Карыснае

Аўтарытарызм, кіберпанк і Акрэсціна. 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі

Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату — прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя пайшла далей — папрасіла культуролага Максіма Жбанкова скласці спіс кніг, якія дапамогуць зразумець, у якой краіне мы жывём або жылі. А купіць іх можна ў thekrama.com.

Максім Жбанкоў. Фота: Віялета Саўчыц

Сабакі Эўропы. Альгерд Бахарэвіч

Кніга пра ўладу мовы і мову ўлады, пра Беларусь як еўрапейскую выспу і Еўропу як беларускі лёс, пра вечную таямніцу творчасці і чалавечую апантанасць.

Opus magnum найлепшага з літаратараў свайго пакалення. Мазаічная анталогія беларускіх траблаў ды ілюзій з нечаканым пераходам у постапакаліптычны кіберпанк. Віртуозная гульня на тым месцы, дзе мусіла быць радзіма, — кажа Максім Жбанкоў.

Фота: thekrama.com

Восень патрыярха. Габрыель Гарсія Маркес

Раман пра ўніверсальныя паняцці ўла­ды і адзіноты. «Паэтычная проза» нобелеўскага лаўрэата Габ­рыеля Гарсія Маркеса прадстаўляе даўжэзнае жыццё самотнага кіраўніка каралеўства смутку і тугі, які пад ціскам сваёй неабмежаванай улады становіцца яе вязнем. Ад міласэрнасці да падману, ад добразычлівасці да гвалту, ад страху перад Богам да надзвычайнай жорсткасці… Патрыярх, ён жа генерал сусвету, увасабляе найлепшае і найгоршае ў чалавечай прыродзе.

Уводзіны ў механіку аўтарытарызму. Партрэт абсалютнай улады, здольнай адно пажэрці самое сябе. Трывожна, змрочна і раптоўна аптымістычна — для ўсіх, хто марыць дачакацца фіналу гэтага шоу.

Фота: thekrama.com

Культура і супраціў. Таццяна Астроўская

Кніга ўяўляе сабой беларускі варыянт перапрацаванай і часткова дапоўненай для публікацыі навуковай манаграфіі даследчыцы Таццяны Астроўскай «Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968—1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses», абароненай ва Ўніверсітэце Грайфсвальда, Германія. Аўтар ахоплівае шырокі спектр інтэлектуальных тэмаў і дыскурсаў, акцэнтуючы ўвагу на «нон-канфармізме», або «культурным іншадумстве», у адрозненне ад «палітычнага іншадумства».

Нам пакуль не выкладаюць гісторыю беларускага культурніцкага супраціву. Але ведаць яе неабходна — каб лепш зразумець што і як адбылося (і не адбылося) у 2020-м. І чаму мы цяпер там, дзе мы ёсць.

Фота: thekrama.com

Ці помніш ты. Міхал Анемпадыстаў

Гэта зборнік вершаў да 60-годдзя паэта, мастака, дызайнера.

Анемпадыстаў - чалавек-эпоха: выдатны мастак, выбітны рок-паэт, вынаходнік «Народнага альбома», хросны бацька нашай тугі і свабоды. Не ведаць яго недаравальна. Не любіць — немагчыма.

Фота: thekrama.com

чорны лес. тоні лашдэн

У свеце гэтай кнігі, каб перайсці мяжу, трэба плаціць уласным целам, а ў паштовую скрыню рана ці позна прыходзіць позва на смяротнае балота. Аднак «чорны лес» — гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае адлюстраванне свету, у якім апынуліся беларусы і беларускі пасля 2020 года. Жах перад чалавекам у форме, перажыванне траўмы, страта радзімы, стойкасць і супраціў злучаны з класічнымі беларускімі вобразамі - балота, мяжа, вёска, поле, якія набываюць здольнасць дзейнічаць насуперак тым, хто прэтэндуе на ўладу над імі.

Літаратура пасля Акрэсціна. Беларуская готыка найноўшых часоў. Спроба паразумецца з катастрафічнай свядомасцю разарванай нацыі - і жыць далей.

Фота: thekrama.com

Айчына ад Рагнеды да Касцюшкі. Уладзімір Арлоў, Павел Татарнікаў

Кнігу, якая выходзіць у дзвюх частках, склалі цікавыя, спазнаваўчыя і надзвычай багата ілюстраваныя апавяданні з гісторыі Беларусі. Першая частка ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Для дзяцей, падлеткаў і ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і культурай у папулярным выкладзе.

Кароткі непадцэнзурны курс айчыннай гісторыі. Краіна для пачаткоўцаў - змястоўна, грунтоўна, прыгожа. Кропка адліку нашай ідэнтычнасці.

Фота: thekrama.com

thekrama.com працуе не толькі ў інтэрнэце, але і ў фізічнай прасторы ў Варшаве. У асартыменце не толькі кнігі, але і вопратка, сувеніры, біжутэрыя, прадметы мастацтва і іншае. Калі вам хочацца патрымаць тавары ў руках і выбраць іх асэнсавана, прыходзьце на адрас ul. Dożynkowa 6A (st. m. Racławicka). Гадзіны працы: пн-пт, 15:00−19:00.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025