24 чэрвеня завяршылася галасаванне за склады выбарчых камісій. Ва ўчастковыя камісіі ў Беларусі трапілі 8 чалавек з 2042 беларусаў, якія далучыліся да ініцыятывы «Сумленныя людзі». Толькі два чалавекі з іх — у Беларусі, па 3 — у Германіі і Венгрыі. Гродзенцы расказалі, чаму яны спрабавалі трапіць у камісіі і што з гэтага выйшла.
Кампанію «Сумленныя людзі» зыніцыяваў штаб Віктара Бабарыкі, але яна не заклікае да галасавання за канкрэтнага кандыдата. Яна скіраваная на максімальны ўдзел грамадскасці ў працы выбарчых камісій і падліку галасоў.
Большасць валанцёраў ініцыятывы — ва ўзросце 30−40 гадоў (39,6% ад усіх), крыху меншу частку складалі 20−30-гадовыя заяўнікі (33%). У 72,5% заяўнікоў - вышэйшая адукацыя. Больш за палову з усіх удзельнікаў ініцыятывы, чые заявы зарэгістравалі, былі з Мінска (1182 чалавекі). З Гродненскай вобласці падаваліся 96 чалавек.
Гродзенцы Арцём і Марта Ткачук падавалі заявы для працы ў камісіі ў вёсцы Каробчыцы, на ўчастак № 19.
Па Гродзенскім раёне для працы на 34 участках для галасавання разглядалі 424 асобы. З іх 89 чалавекі былі вылучаныя грамадзянамі праз збор подпісаў і падачу заяваў, астатнія — ад грамадскіх арганізацый. Такіх у Гродзенскім раёне было 17.
Пасяджэнне Гродзенскага раённага выканкама цягнулася гадзіну. Паводле закону, у камісію можа быць прызначана ад 5 да 19 асобаў. Склад большай часткі камісій раёна прынялі без галасавання: туды падалі заявы столькі чалавек, колькі і было месцаў. Усяго на некалькіх участках заяўнікоў было больш, чым патрэбна. У Каробчыцах пажадалі падлічваць галасы 15 чалавек, а мусілі 10.
«Гэта былі простыя людзі: нехта працаваў у садку, нехта — у культурным цэнтры, была прыбіральніца з мытні, адна беспрацоўная, нехта з „Белай Русі“ — стандарты набор», — успамінае Арцём звесткі пра магчымых чальцоў. Арцём працуе ў мінскай ІТ-кампаніі. Яго жонка, Марта, цяпер у дэкрэце.
У пачатку пасяджэння сярод важных для прэтэндэнтаў якасцяў адзначылі досвед працы ў выбарчых камісіях. Калі ўдзельнікі зачытвалі інфармацыю аб заяўніках, агучвалі, ці працаваў чалавек раней на выбарах.
Арцём і яго жонка Марта вучыліся ў Польшчы, у Арцёма — прэстыжная праца, Марта — спецыялістка па міжнародных адносінах, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Абое магістры, валодаюць некалькімі замежнымі мовамі, шмат падарожнічалі і працавалі за мяжой. Усё гэта было ў іх біяграфіях — акрамя досведу працы ў выбарчых камісіях.
З 9 сябраў камісіі за Арцёма прагаласавалі двое, адзін устрымаўся. За Марту не прагаласаваў ніхто, толькі адзін з чальцоў камісіі вагаўся, але, звярнуўшы ўвагу на калегаў, перадумаў.
«У мяне была іскра надзеі. Мы падалі нашыя заявы ў суботу, 21 чэрвеня, а ў панядзелак мне на працу патэлефанавалі і папрасілі характарыстыку. Напісалі вялікую, адправілі, на пасяджэнні чыталі яе апошнюю частачку», — расказаў Арцём Ткачук. Подпісы за сваё вылучэнне ў Каробчыцах яны з жонкай сабралі за адзін вечар.
«Галоўнае, нам не будзе сорамна перад нашымі дзеткамі: мы не сядзелі склаўшы рукі, збіралі подпісы, хадзілі. Людзі, якія за нас падпісаліся ў Каробчыцах, адназначна былі расчараваныя. Нам пісалі, тэлефанавалі: людзі верылі, што яны падпісаліся, дэлегуюць нам».
Рашэнне камісіі Ткачукі намераны абскарджваць, хоць гэта і няхуткі і працаёмісты працэс.
Яна Вараб’ёва, гродзенскі маркетолаг, падавала заяўку ў камісію № 98 (СШ № 40) у Кастрычніцкім раёне Гродна. Яна сабрала подпісы за сябе з участка, але не прайшла ў камісію. Прычын, чаму за яе не прагаласавалі, ніхто не тлумачыў. У дзяўчыны была добрая характарыстыка з месца працы, раней яна працавала ў дзяржаўных установах, удзельнічала ў гарадскіх мерапрыемствах.
«Я на працэнтаў 97 была ўпэўнена, што не прайду. Не таму, што не адпавядаю нейкім якасцям, а проста таму, што ў нас такая сістэма і мала хто праходзіць. Канешне, калі б я не працавала настаўнікам у школе».
Абскарджваць рашэнне камісіі ў судзе Яна збіраецца, хоць і не вельмі спадзяецца на поспех.
«У тое, што суд задаволіць маю скаргу, веру працэнты на 3».
Але сутнасць, як тлумачыць яна, не ў самой скарзе, а ў тым, каб паказаць дзяржаве, што людзям не ўсё адно, што яны гатовыя змагацца і быць палітычна актыўнымі. Калі суд не задаволіць скаргу, Яна будзе падаваць заяву на ўдзел у выбарах у якасці назіральніка.
«Як такой горычы, смутку — няма, можна сказаць, я да гэтага звыкла. Проста я намагаюся максімальна рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб не застацца ў баку. Лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам», — тлумачыць дзяўчына.
Яна не ведае, хто прайшоў у камісію, куды падавала дакументы яна сама. Але звярнула ўвагу, што ў склад камісіі з 13 чалавек у школе, дзе яна раней вучылася, увайшлі шэсць вядомых ёй настаўнікаў. «Няўжо трое настаўнікаў з адной школы пайшлі па суседзях збіраць подпісы? Смешна».
Пасля заканчэння адбору ў сеціве запусцілі флэшмоб. «Сумленныя людзі», якія спрабавалі трапіць у камісіі, пад хэштэгам #такихнеберутвизбирком сталі публікаваць свае гісторыі. Публікацый набралася багата. Вось некаторыя з іх.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, у Гродзенскай вобласці для працы на 656 участках галасавання вылучаліся 8 270 чалавек, з іх прынялі 7 576. Па звестках ЦВК, камісіі прагаласавалі за 2 418 грамадзян, якія вылучаліся шляхам падачы заяваў. Усяго па краіне з 70 200 ахвотных зацвердзілі 63 347.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…