Зміцер упершыню купіў змяю ў 23 гады. Зараз яму 36 і ў яго ў кватэры цэлы пакой, застаўлены акварыумамі і тэрарыумамі. Яго гадаванцы: яшчаркі, павукі і… вожык.
Першая змяя пражыла нядоўга, але цікавасць да экзатычных жывёл засталася ў Змітра назаўжды. Пасля ў яго былі перапёлкі, певень, карлікавая курыца, жабы, трытоны.
«Я з юнацтва любіў жывёл і думаў паступаць на ветэрынара. Але пайшоў у электратэхнічны каледж, затым вывучыўся на педагога-псіхолага», — кажа Зміцер. Яго задавальняе, як склалася жыццё. Зараз ён — намеснік дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай працы ў Гродзенскім каледжы бізнесу і права.
Улюбёнчык харчуецца толькі з рук
У кватэры Змітра першым чынам наш погляд падае на куфар са змяёй. Гэта маісавы полаз — ён пасяліўся тут чатыры гады таму. Змяя не атрутная і для людзей не небяспечная.
Далей Зміцер падводзіць нас да сваіх улюбёнчыкаў. Гэта барадатыя агамы — самка і самец — жывуць у тэрарыуме разам. Гаспадар пяшчотна кладзе іх да сябе на грудзі і распавядае, што самец ручны і харчуецца толькі з рук. Над імі жыве прыгажун-хамелеон.
На кніжных паліцах стаяць кантэйнеры з павукамі-птушкаедамі. Аднаму з іх Зміцер кідае лічынку зафобаса і валасаты павук ў той жа момант прагна есць ласунак.
Жывы корм Змітру дастаўляць з Гомеля. Гэта зафобасы, цвіркуны, егіпецкія прусакі. «Змяю кармлю мышамі. Ёй шмат не трэба, яна за раз з’ядае чатыры мышы і гэтага хапае на два тыдні», — тлумачыць гаспадар.
Сярод акварыўмаў і экзатычных жывёл загубіўся пухнаты трусік. Ён жыве разам з пацуком Уршуляй. Зміцер кажа, што звычайна пацук з трусам не ўжываюцца. Але ў яго яны з лёгкасцю дывуць у адной клетцы і нават ядуць з адной ёмістасці.
Тут жа і афрыканскі вожык. Зміцер спрабуе ўзяць яго на рукі, але ён кусаецца: гаспадар да гэтага чапаў змяю і ад яе яшчэ застаўся пах.
Дораць тых, каго не ведаюць куды падзець
«Змяю я прывёз з Мінска, эўблефара з Польшчы, павукі таксама з Мінска. Хамелеона і агаму можна набыць у Гродне, жывёл прадаюць у заапарку і на „Куфары“. Пацука мне падарылі калегі па працы на 23 лютага. Вожык таксама дастаўся ў падарунак», — распавядае Зміцер. Праўда, дадае, што дораць звычайна тых, каго не ведаюць куды падзець.
Самы дарагі гадаванец — змяя. Яна каштавала каля 100 рублёў. Хамелеона Дзмітрый купіў за 80. На корм кожны месяц ён выдаткоўвае каля 100 рублёў [актуальныя цэны на канец лютага 2022 — Hrodna.life].
Зубной шчоткай чысціць вожыку іголкі, рэптыліям дае вітаміны
Цікавімся, што рабіць, калі хтосьці з экзатычных гадаванцаў захварэе. Няўжо іх прымае звычайны ветэрынар? Выяўляецца, у Змітра яшчэ ніхто не хварэў.
«І наогул тут безадходная вытворчасць, хтосьці кагосьці заўсёды можа проста з’есці, — жартуе Зміцер. — Калі сур’ёзна, то я стараюся іх старанна даглядаць. Напрыклад, раз на тыдзень зубной шчоткай промываю вожыку іголкі, чышчу тэрарыумы, спрабую ўладкаваць патрэбнае ім асяроддзе. Усім рэптыліям даю вітаміны і кальцый».
Чытайце таксама: «Хобат закрануў маё сэрца». Як гродзенка клапацілася пра сланоў у Тайландзе
Прысмакі для гадаванцаў: бананавыя чарвякі, арцемій і інфузорыі-туфлікі
Зміцер вядзе нас на кухню. Тут усё застаўлена невялікімі акварыумамі. У іх жывуць рыбкі, крэветкі, слімакі. Для рыбак ён вырошчвае спецыяльны корм: бананавых чарвякоў, арцемій, інфузорый-туфлікаў.
Аднастайная рухомая жоўтая субстанцыя — гэта бананавыя чарвякі. У слоіку з вадкасцю, якая нагадвае чайны грыб, жыве інфузорыя-туфлік.
Ва ўсіх тэрарыўмаў і акварыўмаў ёсць асобнае асвятленне: яно ўключаецца па графіку з шасці раніцы да дзевяці вечара. Дзмітрый кажа, што рахунак за электраэнергію прыходзіць невялікі.
У вас цікавае хобі, незвычайныя гадаванцы або дзіўная праца? Вам ёсць што расказаць ці паказаць Hrodna.life? Пішыце нашаму боту ў Telegram!