Якія падаткі плацяць на самай справе чаўнакі і кантрабандысты? Ці можна іх называць дармаедамі, калі яны прыносяць валюту ў эканоміку краіны? Як звязаны памежны бізнес і колькасць рамеснікаў, якая раптоўна вырасла?

Кантрабандысты і чаўнакі існуюць яшчэ з часоў СССР, калі ў часы перабудовы адкрылі мяжу з Польшчай. У памежных раёнах складана знайсці людзей, якія самі, іх знаёмыя або сваякі хоць калі-небудзь не «сядзелі на Польшчы». Людзі гадамі зараблялі на тым, што перавозілі тавары праз мяжу. І доўгі час заставаліся ў цені.

Толькі 15% цыгарэт застаецца ў краіне

Складана сабе ўявіць, што дзяржава папросту не ведала пра тое, што ў памежных раёнах такі бізнес для многіх з’яўляўся асноўнай ці нават адзінай крыніцай прыбытку. Людзі, няхай не самым законным чынам, зараблялі сабе на жыццё. Дапамагалі дзяржаве экспартаваць цыгарэты і паліва, прывозілі валюту ў краіну і, самае галоўнае, нічога не прасілі ў дзяржавы. Такі расклад доўгія гады задавальняў усіх.

Кантрабандыст - не дармаед. «Цыгарэтавозы» прыносяць краіне больш карысці, чым тысячы ідэолагаў?

«Калі верыць асобным крыніцам, то толькі 15% цыгарэт, якія вырабляюцца ў Беларусі, спажываецца ўнутры краіны», — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Пры гэтым Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» з’яўляецца найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам у Гродзенскай вобласці.

Раз у пяць дзён узяліся за чаўнакоў

Усё змянілася ўлетку 2011-га, калі ўрад увёў абмежаванні на выезд за мяжу на аўтамабілі часцей за адзін раз у пяць сутак. У першы дзень дзеяння новага абмежавання ля пункта пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы незадаволеныя новым законам людзі зладзілі акцыю пратэсту. Па розных дадзеных у ёй прыняло ўдзел ад 200 да 300 чалавек. Пагаварыць з імі прыехаў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, але ў выніку ўсё скончылася разгонам і затрыманнямі.

«Не плацяць падаткі і ствараюць чэргі»

Тады прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка паведаміў, што 60% з вядомых удзельнікаў акцыі - нідзе не працуючыя людзі. Таксама ён адзначыў, што чаўнакі добра забяспечаны, маюць катэджы і па некалькі аўтамабіляў.


Купіць за 80 капеек, прадаць за 8 рублёў. Былыя кантрабандысты расказалі пра шлях цыгарэт з Гродна на Захад


Выглядала гэта так, быццам да чэрвеня 2011 гады ніхто і не здагадваўся, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія так зарабляюць на жыццё. У дзяржСМІ стала ўсё часцей з’яўляцца інфармацыя пра такіх людзей: пісалі, што яны несумленна зарабляюць грошы, не плацяць падаткі, ды яшчэ і ствараюць чэргі на межах.

«Любыя плыні гэта добра»

Сапраўды, кантрабандысты і чаўнакі не адкрывалі фірмаў і не рэгістравалі ІП, не плацілі падатак ад прыбытку і адлічэнні ў ФСАН. Але ці можна, выкарыстоўваючы модны ў апошнія гады выраз, сказаць, што яны «не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў» і былі дармаедамі?

«Любыя патокі, якія ідуць, гэта добра. Так ці інакш гэта эканамічная актыўнасць. Патокі абслугоўваюць канкрэтныя людзі. Нават калі яны і не плацяць грошы ў бюджэт, то зарабляюць для сябе і гэта ўсё роўна ідзе на павелічэнне агульнага багацця нашай краіны», — разважае Яраслаў Раманчук.

Эканаміст лічыць, што называць такіх грамадзян дармаедамі ні ў якім разе нельга.

«Дармаеды ў нас тыя, хто марнуе чужыя грошы і патрабуе яшчэ. Гэта катэгорыя, якая да гэтых людзей, якія займаюцца самазанятасцю і сваёй цяжкай і небяспечнай працай зарабляюць сабе на жыццё, не адносіцца».

