Больш за сто «палітычных» адміністрацыйных спраў па Гродзенскай вобласці з’явілася ў банку судовых рашэнняў за снежань. Як правіла, людзей судзілі за падпіскі, рэпосты, лайкі на рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, радзей — за фота БЧБ-сцяга ў асабістых акаўнтах. У дзвюх трацінах выпадкаў тэхніку ў аштрафаваных і арыштаваных канфіскоўвалі, але былі выпадкі, калі людзям удавалася пазбегнуць яе канфіскацыі. Журналіст Hrodna.life даследаваў факты канфіскацыі.
Журналіст Hrodna.life налічыў 109 судовых рашэнняў у снежні па палітычных адміністрацыйных справах. У 77 выпадках з іх канфіскоўвалі тэхніку — тэлефоны, ноўтбукі, планшэты. Іх адбіраюць як сродкі здзяйснення правапарушэння.
Канфіскацыя ідзе як «дадатковы» спосаб пакараць чалавека. Асноўны ж — арышт або штраф, памер якога можа вар'іравацца.
Ад канфіскацыі не абараняюць ні пенсійнае пасведчанне, ні інваліднасць
Пад канфіскацыю тэхнікі па палітычных адміністрацыйных справах трапляюць людзі з розных сацыяльных слаёў. Не робяць выключэнне і для пенсіянераў, і для бацькі дзяцей-інвалідаў.
Пры гэтым чыстасардэчнае раскаянне часам прызнаюць змякчальнай акалічнасцю. Але знайсці карэляцыю паміж прызнаннем віны і канфіскацыяй тэхнікі Hrodna.life не атрымалася.
Напрыклад, індывідуальны прадпрымальнік з Гродна цалкам прызнаў сябе вінаватым і раскаяўся ў зробленым. Але акрамя штрафу ў яго за падпіскі ў Instagram канфіскавалі адразу два мабільныя тэлефоны — палічылі, што ён выкарыстаў абодва пры здзяйсненні правапарушэння.
А 20 снежня ў судзе Лідскага раёна судзілі дырэктара прыватнага прадпрыемства за рэпосты ў Facebook «Белсат TV», «Радыё Свабода», «Зеркало. Новости», «Кропка», «Euroradio». Мужчына не прызнаў віну і заявіў, што «распаўсюджваць якую-небудзь інфармацыйную прадукцыю Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь не забаронена». Яго арыштавалі на 15 сутак з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.
Гісторыі, калі асуджаным па палітычных артыкулах ўдавалася пазбегнуць канфіскацыі тэхнікі
У адным судовым пасяджэнні, напрыклад, дакладна не выявілі, што лідчанка рабіла рэпосты «Нашай Нівы» «з выкарыстаннем канфіскаванага ў яе пры асабістым ператрусе мабільнага тэлефона маркі „Samsung Galaxy А12“, набытага ёю ў 20** годзе». Таму суд аштрафаваў яе, але тэхніку не канфіскоўваў.
Іншы выпадак — гродзенка распавяла ў судзе, што падпісалася на рэсурс, які пазней прызналі экстрэмісцкім, з іншага тэлефона, які зламаўся ў 2019 годзе. Яна яго выкінула. Улічваючы, што «здзейсніла правапарушэнне» жанчына з іншага тэлефона, новы ў яе не канфіскоўвалі.
Таксама суды выносілі рашэнне без канфіскацыі, паколькі тэлефон ужо быў канфіскаваны па іншай справе.
Дзве адміністрацыйныя справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў спынілі. У абодвух выпадках прычынай стала заканчэнне тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання.
Адным з рэдкіх рашэнняў таксама сталі 40 гадзін грамадскіх работ. Іх за падпіску ў Instagram на «Зеркало» адбудзе супрацоўніца КСУП у Карэлічах.
Куды адпраўляецца канфіскаваная тэхніка?
У Гродне ёсць дзве крамы канфіскаваных тавараў - «Ваш выбор» і «Белюрзабеспячэнне». Апошні адкрыўся ў жніўні 2023 года. У гэтых крамах на арыштаваную маёмасць не даюць гарантый, таксама яго нельга абмяняць або вярнуць пасля пакупкі.
Таксама тэхніку можна купіць праз інтэрнэт. На 11 студзеня даступныя больш за 100 тэлефонаў. Кошты пачынаюцца ад 2 рублёў. Праўда, відаць, што экран гэтага тэлефона пабіты. Ёсць істотныя зніжкі - са 100 да 20 рублёў.
Каго і за што наогул судзяць па палітычнай адміністрацыйцы?
Часта пераследваюцца цэлыя групы. Сілавікі прыходзяць ва ўстановы і на прадпрыемствы, дзе затрымліваюць адразу некалькі супрацоўнікаў. Таму праследуемымі становяцца медыкі, супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў - як правіла, прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў. Але судзяць і дырэктараў.
Дадзеныя ў рашэннях ананімізаваныя, але іх можна супаставіць з паведамленнямі аб папярэдніх затрыманнях. Таксама паведамляецца пра наяўнасць дзяцей у аштрафаваных і арыштаваных. З гэтага вядома, што судзяць у тым ліку і маці ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Наяўнасць дзяцей лічаць «змякчальнай акалічнасцю».
Калі доўгі час пасля 2020 года пераследвалі за падпіскі і рэпосты ў Telegram, то апошнія паўгода сілавікі звяртаюць увагу і на іншыя мэсэнджары і сацсеткі. Судзяць за інфармацыю ў Instagram, Facebook, Viber, «Аднакласніках» і «ВКонтакте».
Акрамя рэпостаў, судзяць і за падпіскі — іх кваліфікуюць як «захоўванне з мэтай распаўсюду». Hrodna.life вядома пра выпадак, калі гродзенец адпісаўся ад усіх рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Але іх выявы захоўваліся на старонцы праз асаблівасці сацсеткі. Даказаць невінаватасць не ўдалося — вынеслі пастанову аб адміністрацыйным арышце. Таксама судзяць за «экстрэмісцкія» лагатыпы і «візуальны матэрыял».
Дзе і як сілавікі знаходзяць «экстрэмізм»?
З матэрыялаў справы вядома, што ў некаторых выпадках інфармацыю знаходзяць «падчас маніторынгу інтэрнэту». Напрыклад, падпіску ў Instagram на Tribuna.com у настаўніка фізкультуры выявіў оперупаўнаважаны аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна старшы лейтэнант міліцыі.
Таксама падпіскі і лайкі могуць знайсці пры аглядзе вашага тэлефона — падчас «рэйдаў» на прадпрыемствы. Таксама падобныя агляды ладзяць на мяжы. У снежні пасля агляду на мяжы суд чакаў чатырох чалавек — у тым ліку кіроўцаў літоўскіх фірмаў.
Досыць часта ў пастановах сустракаецца СМІ, у тым ліку Zerkalo.io — пераемнік найбуйнейшага беларускага СМІ TUT.BY. Таксама экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаюць асабістыя сацсеткі журналістаў і актывістаў. Напрыклад, так здарылася з былым журналістам Hrodna.life Русланам Кулевічам. Фактычна ўсе яго падпісчыкі ў Беларусі могуць стаць фігурантамі адміністрацыйных спраў.
Часцей за ўсё затрыманых штрафуюць на 30 базавых велічынь (у 2023 годзе — 1110 рублёў).