Аднаўляць Фару Вітаўта не будуць, бо гэта «папахвае блюзнерствам». Затое да 2025 года адновяць басейн «Лазурны», а ў Свяцк турысты змогуць патрапіць ужо гэтым летам. Hrodna.life занатаваў, пра што расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падчас прамога эфіру на тэму будаўніцтва і рэканструкцыі ў рэгіёне.
Аднаўленне Фары Вітаўта прыбралі з генеральнага плана Гродна. Гэта, на думку Караніка, «папахвае блюзнерствам»: аднаўленнем Фары Вітаўта ў выглядзе адміністрацыйна-офіснага будынка можна «абразіць пачуцці і адных, і другіх вернікаў». Маўляў, ёсць і праваслаўныя, і каталіцкія страчаныя храмы, дык «чаму мы аднаўляем гэты аб’ект»?
Чытайце таксама: «Мы зносілі страшыдла». Былы чыноўнік пра знос Фары Вітаўта і яўрэйскіх могілак у Гродне
У бліжэйшы час чыноўнікі плануюць аб’явіць конкурс на стварэнне праекта набярэжнай ля піўзавода і замкаў. Праект зможа прапанаваць кожны: як прафесійныя дызайнеры і мастакі, так і проста гродзенцы, у якіх ёсць ідэі і бачанне набярэжнай.
Чытайце таксама: Патрапіць у першы будынак адноўленага гродзенскага піўзавода можна будзе ўжо ў 2023 годзе
Гасцініцу «Гродна» перасталі рэканструяваць з-за каранавіруса некалькі гадоў таму. Але, паводле словаў Караніка, кітайскі інвестар не адмаўляецца ад праекта. У ліпені 2023 года дэлегацыя Гродзенскай вобласці паедзе ў Кітай у правінцыю Гансю, каб «расставіць усе кропкі над „і“».
Палац у Свяцку афіцыйна адкрылі ў траўні 2023 года. Але ўжо праз пару дзён турысты туды патрапіць не змаглі, бо тэрыторыя апынулася агароджанай. Прычына — не вырашаныя пытанні з арганізацыяй харчавання і пошукам персанала.
Паводле Караніка, летам 2023 года турысты ўсё ж змогуць заехаць туды. Будзе магчымасць спыніцца ў флігелях, дзе адкрыюць гатэль на 64 месцы, а таксама наведаць спа-цэнтр з паслугамі касметалогіі.
Цэнтр сямейнага адпачынку ў былым басейне «Лазурны» плануюць адкрыць да 2025 года. Там будзе басейн і саўны, а наведваць яго змогуць і дзеці, і дарослыя. Гэта будзе комплекс не для спартоўцаў, а для адпачынку гараджан.
Да канца 2023 года ў Гродне плануюць адкрыць 13,5 км кальцавой дарогі. Астатнія ўчасткі 36 кіламетровай трасы будуць будаваць па меры неабходнасці.
Чытайце таксама: «Гроднадарожніку» распавялі, на колькі км дарог хопіць грошай у 2023 годзе
Дзіцячы садок і школу ў новым мікрараёне на вуліцы Лідскай будуць будаваць, калі «будзе для каго будаваць», маўляў - калі адбудзецца «дэмаграфічны выбух» у гэтым раёне.
Затое ў ліпені на Лідскай плануюць адкрыць «Еўраопт». Таксама ў планах будаўніцтва амбулаторыі і дзіцячай пляцоўкі. У будучыні ў падобных мікрараёнах плануюць будаваць крамы на першых паверхах новых дамоў.
Гравійныя дарогі ў мікрараёне Зарыцы плануюць прыводзіць у добры стан. Але Уладзімір Каранік заклікае жыхароў самім добраўпарадкоўваць прылягаючыя тэрыторыі, рабіць падрыхтоўчыя працы — усталёўваць бардзюры і рабіць падсыпку.
Таксама на вуліцах з гравійным пакрыццём плануюць арганізоўваць асвятленне, ліўнёўку, тратуары і веласцежкі. «Людзей без асфальта не пакінуць», — сказаў Каранік.
План рэканструкцыі аўтавакзала ёсць, сказаў Каранік. Але пакуль незразумела ці ёсць сэнс у гэтым. У 2022 годзе фінансы накіравалі на будаўніцтва іншых аб’ектаў. У 2023 годзе будуць зноў ацэньваць мэтазгоднасць праекта.
У 2024 годзе плануюць пачаць будаўніцтва шматфункцыйнага спорткомплекса на выездзе з Гродна на вуліцы Белуша. Праект комплекса плануюць падрыхтаваць да кастрычніка 2023 года. Там будзе зала з трыбунамі на 500 гледачоў, басейн на 50 метраў, а таксама саўны.
Першую чаргу анкадыспансера плануюць адкрыць 30 чэрвеня 2023 года. Зараз адбываецца навучэнне персанала для працы на лінейным паскаральніку. Першы час у Гродне будуць працаваць спецыялісты з Мінска і Брэста, каб паказаць гродзенскім лекарам, як працаваць на лінейным паскаральніку.
Летам 2023 года плануюць скончыць рэканструкцыю хірургічнага корпуса ўніверсітэцкай бальніцы. Да восені 2023 года праект будаўніцтва бальніцы насупраць чацвёртага шпіталя плануюць накіраваць на экспертызу, пасля якой хочуць пачаць будаўніцтва.
Падчас прамога эфіру на YouTube Уладзіміру Караніку можна было задаваць пытанні анлайн. Гродзенка Ірына Шатыронак задала пытанне: «У 2024 годзе — 100 гадоў пісьменніку Васілю Быкаву. Ці будзе ў Гродне зроблены мемарыял памяці пісьменніка-франтавіка?» Вядоўца трансляцыі Мікалай Мельячэнка праігнараваў гэтае пытанне.
Таксама Караніку даслалі пытанне, ці будуць у Гродне пераімяноўваць цэнтральныя вуліцы: «Суворава, Урыцкага, Маркса, Энгельса і іншых, не маючых [дачынення — Hrodna.life] да Гродна гістарычных асобаў». Гэтае пытанне таксама Уладзіміру Караніку не задалі.
Чытайце таксама: Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…