7 ліпеня прайшоў першы з трох дзён фестывалю нямога кіно і жывой музыкі ў Гродне. Па традыцыі, Кінемо распачалося з камедыі – фільма Бастэра Кітана “Параходны Біл-малодшы”. У дворыку Музея гісторыі рэлігіі практычна не засталося вольных месцаў. Людзі гучна смяяліся і шэптам абмяркоўвалі фільм. Парасоны сёлета не спатрэбіліся: надвор’е было сухім. Сагрэцца можна было кавай па-турэцку ці гарбатай ад “Кофейня Я”.

– Я бачу новыя твары, і твары людзей, якія ходзяць да нас чатыры гады запар – гэта вельмі радуе, – кажа адна з арганізатарак Марына Буткевіч. – Мы пачынаем “Кінемо” з класічнага паказу нямога кіно. Сто гадоў назад, калі ўсё пачыналася, кіно часта паказвалі ў суправаджэнні музыканта, які граў у асноўным на фартэпіяна. Мы спрабуем часткова аднавіць гэта, а часткова пазнаёміць вас з новымі імёнамі і гукамі.

Класічная камедыя пад музыку Гершвіна
Дзеянні ў фільме “Параходны Біл-малодшы” адбываюцца ў 20-30-х гадах мінулага стагоддзя на прасторах ракі Місісіпі, дзе на адным з колавых параходаў Біл-малодшы вучыцца навігацыі ў свайго бацькі. Аднойчы Білі сустракае дзяўчыну, якая вельмі яму падабаецца, але яна аказваецца дачкой галоўнага канкурэнта бацькі. Праблема яшчэ больш абвастраецца, калі варожасць паміж двума бізнесменамі ўзмацняецца, а бацьку Білі садзяць у турму па сфабрыкаваным абвінавачанні.

Агучваў фільм піяніст Аляксандр Музыкантаў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі і лаўрэат міжнародных конкурсаў. Музыку ён падбіраў са свайго фартэпіанага рэпертуару і выбраў творы Дэбюсі, Пракоф’ева і Гершвіна.
Гродна – адзіны абласны цэнтр, дзе “Кінемо” бывае штогод
– Гродна – гасцінны горад і пастанна нас прыймае, – кажа Георгій Глік, адзін з арганізатараў. – Не з кожным горадам складваюцца добрыя адносіны, часам узнікаюць арганізацыйныя праблемы. А ў Гродне яны вырашаюцца.

Канцэпцыяй сёлетняга “Кінемо” стала жанравая разнастайнасць. У суботу адбудзецца паказ польскай стужкі “Ludzie bez jutra”, а ў нядзелю пакажуць шэраг кароткаметражных фільмаў.
Марай арганізатараў застаецца правесці ў Гродне паказ нямога кіно пад арган. Магчыма, у наступным годзе такая імпрэза адбудзецца: перамовы ўжо пачаліся.











