаў - замак з кніг. «Гэта наш працоўны матэрыял, мы працуем з імі, некаторыя па два-тры разы чыталі. Усе яны карысныя ў нашай нялёгкай справе.» Наконт архітэктурнай пабудовы з кніжак кажуць: «Ведаеце, мы замкі ўжо з усяго робім.» Код горада для Ігара і Ксеніі ў архітэктуры. А меркаваннем малодшага пакалення, Эміліі і Адэліны, раскусіць код Гродна не атрымаецца без наведвання кавярняў і цукерняў.
Да Сан Саныча ў выдавецтва добра заскочыць раніцай, перад працай, за новай кніжкай. Ці падбегчы на выставе, таксама за новай кніжкай. Увогуле, за новай кніжкай — гэта да Рыжага. Сан Саныч выдае кніжкі пра Гродна і не толькі. Адна з апошніх кніг выдавецтва «Замак Берасцейскі». Адна з мараў Рыжага — выдаць такую ж, толькі пра замак Гарадзенскі. «Усе упрымаюць Брэст, як Брэстскую крэпасць. Але пад ёй ёсць Берасцейскі замак. Закапаны і забыты». Код горада, паводле выдаўца, ў яго замках. Калі не самі замкі, то іх гісторыю, трэба раскапаць і ператварыць у кніжкі.
-А можа сам бы такую кніжку напісаў? Быў бы твой «Замак Гарадзенскі».
-Ага, як у анекдоце. Але Рыжы не пісьменнік. І нават не чытач. Рыжы выдавец.
Самым маўклівым удзельнікам імпрэзы заставаўся хіба фатограф, Сяргей Курыла. Напэўна, калі б ён хацеў расказаць усё словамі, то гуляць у святло і цені не было б патрэбы і фота праект «Код горада» так бы і не з’явіўся.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…