У гістарычным цэнтры Гродна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў цікавых кафляных печак, якія ўпрыгожваюць інтэр'еры старых дамоў. Яны, у адрозненне ад вонкавага дэкору будынкаў, не пад аховай і проста чакаюць, пакуль уласнік новай кватэры ці офіса не вырашыць іх лёс. Да Другой сусветнай вайны ў кожным доме было па некалькі такіх. Але калі з’явілася цэнтральнае ацяпленне, то прыгожыя печы сталі непатрэбныя — іх проста знішчалі. Загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч на старонках «Гродзенскай праўды» заклікае ратаваць гэтую частку спадчыны.
Прыклады гродзенскага кафлярства захаваліся ў Музеі гісторыі рэлігіі, у культурным цэнтры «Фестывальны», а таксама ў былой сядзібе Станіславова на Ціміразева. Некаторыя печы ёсць і ў прыватных дамах — яны функцыянуюць да гэтага часу.
Амаль у кожным месцы старога Гродна археолагі знаходзяць рэшткі кафлі з XVI — XVIII стагоддзяў, а на вуліцы Вялікай Траецкай у 1989 годзе адкапалі 400-гадовую майстэрню кафляра.
Найбольш частыя віды кафлі, якія знаходзяць у Гродне — з гербамі каралеўскай дынастыі Вазаў, магнацкіх родаў Коцелаў, Радзівілаў, Сапегаў, а таксама з выявамі на рэлігійныя сюжэты, напрыклад, Дабравешчанне Дзевы Марыі.
Зараз гродзенскія і мінскія гісторыкі і рэстаўратары рыхтуюць да выдання каталог гродзенскіх печак, якія былі зроблены не толькі ў Гродне, але і на фабрыках па ўсёй былой Расійскай імперыі, а таксама Германіі і іншых краін. З фотаздымкамі дапамагае фатографка Святлана Несцярэнка.
«Для нас вельмі важна захаваць як мага больш цікавых печак канца ХІХ — першай паловы ХХ стст.», — піша Вашкевіч. Ён заклікае паведамляць у музей пра старыя печы ў дамах гродзенцаў, каб гісторыкі маглі іх зафіксаваць і захаваць для будучых пакаленняў. Тэлефон музея: 71−86−95 (Андрэй Вашкевіч).
Прамысловая вытворчасць кафлі пачалася ў Гродне ў ХІХ стагоддзі. У 1813 годзе ў Гродна прыехаў Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі, які са студзеня па сакавік 1813-га выконваў абавязкі гродзенскага губернатара. Нягледзячы на нядоўгае знаходжанне на гэтай пасадзе, Гродна яму настолькі спадабаўся, што ён вырашыў заснаваць тут сваю рэзідэнцыю. Але замест таго, каб будаваць новы палац, ён выкупіў старую сядзібу караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якая называлася Станіславова.
У 1820 годзе граф Ксаверый Друцкі-Любецкі заснаваў мануфактуру ў сваім новым уладанні. Спецыялізавалася яна на вытворчасці цэглы. Радовішчы гліны размяшчаліся на тэрыторыі сучасных вуліц Дубко, Дзяржынскага і Пушкіна. Гліна з гэтых месцаў мела адметную асаблівасць — яна была жоўтага колеру.
У 1886 годзе цагельня ўжо мела свой уласны мураваны будынак, паравы рухавік у восем конскіх сіл. Фабрыка выпускала каля 100 тысяч цаглін штогод. З пачатку XX стагоддзя тут таксама выраблялі гліняную плітку і трубы, бетонныя прыступкі, аздобленыя мазаікай, і шмат іншых патрэбных у будаўніцтве матэрыялаў. Спецыфіка працы, звязанай са здабычай гліны, дазваляла працаваць толькі ў цёплую пару года на працягу 125 — 140 дзён.
Па тэме: Як у Гродне рэканструююць вытворчы корпус кафлярняў
Аляксандр Медард Друцкі-Любецкі ў 1894 годзе пачаў планаваць будаўніцтва новай мануфактуры па вытворчасці кафлі. Гэта павінен быць двухпавярховы будынак. Месца для будоўлі ён абраў за рысай горада, за чыгункай Санкт-Пецярбург — Варшава. Вясной 1895 года Друцкі-Любецкі прыступіў да будаўніцтва завода.
Пасля яго смерці ў 1908 годзе завод атрымала ў спадчыну Марыя Друцкая-Любецкая. Марыя не магла кантраляваць кожнае прадпрыемства, якое дасталася ёй у спадчыну, таму прыняла рашэнне здаць мануфактуру ў арэнду. У 1913 годзе арандатарам стаў багаты яўрэй Бэр Мэрабы Клемпнер. У кантракце тэрмін арэнды вызначаўся да 1919 году, а ўсе асноўныя рашэнні па развіцці завода заставаліся за Марыяй.
Станіславоўская кафлярня была ўжо цалкам сучасным прамысловым прадпрыемствам, на якім у 1900 годзе працавалі 28 чалавек. На пачатку XX стагоддзя кафлю рабілі пры дапамозе спецыяльнага прэса, аднак астатнія дзеянні патрабавалі вялікай фізічнай сілы. Разам з мужчынамі на працягу дзесяці гадзін у суткі на фабрыцы працавала некалькі жанчын.
Падчас Першай сусветнай вайны ў Гродне было дзесяць печаў па абпальванні цэглы, якія пры поўнай загрузцы за адзін сезон маглі выдаць 45 мільёнаў цэглаў і сотні тысяч кафляў. Натуральна, такіх аб’ёмаў вытворчасці яны ніколі не дасягнулі як з-за адсутнасці попыту, так і з-за тэхналагічных цяжкасцей. Каб абпаліць столькі кафлі, трэба было прывезці ў наш горад не менш за 750 вагонаў каменнага вугалю.
Пасля верасня 1939 года ўсе будаўнічыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а ў пачатку 1960-х гадоў вынесены за межы горада ў раён вуліцы Горкага. Вытворчасць пячной кафлі ў Гродне цалкам спынілася каля 1970 года.
Сёння сведкамі гэтага рамяства засталіся толькі будынкі кафлярні Станіславова на Чырвонаармейскай вуліцы і цагельні Аркіна на вуліцы Лермантава. Пры гэтым будынкі на вуліцы Чырвонаармейскай сёння актыўна і якасна рэканструююцца прыватным інвестарам пад уласныя патрэбы.
Чытайце таксама: З-за рамонту Гродна назаўсёды страціў адну з кафляных печаў
Кіра пайшла на агульную сустрэчу з партнёркамі свайго хлопца, каб пазнаёміцца з імі. Зміцер пайшоў…
Каляды, Новы год, Раство - час сямейных сустрэч. А ці добра ты разумееш сваякоў? Як…
Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату - прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя…
На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…