Спадчына

Як лепш адбудаваць гродзенскую ратушу: тлумачыць гісторык

Гродзенская ратуша цягам стагоддзяў не раз змяняла свой выгляд, а ў 1949 годзе яе канчаткова разбурылі. Як яна павінна выглядаць, калі ўлады ўсё ж возьмуцца за яе аднаўленне? Пра гэта ў сваім блогу паразважаў гісторык Мечыслаў Супрон.

У 2022 годзе зацвердзілі распрацаваны раней у «БелНДІПгорадабудаўніцтва» дэтальны план развіцця і рэнавацыі гістарычнага цэнтра Гродна. Сярод іншага, план прадугледжвае і адбудову ратушы. Але ў якім выглядзе можна яе адбудаваць?

Рэнесанс, класіцызм ці эклектыка: у якім выглядзе адбудаваць ратушу ў Гродне?

Будынак праз войны і пажары некалькі разоў змяняў знешні выгляд: ад рэнесанснага (XVI ст.) і барочнага (канец XVIII ст.) да класіцыстычнага (пачатак ХІХ ст.) і эклектычнага (1870−1949 гг.). Як выглядала рэнесансная ратуша, мы ведаем толькі дзякуючы гравюрам Цюндта 1568 г. і Макоўскага 1600 г. Але сам будынак на гравюрах паказаны схематычна, без якіх-небудзь падрабязнасцяў.

«Ці можам мы адбудаваць гродзенскую ратушу ў рэнесансным выглядзе? Адказ будзе — не, бо мы не валодаем дастатковай інфармацыяй аб знешнім выглядзе будынка на той час», — піша Супрон.

А можа адбудаваць ратушу ў стылі эклектыкі, у такім выглядзе, які яна мела перад разбурэннем? Тэарэтычна можна і метадалагічна гэта будзе правільна, бо ёсць мноства фотаздымкаў і архіўных планаў будынка ратушы таго часу.

Аднак, на думку Супрона, найбольш лагічна і правільна адбудаваць гродзенскую ратушу ў класіцыстычным стылі (пачатак ХІХ ст. — 1870 г.). Самае галоўнае — на дадзены перыяд ёсць неабходнае навуковае абгрунтаванне, каб зрабіць гэта.

Як гродзенская ратуша набыла рысы класіцызму

Ратушу рэканструявалі ў стылі класіцызму ў другой палове 1810-х за сродкі купца Юдэля Гутка паводле праекту губернскага архітэктара Караля Багеміля. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды 1867 г., захаваным планам і інвентарам мы ведаем, што будынак уяўляў сабой двухпавярховы цагляны атынкаваны аб’ём, замкнёны па перыметры. Паўднёвы і паўночны фасады былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з элементамі дарычнага ордэра. Пастаўленыя на стэрэабаты (п'едэсталы) калоны падтрымлівалі антаблемент з трохвугольным франтонам, на якім быў надпіс «MAGISTRAT» з вялікіх медных пазалочаных літар. Пад франтонамі размяшчаліся аркавыя праезды. Ва ўсходняй частцы будынка знаходзіўся ганак з васьмю калонамі. У будынку мясціліся крамы, сіроцкі суд, кватэрная камісія, гаўптвахта і іншае.

Як выкарыстоўваць адноўлены аб’ект?

Ратуша ў сваім класіцыстычным выглядзе будзе гарманічна ўпісана ў архітэктурнае асяроддзе галоўнай гарадской плошчы, лічыць Супрон. Другі паверх будынка можна выкарыстоўваць па сваім прамым прызначэнні - філіял гарвыканкама, а першы паверх прыстасаваць пад крамы і гастранамічныя кропкі. Варта зазначыць, што пад брукоўкай сучаснай Савецкай плошчы дагэтуль захоўваюцца падвалы старадаўняй ратушы ХVI ст., якія таксама можна прыстасаваць пад які-небудзь круты турыстычны аб’ект (напрыклад, пад падземны музей, як у Кракаве).

Што было з ратушай у XIX ст.

Пасля ліквідацыі магістрата ў выніку судовай рэформы 1864 г. яго памяшканні заняла гарадская дума. Сам будынак перайменавалі ў «гасцінны двор». Да канца 1860-х былая ратуша апынулася ў аварыйным стане. Яе перабудаваў цягам 1869−1870 гг. купец Давід Гальперн (з правам атрымліваць сродкі за арэнду). Падчас пажару 1885 г. будынак згарэў, а разам з ім архіў гарадской думы з усімі актамі гродзенскага магістрата XVII-XIX стст. і больш старымі дакументамі. Цягам наступных гадоў адрамантаваны. Канчаткова гродзенскую ратушу зруйнавалі ў 1949 г.

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024