Яйкі пад шубай, яйкі па-шатландску і печыва з яечных жаўткоў. Карэспандэнтка Hrodna.life знайшла і праверыла тры рэцэпты, у якіх вараныя яйкі - абавязковы прадукт. З гэтымі рэцэптамі вы не будзеце хвалявацца, што яйкі сапсуюцца. Ёсці іх сухама таксама не прыйдзецца.
1. Закуска з варанага яйка — варыянт селядца пад шубай
Прыкладны набор прадуктаў:
Яйка курынае — колькі ёсць, 2−3 вараныя буракі, філе селядца, смятана (можна замяніць маянэзам ці густым ёгуртам), сыр, калі ёсць — плаўлены (можна не дадаваць), часнык 2 зубчыкі, зеляніна (можа быць зялёны лук, пятрушка, кроп), спецыі на смак (соль і перац).
Яйкі парэзаць напалову ўздоўж. Стараемся не пашкодзіць бялкі. Дастаць жаўткі і расцерці іх відэльцам у асобнай ёмістасці. Здрабніць зеляніну.
Буракі нацерці на буйной тарцы і адціснуць лішнюю вадкасць.
У місе злучыць з жаўткамі буракі, смятану, зеляніну і сыр з часныком. Трохі заправіць перцам і соллю і размяшаць.
Філе селядца парэзаць кавалачкамі. Пустыя палоўкі яек запоўніць бурачным начыннем і выкласці на талерку.
Зверху на кожнае яйка пакласці кавалачак селядца. Упрыгожыць зелянінай — і можна падаваць.
2. Яйкі па-шатландску — трэба паваждацца, але вынік таго варты
Прыкладны набор прадуктаў:
Асноўныя складнікі - яйкі і курыны фарш. Таксама спатрэбяцца часнык, імбір (сухі або невялікі свежы корань), зеляніна, таматная паста (ці кетчуп), папрыка, гарчыца, соль, перац, кмен і паніровачныя сухары.
Духоўку разагрэць да 190 градусаў. Злёгку змазаць формы для выпечкі сланечнікавым алеем (сіліконавыя формы можна не змазваць). Калі выкарыстоўваем бляху, засцеліце яе фальгой.
Зараз спатрэбіцца блендер. Трэба злучыць часнык, імбір, зеляніну, таматную пасту, папрыку, гарчыцу, кмен, соль і перац і ўзбіць усе да аднастайнасці. Дадаць атрыманую пасту да фаршу і старанна перамяшаць.
Фарш падзяліць на порцыі і выкласці іх на плёнку. Сфармаваць аладкі, у цэнтр пакласці яйка. Сабраць краі плёнкі ў мяшочак. Фарш размеркаваць так, каб ён цалкам абгарнуў яйка. Зняць плёнку, абкачаць атрыманую катлету ў сухарах і надаць ёй рукамі выгляд шара.
Змясціць у форму ці на бляху. Запякаць 30−40 хвілін. Гатовыя яйкі па-шатландску акуратна вынять з формачак. Падаць на лісце салаты.
3. Печыва з варанымі жаўткамі - дэсерт для ласуноў
Прыкладны набор прадуктаў:
Жаўток яечны — 5 штук, масла сметанковае — 140 г, мука пшанічная — 200 г, арэхі — 50 г, цукровая пудра — 50 г для цеста і 50 г абкачаць печыва, какава-парашок — 20 г.
Арэхі злёгку абсмажыць і здрабніць у блэндары. Яйкі пачысціць, дастаць жаўткі і старанна здрабніць. Растапіць сметанковае масла. Цёплае цеста будзе лягчэй ляпіць. У місцы замешваюць цеста з мукі, алею, молатых арэхаў, солі, цукровай пудры і раскрышаных жаўткоў. Яно павінна быць падатлівым.
Бляху высцілаем паперай для выпечкі (не абавязкова). З цеста скочваем шарыкі памерам з невялікі грэцкі арэх. Выкладваем іх на бляху, злёгку фармуючы зверху пальцамі, надаём форму труфеля.
Ставім у разагрэтую да 160−170 градусаў духоўку прыкладна на 15 хвілін. Пасля духоўку выключаем, прыадчыняем і даем печыву яшчэ хвілін 10 падсохнуць.
У талерку працярушваем цукровую пудру і какаву-парашок. Змешваем і абкачваем печыва.
Усё гатова! Запарваем гарбату і адпачываем.
Калі ўсё атрымалася, то на пахі збяруцца дамачадцы, уключна з вашымі гадаванцамі.