Калі вам захочацца даведацца, якім было Гродна ў розныя часы, не абавязкова вяртацца ў мінулае. Дастаткова ўключыць кіно. Сёння фільмы — сапраўдны партал у мінулае, які дазваляе здзейсніць падарожжа ў часе і пабачыць, як выглядаў наш горад 30, 50 ці 70 гадоў таму.

Гродна лічыцца адным з самых здыманых гарадоў Беларусі, сапраўдным «беларускім Галівудам». Пачынаючы з 1950-х гадоў, утульныя гарадскія вулачкі, каралеўскія замкі і нёманскія краявіды сталі дэкарацыямі для не аднаго дзясятка мастацкіх стужак. Гродна не проста служыла фонам — яно жыло і змянялася ў кадры, а часам нават «грала ролі» іншых месцаў: ад сярэднявечных еўрапейскіх гарадоў да ваеннага Кіева, Кракава ці Берліна. 

Чорна-белае рэтра і пасляваеннае Гродна (1950–1970-я)

Кінематаграфічная кар’ера горада на поўную моц закруцілася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі Леў Голуб прывёз у Гродна здымальную групу культавага дзіцячага фільма. 

«Міколка-паравоз» (1956)

Гэтая стужка назаўжды захавала для гісторыі стары цагляны будынак чыгуначнага вакзала і знакаміты паваротны круг. Вакзал, перабудаваны пасля войнаў, быў знесены ў 1986 годзе, і пабачыць яго цяпер можна хіба што на гэтых кадрах. 

Смешны факт: калі стары вакзал разбуралі, пад яго дахам работнікі знайшлі «рэвалюцыйныя ўлёткі» і былі вельмі здзіўлены. Але пасля высветлілася, што гэта проста рэквізіт, які застаўся там пасля здымак.

Таксама ў кадры «Міколкі-паравоза» мільгаюць старое дэпо, вуліца Ажэшкі, і стары корпус універсітэта.

Уваход у будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі (сёння гэта адзін з карпусоў ГрДУ імя Янкі Купалы_result
Уваход у будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі (сёння гэта адзін з карпусоў ГрДУ імя Янкі Купалы

«Я родам з дзяцінства» (1966) 

Карціна Віктара Турава, якая рашэннем ЮНЕСКА ўключана ў сотню лепшых фільмаў аб вайне, нібы хроніка, захавала разбураны вайной і яшчэ не адноўлены да канца горад.

Вы ўбачыце брукаваную Замкавую вуліцу, вуліцу Маладзёжную, браму Брыгіцкага манастыра, і пажарную каланчу. На Кастрычніцкай вуліцы стаяў драўляны двухпавярховы будынак, у якім знаходзілася кватэра, дзе жыла гераіня Ніны Ургант. Менавіта там яна сустракалася з героем Высоцкага і там жа, на лесвіцы, ён граў для яе на гітары. Пазней на гэтым месцы з’явіўся рэстаран “Зубр”, а цяпер – корпус універсітэта. 

Сцэны рынку здымалі за гродзенскай сінагогай, а насупраць турмы, дзе вуліца Кірава паварочвае на Савецкую плошчу, на самым куце стаяў дом, з аркі якога выходзілі дзецюкі, героі фільма.

Муры Гродзенскай турмы
Муры Гродзенскай турмы

 «Ясь і Яніна» (1974)

Здымачнай пляцоўкай для гэтай стужкі стаў аграгарадок Верцялішкі ў Гродзенскім раёне. 

Натурныя здымкі ахапілі маляўнічы рачны бераг, мясцовы Дом культуры, цэнтральную плошчу, парк і нават сельскагаспадарчае прадпрыемства СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Дарэчы, будынак таго самага валоўніка, на ўзвядзенні якога працавалі па сюжэце героі, паспяхова эксплуатуецца і сёння, праўда, ужо ў мадэрнізаваным выглядзе.