Грошы не толькі для сябе, але і для краіны

Кантрабандысты купляюць паліва і цыгарэты законна. Разгледзім сітуацыю з цыгарэтамі, як з асноўным таварам, больш падрабязна.

Цана пачкі цыгарэт ужо ўключае ў сябе заробак вытворцы, з якога прадпрыемства плаціць не толькі падаткі, але і зарплату сваім супрацоўнікам. Акрамя падатку на прыбытак у цане ўжо закладзены ПДВ і акцызы.

Кантрабандыст - не дармаед. «Цыгарэтавозы» прыносяць краіне больш карысці, чым тысячы ідэолагаў?
Адзін з аптовых магазінаў на выездзе з Гродна ў польскім напрамку
Кантрабандысты набываюць тавар не наўпрост у фабрыкі. Таму ў ланцужку з’яўляецца яшчэ адзін падаткаплацельшчык. Як правіла, гэта гандлёвыя кропкі, якія спецыялізуюцца на дробнааптовым продажы.


Неверагодная кантрабанда цыгарэт: дзясяткі тысяч пачак тытуню змясцілі ў бляшанкі з пяском


Далей легальна набытыя цыгарэты нелегальным шляхам трапляюць у ЕС. Пры ўдалым перасячэнні мяжы кантрабандыст вяртаецца з грашыма. У Беларусі зноў набывае цыгарэты, ходзіць за пакупкамі ў крамы, купляе аўтамабілі і будуе кватэры і катэджы, пра якія калісьці заяўляў прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Як кантрабандысту не быць дармаедам

Чаўнакоў і кантрабандыстаў умоўна можна падзяліць на дзве часткі. Адны афіцыйна працаўладкаваны і ходзяць на працу, а памежным бізнесам займаюцца ў вольны час. Для іншых перавозка кантрабанды праз мяжу з’яўляецца асноўнай і нярэдка адзінай крыніцай даходу.

Як паведаміў Hrodna.life адзін з кантрабандыстаў, сярод тых, хто жыве за кошт прыгранічнага бізнесу, нямала людзей, якія афіцыйна лічацца рамеснікамі і плацяць раз у год невялікі збор. Іншыя адкрываюць ІП і фактычна не ажыццяўляюць ніякай дзейнасці, а проста плацяць падаткі і адлічэнні ў ФСАН. Трэція фармальна ўладкоўваюцца на працу ў прыватныя структуры да сваякоў або знаёмых і самі выплачваюць за сябе ўсе неабходныя плацяжы.

Кантрабандыст - не дармаед. «Цыгарэтавозы» прыносяць краіне больш карысці, чым тысячы ідэолагаў?
Машына з тайнікамі, якую затрымалі літоўскія мытнікі

Ад кантрабандыста больш карысці, чым ад чыноўніка?

Яраслаў Раманчук адзначае, што для беларускай эканомікі ад дзейнасці кантрабандыстаў больш карысці, чым ад дзейнасці цэлай праслойкі чыноўнікаў.

«Нета выгада ад кантрабандыста ў Беларусі больш, чым ад чыноўніка. Асабліва калі браць 10 000 ідэолагаў, якія незразумела чым займаюцца, ствараюць незразумела які прадукт і забіваюць нам у галаву рэчы, якія супярэчаць здароваму сэнсу, навуцы і наогул устойліваму і хуткаму развіццю».


Літва падвяла вынікі па кантрабандзе цыгарэт 2018 года: нелегальныя пастаўкі з Беларусі рэзка выраслі


Да самога дэкрэту аб «дармаедстве» эканаміст ставіцца крытычна.

«Дэкрэт быў прыняты для таго, каб стымуляваць занятасць. За час прыняцця дэкрэта колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу амаль на 200 000. Пра якую эфектыўнасці можа ісці гаворка?

Прычым гэта маральная пагроза: калі чалавека завуць дармаедам, з’яўляецца жаданне проста з’ехаць. Гэта проста адчужае чалавека ад краіны. Гэта гіганцкія выдаткі, якія аўтары і прыхільнікі дэкрэта не ўлічваюць. Таму, калі падлічыць агульную шкоду краіне, яе можна ацаніць у сотні мільёнаў долараў. Калі ўзяць, напрыклад, уклад кантрабандыста у развіццё краіны, то так ці інакш ён зарабіў грошы, потым выдаткаваў іх на прадукты харчавання, адзенне, навучанне, нерухомасць і г. д."

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]