Праграма «Універсітэт Залатога Веку» правяла конкурс эсэ «За што я люблю Гродна». Ніжэй — тэкст Віктара Варанца, які заняў другое месца. Пра конкурс і яго ўмовы вы можаце прачытаць тут.
«Мы любім тых, хто любіць нас». І гэта існая праўда! Я люблю мой горад усё жыццё! А дзесьці гадоў з трох, калі памяць ужо стала фіксаваць розныя падзеі навакольнага свету, я адчуў да сябе і любоў майго горада!
Расхрыстанае, басаножнае дзяцінства не ведала на тую пару хоць якіх абмежаванняў свабоды: «не запэцкайся, не падымай цукерку з зямлі, не спазніся на абед…» Рытарычнымі здаваліся дзяжурныя фразы бацькоў: «пачытаў бы лепш кнігу; не купайся ў Нёмане без старэйшых; а ўрокі зрабіў?». З кавалкам хлеба, пасыпаным цукрам, мы пазнавалі самастойна навакольны свет: Пярэселка, Пышкі, Нёман, Цаглянае возера. І гэта ўсё мне падарыў мой Гродна!
Мы не ведалі ў нашым памежным горадзе, што ёсць на свеце палякі і беларусы, рускія і габрэі. Бо мы ўсе былі адной крыві - гарадзенцы. Мы не ведалі кошту грошай, бо шмат іх ніколі ніхто не меў, а на шклянку квасу, марожанае ці новы мячык можна было і запрацаваць: натрэсці ў кінутых садах яблык і здаць на вінзавод або пасля футбольнага матча на стадыёне сабраць бутэлькі, ліха апераджаючы канкурэнтаў у асобе злосных бабуль і дзядуль. І адчуванне сваёй самастойнасці таксама даваў мне мой горад!
А потым універсітэт. Так, душу падточвала крамольная думка: а можа, у БДУ на журналістыку ці ў БДПУ імя Максіма Танка на філалогію? Усё ж сталіца…Але як без мяне застанецца мой горад? А як без яго пражыву я? Ды, зрэшты, ёсць жа ў нас цудоўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Мой горад шчодра адарыў за такую адданасць. Ён пазнаёміў мяне са сваімі славутымі выкладчыкамі: Міколам Архіпавічам Янкоўскім, Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам, Тамашом Іосіфавічам Тамашэвічам, Ігарам Васільевічам Жуком, Ігарам Вячаслававічам Ягоравым. Я пачаў разумець глыбіню і прыгажосць мастацкага слова, мілагучнасць беларускай мовы, значэнне творчай асобы ў фарміраванні ўласнага светапогляду. І гэта мне падарыў мой горад.
Аднойчы ў Доміку Элізы Ажэшкі Аляксей Нічыпаравіч Карпюк сказаў мне, дзявтнаццацігадоваму вершаплёту, усяго адну фразу: «Пішы прозу, хлопец, будзе толк!». І я паверыў яму, бо Аляксей Нічыпаравіч — наш сапраўдны гарадзенец. Дзе, як не ў Гродне я змог бы пазнаёміцца з гэтым незвычайна таленавітым чалавекам?
Горад поўніў нас, студэнтаў, сваім бунтарскім духам, і гэта вылівалася ў вострыя рэпрызы на КВЗ, у самвыдатаўскі часопіс «Містыка», у бясконцыя творчыя, прафесійныя, навуковыя спрэчкі з такімі ж расхрыстанымі гарадзенскімі студэнтамі: Ірынай Швяцовай, Аляксандрам Фядутам, Янкам Трацяком.
Гродна акунаў нас у вір грамадскага і палітычнага жыцця, дорачы новыя ўражанні, веды, спадзяванні: грамадскае аб’яднанне «Бацькаўшчына», гісторыка-культурны клуб «Паходня», Таварыства беларускай мовы, газета «Пагоня». І, безумоўна, новыя цікавыя знаёмствы: Мікола Маркевіч, Тадэвуш Гавін, Алесь Астроўскі, Іван Якаўлевіч Лепешаў.
Ідзе час, але мой горад не дае старэць, раз за разам дорачы новыя павароты жыцця. І вось я выкладаю ў медыцынскім універсітэце, кожнага дня расказваючы студэнтам пра Гродна і з задавальненнем бачачы, як і яны напаўняюцца любоўю да горада, як пачынаюць адчуваць такія ж пачуцці да сябе і з боку Гродна. Мае студэнты становяцца гарадзенцамі. Я пішу апавяданні пра гісторыю майго горада, і з прыемнасцю канстатую, што і чытачы адкрываюць мой горад з новага для сябе боку. І вось ужо маладыя аўтары з літаратурнага клуба «Катарсіс», якім кірую, таксама з захапленне пішуць пра Гродна. Яны ўжо любяць мой горад, яны таксама гарадзенцы.
Я люблю гуляць раніцай па Савецкай вуліцы, калі навокал яшчэ няма мітусні і ты адчуваеш дыханне горада. Я люблю гуляць па Савецкай вуліцы днём, калі яна поўніцца турыстамі, моладдзю і шматлікімі знаёмымі, з якімі прыемна перакінуцца словам, папіць кавы ці нават завярнуць у кавярню на куфаль добрага піва. Я люблю гуляць па Савецкай вуліцы вечарам, калі горад засынае, і пяшчотны свет ліхтароў паказвае табе дарогу ў цудоўнае будучае. Я люблю ў кожны час сядзець каля Каложы, бо менавіта там я адчуваю, што ніколі ні ў гэтым жыцці, ні ў іншым не буду адзінокі і забыты. Бо я гарадзенец. Я люблю мой горад. І не пытайцеся нават, за што!
Чытайце эсэ, якое перамагло ў конкурсе: Марына Загідуліна: За што я люблю Гродна
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…