У 2020 годзе Дзмітрый Кавалёнак працаваў спартыўным дырэктарам футбольнага клуба «Нёман», выходзіў на пратэстныя маршы і быў падпісаны на каналы, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі». Праз тры гады сілавікі яму гэта ўспомнілі: Дзмітрыя затрымалі, працу ў клубе ён страціў. Але цяпер Кавалёнак зноў працуе ў «Нёмане». Як такое стала магчыма?
Дзмітрый Кавалёнак знік пасля затрымання — і вярнуўся праз два гады
Два гады таму, 28 ліпеня 2023 года, спартыўнага дырэктара гродзенскага футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрыя Кавалёнка выводзілі з офіса ў кайданках. Легендарнага ў мінулым нападніка абвінавацілі ў падтрымцы пратэстаў 2020 года і падпісцы на «экстрэмісцкія» каналы. Сілавікі тады выклалі асабістую перапіску Кавалёнка з гродзенскім актывістам-эмігрантам Ежы Грыгенчам. Той запытваў у Кавалёнка, як можна патрапіць на матчы «Нёмана» ў Венгрыю. З-за санкцый беларускія каманды не могуць праводзіць міжнародныя гульні на тэрыторыі краіны і прымаюць сапернікаў на нейтральным полі ў Венгрыі.
Чаму Кавалёнак — легендарная асоба для гродзенскага футбола?
Дзмітрый Кавалёнак адгуляў за «Нёман» 14 гадоў і да сёння ўтрымлівае рэкорд па колькасці гульняў за гродзенскі клуб — 330. Доўгі час Кавалёнак быў лепшым бамбардзірам (так называюць таго, хто забіў шмат галоў - Hrodna.life) «Нёмана» ў гісторыі — на яго рахунку было 80 галоў. Цяпер лідар у гэтай намінацыі — Павел Савіцкі, які забіў за гродзенскі клуб 118 мячоў. Адразу пасля заканчэння гульнявой кар’еры ў канцы 2017 года Дзмітрый Кавалёнак стаў спартыўным дырэктарам «Нёмана».
Пасля затрымання ў 2023 годзе Кавалёнак пакінуў «Нёман» і больш за паўтара года не з’яўляўся ў публічнай прасторы. Пакуль у лютым 2025 года яго не паказалі ў эфіры дзяржаўнага спартыўнага тэлеканала «Беларусь 5». Там ён выказаўся наконт гульні за Суперкубак Беларусі паміж мінскім «Дынама» і «Нёманам». Там ён быў прадстаўлены як былы футбаліст «Нёмана».
Паводле інфармацыі Transfermarkt са студзеня 2025 года Дзмітрый Кавалёнак працуе асістэнтам галоўнага трэнера. Тое, што Кавалёнак працуе адным з трэнераў клуба, пацвярджае і bel.football.
Летам 2025 года Кавалёнак пачаў даваць інтэрв'ю беларускім спартыўным медыя ў якасці трэнера «Нёмана». Да таго ж Дзмітрый з’яўляўся ў кадрах на тэлебачанні падчас нядаўніх гульняў гродзенскага клуба ў Лізе канферэнцый, а таксама на клубных здымках. Быў ён і ў афіцыйных пратаколах гульняў супраць славацкага «Кошыце» і фарэрскага «Клаксвіка».
Пры ўсім гэтым на афіцыйным сайце клуба ў спісе трэнераў яго няма. Былую пасаду Дзмітрыя — спартыўнага дырэктара — цяпер займае таксама былы гулец «Нёмана» Валерый Жукоўскі.
Цана прабачэння — гульні з Караевым?
Адначасова з вясны 2025 года Кавалёнак — пастаянны ўдзельнік ідэалагічных футбольных гульняў прадстаўнікоў улады. У пачатку сакавіка Кавалёнак у складзе каманды Гродзенскай вобласці гуляў у Лідзе, дзе выходзіў на пляцоўку палаца спорту «Алімпія» разам з Юрыем Караевым, тады выконваючым абавязкі старшыні аблвыканкама. Сапернікамі была каманда Лідскага раёна, якой кіраваў Аляксандр Вярсоцкі, шматгадовы гродзенскі ідэолаг, які нядаўна прызнаўся ў любові да Расіі.

25 красавіка Кавалёнак засвяціўся яшчэ ў адным прапагандысцкім матчы. Ён гуляў за каманду Юрыя Караева ў матчы супраць каманды Дзмітрыя Балабы (палкоўніка міліцыі, шматгадовага кіраўніка мінскага АМАП, цяпер старшыні спартовага таварыства «Дынама»).

Не адзіны такі выпадак
Кавалёнак вярнуўся ў «Нёман» ціха і афіцыйна не рабіў ніякіх заяваў. Гэта не адзіны спартовец, якому ўлады даравалі. Былы галкіпер зборнай Беларусі па футболе Васіль Хамутоўскі, якога затрымалі ў 2022 годзе пасля вяртання з-за мяжы і асудзілі на два гады хатняй хіміі па пратэстным артыкуле 342 КК, цяпер працуе трэнерам брамнікаў у другой камандзе мінскага «Дынама». Гулец Станіслаў Драгун змог вярнуцца ў футбол праз камісію па вяртанні генпракурора Шведа і цяпер ён працуе спартыўным дырэктарам мінскага «Дынама». Брамнік Аляксандр Гутар таксама вярнуўся ў прафесійны спорт праз тую ж камісію. Праз публічныя «прызнанні памылак» да рознай сваёй дзейнасці вярталіся тэнісіст Максім Мірны, лёгкаатлетка Надзея Астапчук і лідар зборнай Беларусі па пляжным футболе Ігар Брышталь.
Для вяртання ў прафесійны спорт патрэбна заступніцтва «сур'ёзнага чалавека»
Былы футбаліст моладзевай зборнай Беларусі і Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі Яўген Вяроўка цяпер працуе трэнерам у Польшчы і стварае футбольную акадэмію. Ён расказаў Hrodna.life, што гуляў з Дзмітрыем Кавалёнкам і Ігарам Кавалевічам (галоўным трэнерам «Нёмана»).
«Мы разам гулялі з Кавалёнкам у „Дарыдзе“ (колішняя каманда з Мінскага раёна, цяпер не існуе — Hrodna.life), праўда, нядоўга. Але магу сказаць пра яго толькі добрыя словы. Інтэлектуальны чалавек. На поле баявы, мог усунуць галаву туды, куды іншы не ўсунуў бы ног. Прыгожы хлопец, усе дзяўчаты яго любілі. Кожны робіць сам выбар і кожнаму за яго несці адказнасць. Тое, што было ў 2020-м, і тое, што цяпер — гэта іншая сітуацыя. Гэта справа гэтых людзей, якія робяць такі выбар. Я не буду нікога асуджаць. Але ён не адзін такі - Драгун, Хамутоўскі - хапае прыкладаў».
Каб вярнуцца ў прафесійны спорт, трэба каб за цябе заступіўся «сур'ёзны чалавек», лічыць Яўген.
«Такім чалавекам мог быць Ігар Кавалевіч. Я з ім таксама гуляў, у яго безумоўны аўтарытэт. Скажу галоўнае — ён сваіх не кідае. Будзе рабіць усё, што яму выгадна. Верагодна, хадзіў да патрэбных людзей размаўляць, бо іначай як можна патлумачыць, што Кавалёнка вярнулі? Магчыма, Дзмітрыю прыйшлося сказаць, што не меў рацыю», — адзначае Яўген Вяроўка.