Спадчына

Калі МАЗы былі маленькімі. Што і калі выпускала гродзенская фабрыка цацак

Былі гады, калі ў Гродне на вуліцы Лідскай, якая мела тады назву Лідскай шашы, выпускаліся самазвалы Мінскага аўтамабыльнага завода. Сапраўдныя МАЗы, металічныя, з кузавамі, якія адкідваліся назад. Толькі гэтыя грузавікі былі… цацачныя, зусім маленькія. Выпускала іх гродзенская фабрыка цацак, якая ўвайшла ў гісторыю нашага горада пад дзіўнаватым скаротам ДИФА.

Публікуем матэрыял, які летась выходзіў на «Тваім стылі».

Гісторыя фабрыкі пачалася ў маі 1957 года. Пра фабрыку цацак тады не думалі, але выдзелілі ўчастак пры Лідскай шашы пад выставу дасягненняў гаспадаркі Гродзенскай вобласці. Тады было модна рабіць такія пастаянныя выставы, дзе дэманстравалася прадукцыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці, выступалі калектывы ды можна было закупіцца недарагаім харчаваннем і прамысловымі таварамі.

Да 1950-х гг. такая абласная выстаўка функцыянавала на Калгаснай плошчы — цяпер гэта плошча Савецкіх Пагранічнікаў. Але яе зачынілі ў сувязі з пашырэннем завода аўтазапчастак і перанеслі на Лідскую шашу. Там і сёння бачныя прыгожая ўрачыстая брама і глыбей былы галоўны павільён выстаўкі.

У 1958 г. новы комплекс выстаўкі на вуліцы Авангарднай (Белуша) прыняў наведвальнікаў. Але ўжо ў верасні 1959 г. абласныя ўлады выставачныя плошчы ліквідавалі (мода ўжо праходзіла) і прынялі рашэнне адчыніць на іх базе фабрыку цацак, галантэрэі, а таксама «прафілакторый па абслугоўванні легкавых машын асабістага карыстання».

Эмблема фабрыкі - заяц на ровары

Фабрыка ўвайшла ў таямнічае Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР і з 1963 г. на ёй пачаўся выпуск драўляных і набіўных цацак. А з 1964 г. з канвеера фабрыкі пачалі сыходзіць металічныя грузавікі і іншая тэхніка.

Мінскі самазвал з Гродна

У 1965 г. фабрыка выпускала 29 відаў прадукцыі. Апрача металічных бензавозаў, пажарных лесвіц ды грузавікоў на фабрыцы выпускаліся драўляныя гоначныя машыны і шмятлікія звяркі, сшытыя з плюша. Апошнія, дарэчы, доўга яшчэ стаялі ў сервантах гродзенцаў і не адно пакаленне малых трымала іх у сваіх руках ды зубах.

Паколькі ў Гродне ў тыя часы існаваў велазавод, то і яму дапамагала фабрыка сваёй прадукцыяй — выпускаючы розныя скураныя аксесуары да веласіпедаў - найперш сумкі для ключоў.

Грузавік сярэдзіны 1960-х гг. На беларускім аўкцыёне такі можа каштаваць больш за сто рублёў

У 1980-х гг. фабрыку пераіменавалі ў металапрацоўчы завод. Назва ДІФА захавалася, хаця прадпрыемства паступова адыходзіла ад цацак, перапрафілёўваючыся на аўтамабільныя дэталі. Апошнім «брэндавым» цацачным прадуктам фабрыкі сталі пластыкавыя грузавікі ды іншыя машыны, якія пачалі выпускацца ў другой палове 1990-х гг. Іх добра памятаюць гродзенцы, якія былі дзецьмі гадоў дваццаць таму.

Цацкі з ДІФЫ, выпушчаныя ў 1990-х гг

У 2002 г. ДІФА стала сумесным беларуска-расійскім акцыянерным таварыствам. Сёння фабрыка выпускае шырокую лінейку рознага аўтамабільнага абсталявання — галоўным чынам фільтраў, і дае работу некалькім сотням гродзенцаў. А старыя зайцы ды гоначныя машыны знаходзяцца ў прыватных калекцыях або ляжаць у каробках са старымі цацкамі. Чакаюць, пакуль іх адшукае які малы чалавек.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю?» Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024