Цікавостка: вялікую ролю ў вырабніцтве стужкі згулялі члены знакамітага ансамбля «Песняры». Музыканты ВІА не толькі запісалі для фільма свае найлепшыя хіты, але і ўдзельнічалі ў здымках у якасці акцёраў.

Купалле на беразе Немана
Купалле на беразе Немана

Залаты век савецкага горада і постсавецкі час (1980-я–1994)

Гэты перыяд падарыў нам Гродна ва ўсім бляску яго савецкай урбаністыкі і зафіксаваў горад напярэдадні глабальных гістарычных змен.

 «Белыя Росы» (1983)

Галоўны фільм у гісторыі горада. Маляўнічыя віды на Нёман каля Каложскай царквы, Новы мост, вуліцы Савецкая, Тэльмана і Карбышава, а таксама саму вёску Дзевятоўка (зараз з’яўляецца мікрараёнам горада) назаўжды засталіся ў залатым фондзе кіно. 

Фільм стаў настолькі культавым, што пасля яго выхаду на экраны адну з вуліц горада так і назвалі – Белыя Росы. А ў 2018 годзе на месцы здымак з’явіліся скульптуры каларытных герояў стужкі – Фёдара Філімонавіча Ходаса, яго суседа Цімафея і гадаванца па мянушцы Валет.

Досыць пазнавальны від і кадр з фільма "Белыя Росы"
Досыць пазнавальны від і кадр з фільма “Белыя Росы”

«З юбілеем пачакаем» (1985)

Гэты фільм дазваляе дэталёва разгледзець Гродна і яго наваколле ў сучасным кінематаграфічным кантэксце. Аператар падрабязна зафіксаваў прыгажосць вуліцы Ажэшкі, гістарычнае пажарнае дэпо на Замкавай, будынак сінагогі, а таксама трасу Гродна-Скідзель і інтэр’еры палацава-паркавага комплекса ў Свяцку.

Траса Гродна-Скідзель
Траса Гродна-Скідзель

 «Мяне клічуць Арлекіна» (1988)

Тут вельмі падрабязна зафіксаваны ўрбаністычны вайб Гродна канца 80-х. У кадр трапілі такія знакавыя гарадскія аб’екты, як новы чыгуначны вакзал, драмтэатр, ДК Хімікаў (сёння — Гродзенская абласная філармонія), стадыён «Нёман» (у тыя часы — «Чырвоны сцяг»), вуліца Савецкая, гродзенская сінагога, стары мост, каларытныя падворкі вуліцы Калючынскай каля турмы, Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр і нават касцёл Святога Францыска Ксаверыя, які падчас здымак знаходзіўся на рэстаўрацыі.

Акрамя гарадскіх лакацый, дэкарацыямі для фільма стала вёска Парэчча, якая знаходзіцца недалёка ад Гродна. У фільме можна пабачыць найстарэйшы беларускі каменны вакзал, які працуе і дагэтуль, праўда, даўно страціў сваю значнасць у сувязі з закрыццём скразнога руху паміж Гроднам і Вільняй ў 2001 годзе.

Вуліца Савецкая
Вуліца Савецкая

«Мёд асы» (1991)

Гэтая стужка напоўнена тонкай эстэтыкай старога горада. У аб’ектыў аператара трапілі пажарная каланча, велічны Бернардынскі касцёл, знакамітая «Лесвіца кахання», старажытная Каложа і каларытныя падворкі Завершчызны, якія перадаюць дух эпохі.

Каля турмы
Каля турмы

«Кааператыў „Палітбюро“, ці Будзе доўгім развітанне» (1992)

Фільм паказвае як выглядала Гродна ў самы драматычны, апошні год існавання СССР. У стужцы гледачы могуць пабачыць гістарычны цэнтр горада ў эстэтыцы ранніх 90-х.

Кінаанекдот: гродзенцы былі ў шоку, калі ў адзін звычайны дзень да тэатра лялек пад’ехала машына, з якой паважна выйшаў… Генералісімус Сталін, спакойна раскурваючы люльку. Гэта Аляксей Пятрэнка ў грыме прыехаў на здымкі «Кааператыву “Палітбюро”».

