Новыя праязныя карткі ў Гродне выконваюць утылітарную функцыю, але пазбаўленых іншых і пры гэтым не менш важных. Карткі не адлюстроўваюць імідж горада і іх наўрад ці захочацца захаваць на памяць як сувенір. Telegram-канал Urban Hrodna прааналізаваў, што не так з гродзенскімі праязнымі карткамі і распавёў, як можна было зрабіць лепш. 

Гарадская візітоўка, якая заўсёды з табой

Для мясцовых жыхароў транспартная картка — гэта тое, што яны бачаць кожны дзень, калі дастаюць з кішэні. Але Гродна пазіцыянуе сябе як горад не толькі для мясцовых жыхароў, але і для турыстаў. І з гэтага пункту гледжання транспартная картка часта становіцца першым фізічным аб’ектам, які турыст набывае ў горадзе.

Добрая сучасная гарадская транспартная картка служыць тром мэтам:

  • аплата праезду (практычнае прызначэнне);
  • адлюстраванне ідэнтычнасці горада (імідж);
  • памятны прадмет, які хочацца захаваць (сувенір).

Калі дызайн карты выглядае як выпадкова набраны тэкст на выпадковым фоне, здаецца, што горад кажа: «Нам усё роўна, галоўнае, каб працавала».

Прыклад Тайваня: як гарадскі праязны можа стаць вядомым на ўвесь свет

На Тайвані працуе транспартная картка EasyCard. Тайванцы зразумелі, што «балванка» для чыпа можа быць любой. І яны пачалі актыўна гэта выкарыстоўваць. У выніку пластыкавыя праязныя з Тайваня сталі вядомыя ва ўсім свеце. Гэта адбылося дзякуючы разнастайнасці — можна набыць картку з анімэ-персанажамі, традыцыйнымі малюнкамі, у высокатэхналагічным ці мінімалістычным стылі.

Таксама паспрыяў форм-фактар — картка не абавязкова павінна быць прамавугольнай. EasyCards выпускаюцца ў выглядзе брэлкоў, фігурак, анімэ-атрыбутыкі ці нават мініяцюрных бутэлек мясцовага піва.

Людзі мэтанакіравана шукаюць рэдкія дызайны, а турысты вязуць іх дадому ў якасці сувеніраў.

Еўрапейскія прыклады, якія натхняюць

Цікавыя прыклады гарадскіх транспартных карт ёсць у бліжэй да Беларусі. 

  • Лондан (Oyster Card). Мінімалістычная картка з пазнавальным лагатыпам і насычаным сінім колерам. Перыядычна выпускаюцца лімітаваныя серыі (да юбілею каралевы, Алімпіяды, 150-годдзя метро), якія карыстаюцца попытам у калекцыянераў.
  • Кракаў (Karta Krakowska). Таксама стрыманы дызайн, у якім выкарыстоўваецца гарадскі лагатып і спрошчаная выява героя адной з гарадскіх легенд – так званага Лайконіка. Плюс карта мае шырокі дадатковы функцыянал: дазваляе танней плаціць за паркоўку аўто ў горадзе, ды і праезд у транспарце з ёй танней, чым пры звычайнай пакупцы квіткоў. У мінулым па ёй можна было таксама браць гарадскія ровары бясплатна ў карыстанне.
  • Амстэрдам (I amsterdam City Card). Турыстычная картка не толькі для паездак, але і для наведвання музеяў. Яркая і чырвоная, яна сама па сабе з’яўляецца рэкламай горада.
Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Розныя дызайны лонданскага праязнога, у тым ліку лімітаваныя і юбілейныя. Скрыншот сайта transitcards.xyz

Як гэта паўтарыць у Гродне?

Urban Hrodna прапануе выпусціць лімітаваны тыраж з контурамі Каложы ці Фарнага касцёла ў мінімалістычнай графіцы. Ці выкарыстаць у афармленні ўзоры гродзенскай брукаванкі або стылізаваную карту гістарычнага цэнтра. Або патэрнаў з Каложы, якія афіцыйна зацвердзілі яшчэ ў 2019, але так мала выкарыстоўваюць.

Можна выпусціць адмысловыя турыстычныя праязныя карткі, якія спалучаць паездкі на гарадскім транспарце і бясплатны або па зніжанай цане ўваход у Стары і Новы замкі. Картка для гараджан таксама можа мець такую функцыю — у рэшце рэшт, жыхароў Гродна таксама трэба заахвочваць наведваць гарадскія музеі.

Што не так з падыходам у Гродне?

Мяркуючы па выніках конкурсу на дызайн праязнога, праблема заключаецца не толькі ў дызайнеры, але і ў самой пастаноўцы задачы.

Па тэме: Дызайн новых картак для аплаты праезду распрацаваў 17-гадовы гродзенец

Адсутнасць брэндбука. Картка павінна працягваць візуальны стыль горада. На дадзены момант яна існуе ў вакууме. Тым часам візуальны стыль з узорам, заснаваным на маёлікавым аздабленні Каложскай царквы, быў прыняты больш за шэсць гадоў таму. І ён выкарыстоўваецца ў дызайне прыпынкаў грамадскага транспарту. Чаму б не выкарыстоўваць яго ў дызайне праязных картак?

