Адчуць восеньскую атмасферу як мага лепш можна ў кавярнях. Большасць гродзенскіх устаноў ужо падрыхтаваліся да сезону — звыклы інтэр'ер разбавілі яркімі гарбузамі, а гасцям прапануюць цёплыя пледы. Hrodna.life паглядзеў новыя прапановы і склаў спіс кавярняў, дзе з’явілася меню з новымі восеньскімі пазіцыямі.
У арт-кафэ «Шэкспір» на Дзяржынскага, 1, распрацавалі спецыяльнае восеньскае меню. У ім з’явіўся каштанавы афагата (дэсерт на аснове кавы) за 5 руб., латэ «Духмяны гарбуз» за 6,5 руб. і ванільна-кляновы капучына за 7 руб. Для аматараў салодкіх напояў зрабілі вішнёвы гарачы шакалад і фісташкавы раф — 7 руб. за кубачак.
З’явіліся ў «Шэкспіры» і дэсерты — шайба «Праліне» і вішнёвы трайфл. Ёсць і восеньскія малочныя кактэйлі: кляновы і лавандавы — напоі абыдуцца ў 6 руб.
Калі хочацца антуражу, то варта зазірнуць у кавярню Black Fox на Курчатава, 27. Установу ўпрыгожылі гарбузамі і аранжавай восеньскай лістотай, а для гасцей падрыхтавалі мяккія пледы. З’явілася і новае сезоннае меню, у якім шмат духмяных напояў. Напрыклад, ёсць духмяны капучына, раф духмяны апельсін, гарбузовы латэ і мядовы флэт-уайт — кошт ад 7 да 8 руб.
Тым, хто стаміўся ад кавы, прапануюць сагравальныя чаі: імбірна-цытрынавы, журавінавы і абляпіхавы — кубак абыйдзецца ў 5,5 руб.
У кавярні «Тэмпл» на Маставой, 31 абнавілі кававую карту. З’явіўся раф са смакам браўні, шакаладна-мятны мока і духмяны капучына з мерэнгай. Таксама ва ўстанове прапануюць «максімальна сагравальныя і натуральныя чаі». Сярод іх — апельсінавы, імбірны і з вішняй.
Яшчэ адна ўстанова, дзе можна адчуць восеньскую атмасферу — кавярня CoFeCo на Дзяржынскага, 5. Тут прапануюць паспрабаваць латэ з вострым гарбузом і раф з вішнёвым міндалем. Яшчэ ёсць пунш маліна-мята і ажынавы грог.
У кавярні «Чашки & Ложки» на Вялікай Траецкай, 9 спецыяльна да Хэлоўіна прапануюць запаяны гарбузовы капучына. Класічны напой дапаўняюць хрумсткай карамелізаванай скарыначкай — атрымліваецца салодка і незвычайна.
Новае аўтарскае меню з’явілася і ў кавярні «Арабіка» на Сацыялістычнай, 21. Ёсць адразу некалькі відаў капучына: шакаладны, з грушай і міндальна-карамельны. Прапануюць і восеньскія латэ. Напрыклад, з імбірным пернікам, шакаладам і з какосавым смакам «Баўнці». Усе напоі каштуюць 5 руб.
У Deli на Ажэшка, 33 акрамя класічных эспрэса, флэт-уайта і латэ з’явіўся кедравы капучына. Кубак абыдзецца ў 7 руб. Ёсць у кавярні і восеньская гарбата — бруснічная і абляпіхавая за 4,5 руб.
У кавярні-фудтраку «Жоўты» на Савецкай, 1 пару дзён таму вярнулі аўтарскую гарбату-марозіва са смакам маліны і абляпіхі. Але калі эксперыментаваць не хочацца, то можна замовіць сагравальныя напоі з абляпіхі, маліны і імбіра.
У арт-студыі і кавярні «Смак мастацтва» на Калючынскай, 12 прапануюць адразу некалькі новых напояў. Ва ўстанове з’явіўся гарбузовы і імбірна-пернікавы латэ, а таксама духмяная какава. Ёсць і рэдкая для гродзенскіх кавярняў пазіцыя — цытрынавы раф.
У кавярні «Арка» на Віленскай, 6 прапануюць напоі гарачэй. Да восені ва ўстанове з’явіўся сэт са сметанковых настоек. Сярод іх — сметанковы ліманчэла, банан са сліўкамі і айрыш-крім.
Кавярня «Амерыкана» на Савецкай, 17 распрацавала новае восеньскае меню. Прапануюць сметанковае піва, персікавы латэ з пясочным печывам і латэ «Яблычны пірог» — усе напоі абыдуцца ў 8,5 руб.
Ёсць ва ўстанове яблычны і вішнёвы пунш за 12 руб., безалкагольны глінтвейн і гранатавая кава — абедзве пазіцыі па 8,5 руб. У «Амерыкана» можна пачаставацца і гарачым бамблам з апельсінам, грэйпфрутам ці вішняй за 8 руб.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…