Вуліца Карла Маркса
Вуліца Карла Маркса

Сучасны кінематограф (1995 – нашы дні)

У сучасную эпоху Гродна ператварылася ў сапраўднага акцёра-хамелеона, здольнага пераўвасабляцца ў любы еўрапейскі горад.

«Бабін яр» (2003)

Драма, прысвечаная трагедыі габрэйскага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе Гродна ператварылася ў Кіеў 1941 года. Рэжысёр Джэф Кэнью выкарыстаў гістарычныя вулачкі Гродна, каб аднавіць разбураныя вайной кіеўскія кварталы. У кадрах выразна пазнаецца перакрыжаванне вуліц Замкавай, Давыда Гарадзенскага і Вялікай Траецкай.

Балкон на адным з дамоў Гродна
Балкон на адным з дамоў Гродна

«Смерш» (2007)

У гэтым серыяле Гродна бліскуча справілася з роляй прыфрантавога горада ўзору 1940-х гадоў. Маштабныя здымкі праходзілі на вуліцах Ажэшкі, Замкавай, Вялікай Траецкай. Асаблівую атмасферу ваеннага часу дапамаглі стварыць фактурныя дворыкі, размешчаныя за гродзенскай сінагогай.

«Без права на памылку» (2010)

Гэта ваенная драма дазволіла Гродна прымераць на сябе вобраз польскага Кракава. У кадры ўвесь час мільгаюць вузкія вулачкі гістарычнага цэнтра (асабліва часта — вуліца Урыцкага), дворыкі-лабірынты, каталіцкія касцёлы і стромкія дахі старога горада.

Могілкі ў фільме "Без права на памылку"
Могілкі ў фільме “Без права на памылку”

«Сляды апосталаў» (2013)

Гістарычны дэтэктыў, у якім Гродна ненадоўга ператварылася ў Берлін. Каб дасягнуць гэтага, сучасныя шыльды на вуліцы Ажэшкі замянілі на нямецкія надпісы, а самі будынкі былі штучна «састараны» з дапамогай камп’ютарнай графікі. Важныя батальныя сцэны здымалі на тэрыторыі 2-га форта Гродзенскай крэпасці.

Вуліца Ажэшкі
Вуліца Ажэшкі

Што яшчэ паглядзець?

Калі вы вырашыце скласці поўную кінематаграфічную мапу рэгіёна, акрамя названых фільмаў, Гродна і яго аколіцы можна ўбачыць яшчэ ў дзясятках карцін. 

Сярод іх: «Анюціна дарога» (1967), «Годны да нестраявой» (1968), «Шчаслівы чалавек» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1971), «Іван Макаравіч» (1971), «Шукаю чалавека» (1973), «Мы — хлопцы жывучыя» (1974), «Сямейныя абставіны» (1978), «Гандлярка і паэт» (1978), «Абочына» (1978), «Культпаход у тэатр» (1982), «Распачаць ліквідацыю» (1983), «Мама, я жывы!» (1985), «Хам» (1990), «Брунэтка за 30 капеек» (1991), «Сын за бацьку» (1995), «Дняпроўскі рубеж» (2009) і шмат іншых.

Варта дадаць, што ў горадзе нават ёсць свая абсалютна культавая кінематаграфічная вуліца — вуліца Урыцкага. Як падлічыў краязнаўца Віктар Саяпін, прыкладна у 20–25 адсотках усіх знятых у Гродне фільмаў ёсць эпізоды, якія былі знятыя менавіта на гэтым невялікім кавалку зямлі.

На месцы старых дворыкаў з’яўляюцца новыя карпусы, мадэрнізуюцца будынкі, знікаюць цэлыя вёскі. Але дзякуючы кінематографу рух часу заўсёды можна адкруціць назад, каб зноў пабачыць тое Гродна, якім яго любілі розныя пакаленні.

Чытайце таксама: “Не важно, что плохо видно. Главное – посидеть в самолёте!” Гродненки и гродненцы рассказали, как в детстве ходили в кинотеатр “Полёт”