Аляксандр Касарскі з Гродна выйшаў на пенсію вясной 2019 года. Да гэтага часу ён «служыў» у тэатры. За шмат гадоў акцёрскай кар’еры давялося сыграць дзясяткі роляў, але да ролі пенсіянера Аляксандр аказаўся не падрыхтаваным. Дакладней, высветлілася, што «прайсці кастынг» на ролю працуючага пенсіянера больш складана, чым на зорную тэатральную пастаноўку.
Выхад на пенсію — не нагода сядзець дома, палічыў Аляксандр і стаў шукаць новую працу. «У мяне ёсць праблемы са зрокам, складана чытаць. Праз тое выбіраў работу, дзе не патрабуецца напружваць вочы. Напрыклад, кур’ера ці вахцёра. Такія вакансіі знайшліся і гэта мяне парадавала».
Аднак далей справы пайшлі не так, як чакаў наваспечаны пенсіянер.
«Па тэлефону запыталі, колькі мне гадоў і адразу адмовілі. Не прызначылі нават сустрэчу». Такі ж вынік далі званкі па астатніх абраных вакансіях. Працадаўцы былі катэгарычнымі - узрост не пасуе.
«Я іх разумею, — разводзіць рукамі Аляксандр. — Хаця і не зусім. Чаму б не сказаць: „Ведаеце што, прыязджайце! Пагаворым.“ Але — не. Ёсць лічба, каторая палохае. За гэтай лічбай не бачна чалавека. Праз стэрэатып, што сталы нешта не зможа зрабіць, з ім не хочуць мець справаў».
Да гэтага часу, па словах акцёра, узрост не прыносіў яму вялікіх перашкодаў ці абмежаванняў. «Вось вы кажаце — пажылы чалавек. А я так не думаю. Не адчуваю сябе на пенсіянера ці беспрацоўнага. Больш за тое, бачу як некаторыя з равеснікаў і праўда пастарэлі, а я яшчэ скачу, так бы мовіць». Моцна выручае ад суму і даўняе хобі - фатаграфія.
Сумаваць без занятку Аляксандр не будзе. «Ёсць людзі, каторым я патрэбен. Дзіцячы хоспіс заўжды запрашае паваланцёрыць фатографам на сваіх мерапрыемствах, часта клічуць папрацаваць у мастацкіх праектах. Я з задавальненнем згаджаюся».Імпрэсіянізм у Гродне. Як мастакі, дыпламаты і дзеці з хоспіса разам пісалі карціны
Пэўным сюрпрызам стала для Аляксандр Касарскага прапанова папрацаваць ў мадэльным бізнесе. Першыя раз запрасілі да супрацы тры гады таму, а зараз клічуць па некалькі разоў на год. «Мяне знайшла фатографка з Масквы, Алена Шумілава. Яна сапраўдны мастак і цудоўны чалавек. Яе тэма — сталыя і дзеці».Калі Алена прыязджае ў Беларусь з майстар-класамі, то запрашае Аляксанда паўдзельнічаць у здымках. «Да яе з розных краін прыязджаюць вучыцца. Хаця яна не вучыць. Яна проста размаўляе з людзьмі і праз гэта раскрывае ў кожным асобу. І са мной раіцца, прыслухоўваецца. Дзякуючы прафесіі, я магу ствараць вобразы, якія натхняюць фатографаў, што прыязджаюць на майстар-класы. Гэта цікава. Весела і здорава ўсё праходзіць. Сёлета працалі з Аленай у Гродне, Мінску і Нясвіжы».
Магчымасць працаваць ці хаця б мець занятак «для сябе», меркаваннем Аляксандра, важна ў любым узросте, як магчымасць заставацца сярод людзей. Магчымасць зарабляць — далёка не адзіная прычына шукаць працу. «Калі прыйшоў у тэатр, мне было не зразумела, што буду працаваць за грошы, клянуся. Я сам быў гатовы плаціць, каб выйсці на сцэну».
Калі ж застаешся з сабой сам-насам, то рызыкуеш сустрэцца з «самым цяжкім для сябе чалавекам» — самім сабою: «Гэта вынік пражытага і не пражытага. Бывае, як пачну аналізаваць, знаходжу шмат нагодаў на шкадаванні - нешта не скарыстаў, прайшоў міма, згубіў… То ведаеце, лепш на гэтым не спыняцца і не думаць, колькі засталося.
Я цаню жыццё, мне яшчэ ўсё цікава — з людзьмі размаўляць, з моладдзю супрацоўнічаць. Думаю, што людзі са мной камунікуюць не праз паблажлівасць да ўзросту, а таму, што ім таксама цікава".