Адчуць восеньскую атмасферу як мага лепш можна ў кавярнях. Большасць гродзенскіх устаноў ужо падрыхтаваліся да сезону — звыклы інтэр'ер разбавілі яркімі гарбузамі, а гасцям прапануюць цёплыя пледы. Hrodna.life паглядзеў новыя прапановы і склаў спіс кавярняў, дзе з’явілася меню з новымі восеньскімі пазіцыямі.
Гарачы шакалад з вішняй у «Шэкспіры»
У арт-кафэ «Шэкспір» на Дзяржынскага, 1, распрацавалі спецыяльнае восеньскае меню. У ім з’явіўся каштанавы афагата (дэсерт на аснове кавы) за 5 руб., латэ «Духмяны гарбуз» за 6,5 руб. і ванільна-кляновы капучына за 7 руб. Для аматараў салодкіх напояў зрабілі вішнёвы гарачы шакалад і фісташкавы раф — 7 руб. за кубачак.
З’явіліся ў «Шэкспіры» і дэсерты — шайба «Праліне» і вішнёвы трайфл. Ёсць і восеньскія малочныя кактэйлі: кляновы і лавандавы — напоі абыдуцца ў 6 руб.
Духмяная кава на любы смак у Black Fox
Калі хочацца антуражу, то варта зазірнуць у кавярню Black Fox на Курчатава, 27. Установу ўпрыгожылі гарбузамі і аранжавай восеньскай лістотай, а для гасцей падрыхтавалі мяккія пледы. З’явілася і новае сезоннае меню, у якім шмат духмяных напояў. Напрыклад, ёсць духмяны капучына, раф духмяны апельсін, гарбузовы латэ і мядовы флэт-уайт — кошт ад 7 да 8 руб.
Тым, хто стаміўся ад кавы, прапануюць сагравальныя чаі: імбірна-цытрынавы, журавінавы і абляпіхавы — кубак абыйдзецца ў 5,5 руб.
Сагравальныя чаі ў "Тэмпл"
У кавярні "Тэмпл" на Маставой, 31 абнавілі кававую карту. З'явіўся раф са смакам браўні, шакаладна-мятны мока і духмяны капучына з мерэнгай. Таксама ва ўстанове прапануюць «максімальна сагравальныя і натуральныя чаі». Сярод іх - апельсінавы, імбірны і з вішняй.
Ажынавы грог у CoFeCo
Яшчэ адна ўстанова, дзе можна адчуць восеньскую атмасферу — кавярня CoFeCo на Дзяржынскага, 5. Тут прапануюць паспрабаваць латэ з вострым гарбузом і раф з вішнёвым міндалем. Яшчэ ёсць пунш маліна-мята і ажынавы грог.
Запаяны капучына ў «Чашки & Ложки»
У кавярні «Чашки & Ложки» на Вялікай Траецкай, 9 спецыяльна да Хэлоўіна прапануюць запаяны гарбузовы капучына. Класічны напой дапаўняюць хрумсткай карамелізаванай скарыначкай — атрымліваецца салодка і незвычайна.
Грушавы капучына ў "Арабіцы"
Новае аўтарскае меню з'явілася і ў кавярні “Арабіка” на Сацыялістычнай, 21. Ёсць адразу некалькі відаў капучына: шакаладны, з грушай і міндальна-карамельны. Прапануюць і восеньскія латэ. Напрыклад, з імбірным пернікам, шакаладам і з какосавым смакам "Баўнці". Усе напоі каштуюць 5 руб.
Бруснічная гарбата ў Deli
У Deli на Ажэшка, 33 акрамя класічных эспрэса, флэт-уайта і латэ з'явіўся кедравы капучына. Кубак абыдзецца ў 7 руб. Ёсць у кавярні і восеньская гарбата – бруснічная і абляпіхавая за 4,5 руб.
Гарбата-марозіва ў "Жоўтым"
У кавярні-фудтраку “Жоўты” на Савецкай, 1 пару дзён таму вярнулі аўтарскую гарбату-марозіва са смакам маліны і абляпіхі. Але калі эксперыментаваць не хочацца, то можна замовіць сагравальныя напоі з абляпіхі, маліны і імбіра.
Цытрынавы раф у "Смаку мастацтва"
У арт-студыі і кавярні “Смак мастацтва” на Калючынскай, 12 прапануюць адразу некалькі новых напояў. Ва ўстанове з'явіўся гарбузовы і імбірна-пернікавы латэ, а таксама духмяная какава. Ёсць і рэдкая для гродзенскіх кавярняў пазіцыя - цытрынавы раф.
Сэт са сметанковых настоек у «Арцы»
У кавярні «Арка» на Віленскай, 6 прапануюць напоі гарачэй. Да восені ва ўстанове з’явіўся сэт са сметанковых настоек. Сярод іх — сметанковы ліманчэла, банан са сліўкамі і айрыш-крім.
Персікавы латэ і гарачы бамбл у «Амерыкана»
Кавярня «Амерыкана» на Савецкай, 17 распрацавала новае восеньскае меню. Прапануюць сметанковае піва, персікавы латэ з пясочным печывам і латэ «Яблычны пірог» — усе напоі абыдуцца ў 8,5 руб.
Ёсць ва ўстанове яблычны і вішнёвы пунш за 12 руб., безалкагольны глінтвейн і гранатавая кава — абедзве пазіцыі па 8,5 руб. У «Амерыкана» можна пачаставацца і гарачым бамблам з апельсінам, грэйпфрутам ці вішняй за 8 руб.