Новыя праязныя карткі ў Гродне выконваюць утылітарную функцыю, але пазбаўленых іншых і пры гэтым не менш важных. Карткі не адлюстроўваюць імідж горада і іх наўрад ці захочацца захаваць на памяць як сувенір. Telegram-канал Urban Hrodna прааналізаваў, што не так з гродзенскімі праязнымі карткамі і распавёў, як можна было зрабіць лепш.
Гарадская візітоўка, якая заўсёды з табой
Для мясцовых жыхароў транспартная картка — гэта тое, што яны бачаць кожны дзень, калі дастаюць з кішэні. Але Гродна пазіцыянуе сябе як горад не толькі для мясцовых жыхароў, але і для турыстаў. І з гэтага пункту гледжання транспартная картка часта становіцца першым фізічным аб’ектам, які турыст набывае ў горадзе.
Добрая сучасная гарадская транспартная картка служыць тром мэтам:
- аплата праезду (практычнае прызначэнне);
- адлюстраванне ідэнтычнасці горада (імідж);
- памятны прадмет, які хочацца захаваць (сувенір).
Калі дызайн карты выглядае як выпадкова набраны тэкст на выпадковым фоне, здаецца, што горад кажа: «Нам усё роўна, галоўнае, каб працавала».
Прыклад Тайваня: як гарадскі праязны можа стаць вядомым на ўвесь свет
На Тайвані працуе транспартная картка EasyCard. Тайванцы зразумелі, што «балванка» для чыпа можа быць любой. І яны пачалі актыўна гэта выкарыстоўваць. У выніку пластыкавыя праязныя з Тайваня сталі вядомыя ва ўсім свеце. Гэта адбылося дзякуючы разнастайнасці — можна набыць картку з анімэ-персанажамі, традыцыйнымі малюнкамі, у высокатэхналагічным ці мінімалістычным стылі.


Таксама паспрыяў форм-фактар — картка не абавязкова павінна быць прамавугольнай. EasyCards выпускаюцца ў выглядзе брэлкоў, фігурак, анімэ-атрыбутыкі ці нават мініяцюрных бутэлек мясцовага піва.
Людзі мэтанакіравана шукаюць рэдкія дызайны, а турысты вязуць іх дадому ў якасці сувеніраў.
Еўрапейскія прыклады, якія натхняюць
Цікавыя прыклады гарадскіх транспартных карт ёсць у бліжэй да Беларусі.
- Лондан (Oyster Card). Мінімалістычная картка з пазнавальным лагатыпам і насычаным сінім колерам. Перыядычна выпускаюцца лімітаваныя серыі (да юбілею каралевы, Алімпіяды, 150-годдзя метро), якія карыстаюцца попытам у калекцыянераў.
- Кракаў (Karta Krakowska). Таксама стрыманы дызайн, у якім выкарыстоўваецца гарадскі лагатып і спрошчаная выява героя адной з гарадскіх легенд – так званага Лайконіка. Плюс карта мае шырокі дадатковы функцыянал: дазваляе танней плаціць за паркоўку аўто ў горадзе, ды і праезд у транспарце з ёй танней, чым пры звычайнай пакупцы квіткоў. У мінулым па ёй можна было таксама браць гарадскія ровары бясплатна ў карыстанне.
- Амстэрдам (I amsterdam City Card). Турыстычная картка не толькі для паездак, але і для наведвання музеяў. Яркая і чырвоная, яна сама па сабе з’яўляецца рэкламай горада.