Моўнае пытанне. Важна выкарыстоўваць беларускую мову. Гэта маркер нашай ідэнтычнасці. На працягу многіх гадоў аўтобусны парк і тралейбуснае дэпо ў Гродне друкавалі папяровыя талончыкі і праязныя білеты на беларускай мове. На транспарце прыпынкі абвяшчаліся на беларускай мове. Ігнараванне мовы робіць новую транспартную картку безаблічнай.

Па тэме: У аўтобусным парку патлумачылі, чаму новыя транспартныя карткі на рускай мове

Адзіны дызайн для ўсіх. Спроба стварыць адзіны вобраз, які спадабаецца школьнікам, пенсіянерам і турыстам — гэта ўтапічна. Было б лепш запусціць некалькі розных дызайнаў, каб жыхары маглі прагаласаваць сваімі грашыма.

Як зрабіць лепш?

Сістэма працуе, карткі надрукаваныя. Але гэта не значыць, што нічога нельга змяніць. Пластыкавыя карткі губляюцца і зношваюцца, іх трэба перавыдаваць.

Вось магчымая стратэгія развіцця для гродзенскіх пластыкавых праязных.

  1. Увесці канцэпцыю «лімітаванай серыі». Можна пакінуць цяперашні «нудны» дызайн у якасці базавага. Але раз на квартал выпускаць серыю з працамі гродзенскіх мастакоў, фатографаў ці дызайнераў. Карткі з карцінамі Сільвановіча, Грыневіча, Шобы, Стратовіча, Забелінай і іншых разыходзіліся б як гарачыя піражкі!
  2. Калабарацыі. Стварыць серыю сумесна з Гродзенскім заапаркам, футбольным і хакейным «Нёманам» або Фестывалем нацыянальных культур. Заўзятары і калекцыянеры купяць гэтыя карткі, нават калі ў іх ужо ёсць звычайныя. Тым больш «Гродна едзе на матч» або «Гродна едзе ў заапарк» гэта класныя жывыя слоганы! А «фестывальная» карта можа стаць рэдкасцю для калекцыянераў, бо фестываль праходзіць толькі раз на два гады. Кожны турыст захоча прывезці такую карту з сабой.
  3. Гістарычная серыя. Гродна — горад з багатай гісторыяй. Гравюры Адэльгаўзера, акварэлі Орды, старыя фотаздымкі горада, стылізаваныя партрэты Баторыя ці Тызенгаўза глядзеліся б на транспартнай карце прэміяльна!
  4. Конкурс для прафесіяналаў, а не для аматараў. Калі будзе абвешчаны новы тэндар ці конкурс дызайну, у склад журы павінны ўвайсці арт-дырэктары і дызайнеры, а не толькі чыноўнікі з дэпартамента транспарту. І не варта праводзіць народнае анлайн-галасаванне: гэта спрыяе накруткам галасоў і рэдка прыводзіць да перамогі найлепшых варыянтаў.

Гродзенская транспартная картка можа стаць стыльным аксэсуарам, які гараджане не пасаромеюццца дастаць з кішэні. Пакуль што гэта ўсяго толькі ўтылітарны кавалак пластыку з дрэнным дызайнам. Але ў горада ёсць усё неабходнае — гісторыя, таленавітыя мастакі і жыхары, якія любяць свой горад, — каб ператварыць транспартную картку ў невялікі шэдэўр.

Па тэме: Не паскардзішся – не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

Ніжэй – некалькі прымітыўных варыянтаў, якія аўтары канала Urban Hrodna зрабілі з дапамогай штучнага інтэлекту. Ідэя не ў тым, што гэта добры дызайн. Мэта – паказаць, куды можна рухацца сапраўдным дызайнерам, калі яны хочуць прасоўваць горад такім чынам.

Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Карта «Гродна едзе ў заапарк» у калабарацыі з заапаркам. Калаж Urban Hrodna
Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Карта «Гродна едзе на матч» у калабарацыі з ХК «Нёман». Калаж Urban Hrodna
Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Карта «Фестывальная», якую можна выпускаць лімітаванай серыяй раз у два гады акурат пад фестываль. Калаж Urban Hrodna

Што ўжо прапаноўвалі ў конкурсе і як гэта можа было б выкарыстаць?

Ніжэй – неідэальныя варыянты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе і не перамаглі. Але ў кожным з іх была нейкая ідэя, якую можна было б, пры патрэбе, дапрацаваць.

Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Аўтар гэтага дызайну – адзін з нямногіх, хто ўспомніў, што ў 2019-м годзе ўлады Гродна зацвердзілі брэнд горада. Сярод іншага былі выбараныя менавіта гэтыя колеры і такі патэрн, які паўтарае дэкор Каложы
Лімітаваны тыраж з выявай Фарнага касцёла або брэлок-бутэлька ад «Лідскага піва». Як маглі б выглядаць новыя праязныя карткі ў Гродне? 
Дызайнер Дзмітрый Гупенец зрабіў стаўку на мінімалізм, яркія колеры і абрысы вядомых гарадскіх будынкаў