Пра Беларусь у Кыргызстане ведаюць. «А, гэта ў вас наш былы прэзідэнт зараз жыве», — зазначаў амаль кожны з выпадковых знаёмцаў, з кім давялося перакінуцца парай словаў. Найноўшая гісторыя гэтай постсавецкай краіны Рэвалюцыяй Цюльпанаў прайшлася па лёсах і яшчэ свежая ў памяці. А вось да даўнейшай гісторыі стаўленне іншае. Большасці яна так востра не баліць. Таму і каштоўнасць Пятрогліфера — музея камянёў пад адкрытым небам у ваколіцах знакамітага возера Ісык-Куль — многія ігнаруюць. Мясцовыя працягваюць выкарыстоўваць яго як месца для выпасу жывёлы.
Старажытныя маляванкі
Пятрогіфамі навукоўцы называюць наскальныя выявы, выбітыя ці нанесеныя фарбай на каменную аснову (ад старажытна-грэцкага πέτρος — камень і γλυφή — разьба). На камянях у перыяд ад палеаліту да сярэднявечча людзі пакідалі выявы розных сюжэтаў. Малюнкі распавядаюць пра звычаі і лад жыцця колішніх тутэйшых жыхароў. У Кыргыстане ёсць некалькі месцаў, дзе можна пабачыць пятрогліфы. Толькі на паўночным беразе Ісык-Куля вядома восем з іх. Адно з самых вядомых і папулярных сярод турыстаў месцаў - Пятрогліфер — музей камянёў пад адкрытым небам бліз горада Чалпон-Ата.
З усходу і захаду музей абмяжоўвае прыватная забудова мясцовых жыхароў, з поўдня — гарадскі аэрадром, з поўначы — прадгор'і Паўночнага Цянь-Шаню. Менавіта адсюль камяні і спусціліся на раўніну разам з леднікамі і селевымі патокамі. На 42 гектарах плошчы, што займае музей, знаходзіцца мноства камянёў розных памераў. Больш тысячы з іх маюць малюнкі-пятрогліфы. Яны датуюцца перыядам ад II тысячагоддзя да н.э. да VII веку н.э. Музей-запаведнік у гэтым месцы быў утвораны ў 1979 годзе.
Што азначаюць пятрогліфы
Навукоўцы да гэтага часу не маюць адзінага меркавання аб прызначэнні пятрогліфаў. Некаторыя мяркуюць, што яны паказваюць сцэны штодзеннага побыту старажытных качавых плямёнаў, іншыя лічаць, што малюнкі былі часткаю нейкіх магічных рытуалаў, мелі прыносіць поспех у паляванні ці аберагаць ад злых духаў.
Чаму ў адным месцы аказалася такая вялікая колькасць распісаных камянёў - таксама няма адказу. Магчыма, прычыны ў геамагнітнай анамаліі, спрыяльнай для чалавека. Навукоўцы пацвердзілі яе наяўнасць адносна нядаўна, а вось мясцовыя карысталіся ўвесь час. Яны і зараз ахвотна вераць у магічныя магчымасці тутэйшых камянёў. Кажуць, што сюды прыходзяць і хранічныя хваробы лекаваць, і аб цяжарнасці прасіць, калі іншыя спосабы ўжо не даюць вынікаў. А калі прыйсці сюды з пахмелля, то можна і хутка працверазець — дзеляцца некаторыя праверанымі на сабе «лайфхакамі».
Ёсць на тэрыторыі запаведніка і выкладзеныя з камянёў колы. Іх тут каля сотні. Наконт прызначэння гэтых канструкцый таксама існуюць розныя версіі. Магчыма, плямёны-агнепаклоннікі выкарыстоўвалі іх у якасці «абсерваторый» для назірання за вогненнымі багамі - нябеснымі свяціламі, а поле камянёў было нечым кшталту прыроднага храма. Таксама не выключана, што тут знаходзіліся сямейныя ці родавыя свяцілішчы. Тады малюнкі на камянях маглі быць і нечым кшталту малітвы, якою праважалі памерлых. Да слова, захараненні на гэтай тэрыторыі вучоныя таксама знайшлі. Толькі аказалася, што даўнія курганы былі разрабаваныя задоўга да іх.
Малюнкі на камянях Пятрогліфера выбіваліся каменнымі ці, пазней, металічнымі прыладамі. Для нанясення выяваў выбіраліся камяні з «пустынным загарам». Такая чорная скурка ўтваралася ад сонечнага выпраменьвання на пародах, што ўтрымлівалі марганец ці жалеза. Унікальнасць пятрогліфаў Чалпон-Ата — у вялікай рэалістычнасці малюнкаў і непаўторнасці сюжэтаў. Найбольш часта тут сустракаюцца козы, але ёсць і выявы тыграў ці аленяў. Найбольш цікавы малюнак месціцца на самым вялікім камяні, што пазначаны ў экспазіцыі нумарам 1. Тут паказана сцэна палявання на аленя з прыручаным барсам.
Праз уздзеянне часу і ахвотных «дамаляваць» старажытныя сюжэты, частка малюнкаў была пашкоджана. Спробы кансервацыі з боку навукоўцаў таксама не заўсёды былі ўдалымі. Некаторыя камяні не прынялі і «адпіхнулі» толькі лакі, ад іншых кансерванты адваліліся разам з элементамі малюнкаў.
Тым не менш — па колькасці і цікавасці пятрогліфаў гэты музей адзін з найбольш вядомых і часта наведваемых месцаў паўночнага ўзбярэжжа Ісык-Куля. Турысты сюды прыязджаюць ці не з усіх краін свету. Паўднёвая Карэя, Кітай, Канада, Францыя, Германія, Расія — далёка не поўная геаграфія наведвальнікаў музея-запаведніка. Апроч камянёў Пятрогліфера вабіць турыстаў і возера Ісык-Куль, пярліна Кыргызстана. Да яго ад запаведніка ўсяго некалькі кіламетраў.
Што да навакольных жыхароў, то многім з іх паверыць у каштоўнасць камянёў не менш цяжка, чым у існаванне прарока ў сваёй Айчыне.«У нас тут нельга пасці, - распавядае супрацоўніца музея, Наталля Бондарава. — Але мясцовым цяжка змірыцца з гэтымі правіламі. Адныя кажуць — загарадзіце тэрыторыю, то не будзем хадзіць, іншыя — мае продкі тут паслі, то і я буду».