Як гэта паўтарыць у Гродне?
Urban Hrodna прапануе выпусціць лімітаваны тыраж з контурамі Каложы ці Фарнага касцёла ў мінімалістычнай графіцы. Ці выкарыстаць у афармленні ўзоры гродзенскай брукаванкі або стылізаваную карту гістарычнага цэнтра. Або патэрнаў з Каложы, якія афіцыйна зацвердзілі яшчэ ў 2019, але так мала выкарыстоўваюць.
Можна выпусціць адмысловыя турыстычныя праязныя карткі, якія спалучаць паездкі на гарадскім транспарце і бясплатны або па зніжанай цане ўваход у Стары і Новы замкі. Картка для гараджан таксама можа мець такую функцыю — у рэшце рэшт, жыхароў Гродна таксама трэба заахвочваць наведваць гарадскія музеі.
Што не так з падыходам у Гродне?
Мяркуючы па выніках конкурсу на дызайн праязнога, праблема заключаецца не толькі ў дызайнеры, але і ў самой пастаноўцы задачы.
Па тэме: Дызайн новых картак для аплаты праезду распрацаваў 17-гадовы гродзенец
Адсутнасць брэндбука. Картка павінна працягваць візуальны стыль горада. На дадзены момант яна існуе ў вакууме. Тым часам візуальны стыль з узорам, заснаваным на маёлікавым аздабленні Каложскай царквы, быў прыняты больш за шэсць гадоў таму. І ён выкарыстоўваецца ў дызайне прыпынкаў грамадскага транспарту. Чаму б не выкарыстоўваць яго ў дызайне праязных картак?
Моўнае пытанне. Важна выкарыстоўваць беларускую мову. Гэта маркер нашай ідэнтычнасці. На працягу многіх гадоў аўтобусны парк і тралейбуснае дэпо ў Гродне друкавалі папяровыя талончыкі і праязныя білеты на беларускай мове. На транспарце прыпынкі абвяшчаліся на беларускай мове. Ігнараванне мовы робіць новую транспартную картку безаблічнай.
Па тэме: У аўтобусным парку патлумачылі, чаму новыя транспартныя карткі на рускай мове
Адзіны дызайн для ўсіх. Спроба стварыць адзіны вобраз, які спадабаецца школьнікам, пенсіянерам і турыстам — гэта ўтапічна. Было б лепш запусціць некалькі розных дызайнаў, каб жыхары маглі прагаласаваць сваімі грашыма.
Як зрабіць лепш?
Сістэма працуе, карткі надрукаваныя. Але гэта не значыць, што нічога нельга змяніць. Пластыкавыя карткі губляюцца і зношваюцца, іх трэба перавыдаваць.
Вось магчымая стратэгія развіцця для гродзенскіх пластыкавых праязных.
- Увесці канцэпцыю «лімітаванай серыі». Можна пакінуць цяперашні «нудны» дызайн у якасці базавага. Але раз на квартал выпускаць серыю з працамі гродзенскіх мастакоў, фатографаў ці дызайнераў. Карткі з карцінамі Сільвановіча, Грыневіча, Шобы, Стратовіча, Забелінай і іншых разыходзіліся б як гарачыя піражкі!
- Калабарацыі. Стварыць серыю сумесна з Гродзенскім заапаркам, футбольным і хакейным «Нёманам» або Фестывалем нацыянальных культур. Заўзятары і калекцыянеры купяць гэтыя карткі, нават калі ў іх ужо ёсць звычайныя. Тым больш «Гродна едзе на матч» або «Гродна едзе ў заапарк» гэта класныя жывыя слоганы! А «фестывальная» карта можа стаць рэдкасцю для калекцыянераў, бо фестываль праходзіць толькі раз на два гады. Кожны турыст захоча прывезці такую карту з сабой.
- Гістарычная серыя. Гродна — горад з багатай гісторыяй. Гравюры Адэльгаўзера, акварэлі Орды, старыя фотаздымкі горада, стылізаваныя партрэты Баторыя ці Тызенгаўза глядзеліся б на транспартнай карце прэміяльна!
- Конкурс для прафесіяналаў, а не для аматараў. Калі будзе абвешчаны новы тэндар ці конкурс дызайну, у склад журы павінны ўвайсці арт-дырэктары і дызайнеры, а не толькі чыноўнікі з дэпартамента транспарту. І не варта праводзіць народнае анлайн-галасаванне: гэта спрыяе накруткам галасоў і рэдка прыводзіць да перамогі найлепшых варыянтаў.
Гродзенская транспартная картка можа стаць стыльным аксэсуарам, які гараджане не пасаромеюццца дастаць з кішэні. Пакуль што гэта ўсяго толькі ўтылітарны кавалак пластыку з дрэнным дызайнам. Але ў горада ёсць усё неабходнае — гісторыя, таленавітыя мастакі і жыхары, якія любяць свой горад, — каб ператварыць транспартную картку ў невялікі шэдэўр.
Па тэме: Не паскардзішся – не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы
Ніжэй – некалькі прымітыўных варыянтаў, якія аўтары канала Urban Hrodna зрабілі з дапамогай штучнага інтэлекту. Ідэя не ў тым, што гэта добры дызайн. Мэта – паказаць, куды можна рухацца сапраўдным дызайнерам, калі яны хочуць прасоўваць горад такім чынам.

Што ўжо прапаноўвалі ў конкурсе і як гэта можа было б выкарыстаць?
Ніжэй – неідэальныя варыянты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе і не перамаглі. Але ў кожным з іх была нейкая ідэя, якую можна было б, пры патрэбе, дапрацаваць.









