Яшчэ месяц таму на пляцоўцы паміж чацвёртай бальніцай і будоўляй гандлёвага цэнтру была пустка. Зараз — тут лесвічкі, бар’еры, лабірынты ды іншыя прыстасаванні для трэніроўкі сабак. Каб захаваць чысціню, на пляцоўцы ўсталявалі урны. А ўваходы прадугледзелі на трох баках пляцоўкі ў месцах, куды вядуць сцежкі.
Гэта — новая, другая ў горадзе, пляцоўка для выгулу сабак, будаўніцтва якой ініцыявалі гарадскія актывісты. Урачыстае адкрыццё пляцоўкі - з музыкай, конкурсамі, новымі знаёмствамі і здымкамі для шоў «Горад» прайшло 10 чэрвеня.
Пра тое, што на пляцоўцы будзе адбывацца свята, жыхары Вішняўца, што маюць сабак, ужо ведалі. За апошні месяц не аднойчы яны сустракалі тут актывістаў, што разам з работнікамі ЖКГ даводзілі пляцоўку да ладу. Многія з мясцовых і самі далучыліся да ініцыятыўнай групы — дапамагалі ў працы. А выходнымі прышлі на адкрыццё пляцоўкі з сем’ямі і сябрамі.
Гаспадары хваляваліся не менш за сваіх гадаванцаў - а раптам сабака спалохаецца і не атрымаецца ўзяць перашкоды? І праўда, першыя крокі па дошцы, усталяванай над зямлёй, ці горцы з прыступкамі даваліся не проста. Але ўжо з другога ці трэцяга разу сабакі лёгка іх бралі.
«Тут столькі ўсяго змясцілася! — не хавае радасці Паліна Герынг, што прыйшла на пляцоўку з цвергпінчарам Гойдам. — Мы займаемся кожны дзень, бо сабаку трэба некуды выплёскваць сваю энергію. Ужо зараз Гойд можа пераскочыць перашкоду да 80 сантыметраў ці заскочыць на метровую вышыню. Ён хутка вучыцца і ведае шмат каманд. Як падрасце, будзем з ім удзельнічаць у спаборніцтвах. А пляцоўка — шыкоўная!»Мара Паліны аб спаборніцтвах пачала збывацца адразу. У арганізаваным на пляцоўцы конкурсе яны з Гойдам атрымалі першую ўзнагароду — фірмовы кубак ад Hrodna.life.
«А мая Молі - трусішка, — расказвае Ліза Садомцава. — Можа лапу падаваць ці ісці побач. А больш нічога не ўмее. У такой кампаніі яна першы раз. Хачу навучыць яе пары трукаў і буду хадзіць сюды займацца».
Не прыйшлося сумаваць і дзецям, каторыя прышлі на свята да сабак. Ім прапанавалі стварыць стрыт-арт карціну на самым высокім бар’еры. Кожны, хто маляваў, атрымаў у падарунак керамічны кулон-сабачку. Гэтыя ўпрыгожванні таксама зроблены рукамі валанцёраў. Стварылі іх Вераніка Гайдэль і керамісты браты Ражко.
Не менш захапляльным «атракцыёнам» для дзяцей была магчымасць пагладзіць сабак. Для сабак гэта таксама важна — навучыцца ўспрымаць увагу да сябе ад чужых людзей.
«Сабакі жывуць у горадзе, вакол людзі і яны павінны быць сацыялізаванымі, умець спакойна рэагаваць на такія знакі ўвагі, каб людзі маглі адчуваць сябе бяспечна»? — тлумачыць Аляксей, пакуль дзяўчынка гладзіць яго вялікага бульдога. А для сабак з ратавальнага атрада Чырвонага Крыжа такія задачкі ўвогуле звыклыя. Усе яны працуюць не толькі ў пошуку людзей, але і ў рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю і ўмеюць спакойна рэагаваць на дотыкі незнаёмых.
Знайшліся сярод гасцей і ахвотныя папрацаваць — трэба было скончыць будаўніцтва лабірынта і пафарбаваць яшчэ некалькі снарадаў. Шмат часу правёў тут з рыдлёўкай Мікіта. Разам з бацькам Андрэем Марозам і лабрадорам Гердай яны прышлі на пляцоўку, бо жывуць непадалёку. «Казаў, усім сябрам будзе расказваць, што сам гэты лабірынт збудаваў», — усміхаецца Андрэй у бок сына, што завіхаецца за працай.Навучыцца новаму маглі на адкрыцці пляцоўкі не толькі сабакі. Для гасцей свята арганізавалі фітнэс-трэніроўку. Таксама зрабіла падарункі камандзе і Лена Майсюк — яна займаецца гравіроўкай па шклу і падаравала гравіраваны імянны слоік кожнаму з удзельнікаў каманды валанцёраў.
У Гродне разам з удзельніцай шоў Ленай Майсюк працавала не толькі каманда валанцёраў. Без падтрымкі з боку гарадской ЖКГ і асабіста кіраўніка Андрэя Хмеля пабудаваць пляцоўку было б немагчыма — упэўнены актывісты. Таксама як і без падтрымкі мясцовых прадпрыемстваў. Падключыцца да электрычнасці, каб забяспечыць імпрэзу музыкай, дазволіла кіраўніцтва «TRINITI», з набыццём матэрыялаў дапамаглі «Ёлкі-палкі» і «Белзабор».
«Прыемна, калі людзі ідуць насустрач. Гэта дае адуванне, што горад сапраўды наш, што гаражане таксама могуць вырашаць, у які бок і якім чынам яму развівацца, — распавядае Лена. — Гэту пляцоўку мы зрабілі ўсе разам, для ўсіх ахвотных. Карыстайцеся, гэта для вас!»
Увесь час імпрэзы на пляцоўцы разам з актывістамі працавала і здымачная група шоў «Горад». Зараз яны вядуць здымкі фінальнальных эпізодаў з другога сезона шоў і правяраюць, як удалося ўдзельнікам выканаць дамашняе заданне.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…