Людзі і справы

«Не хапае людской падтрымкі». Палітвязень Яўген Разнічэнка напісаў ліст з СІЗА

Палітвязень, фігурант «справы Ціханоўскага», гродзенец Яўген Разнічэнка напісаў першы ліст з мінскага СІЗА № 1. Ліст прыйшоў Сяргею Верамеенку ў краму «Адметнасць».

Яўген напісаў ліст на беларускай мове. У ім ён падзякаваў сям'і Верамеенкаў за дапамогу, якую яны аказваюць палітвязням.

«Думкаў у галаве не шмат, больш слёз пры напісанні лістоў. Хочацца вас прасіць, каб як мага больш людзей даведаліся пра тое, што адбывалася ў той дзень і пачалі дасылаць свае лісты, як гэта было ў Гародні. Бо на сённяшні дзень не хапае людской падтрымкі і было б яшчэ жадана, каб гэтыя лісты былі як мага больш на роднай мове. І па магчымасці дасылаць прэсу».

Яўген кажа, што перыядычна чытае «Народную волю», але яму хочацца больш даведвацца аб падзеях у краіне. Просіць, калі хто будзе пісаць, каб клалі дадатковы канверт, каб можна было адразу адказваць.

«На ўсе лісты можа і не паспею адказаць, але буду вельмі старацца гэта рабіць».

Палітвязень таксама просіць дапамагчы яму з набыццём лекаў. Яму патрэбна мазь ад псарыязу ўкраінская «Бетасалік» або расійская «Белосалик». У месяц яму трэба 4−5 цюбікаў такой мазі. Адзін цюбік (15 г.) каштуе ў Беларусі прыкладна 5 рублёў.

«Проста на сённяшні момант мая сям’я ў такім становішчы, што пасля смерці бацькі засталося многа крэдытаў. Кожная капейка на ўліку. Тут мне праводзяць курс лячэння, але гэта толькі крыху здымае сімптомы, а тыя таблеткі, якія даюць, на жаль, уплываюць на сон».

Хто такі Яўген Разнічэнка?

Яўген Разнічэнка не думаў, што вясной 2020 года апынецца ў Гродне і стане палітычным актывістам. Мужчына працаваў у Маскве і ў канцы сакавіка вымушаны быў прыехаць у Беларусь з-за смерці бацькі. Вярнуцца ў Расію ён не змог — была зачынена мяжа. Тады мужчына на час эпідэміі стаў шукаць працу ў родным Гродне і адначасова цікавіцца палітыкай.


Чытайце падрабязней: «Лёс вярнуў у родны горад». Як гродзенец Яўген стаў актывістам і сеў на пяць сутак


Палітвязень 8 траўня атрымаў першыя 5 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку аўтара блога «Страна Для Жизни» Сяргея Ціханоўскага.

29 траўня гродзенца затрымалі паўторна ўжо на дазволеным пікеце збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у прэзідэнты Беларусі. Падчас інцыдэнту на плошчы Савецкай Яўген падхапіў міліцыянта, які падаў. Перад затрыманнем мужчына паспеў напісаць у тэлеграм-чат «Страна Для Жизни» паведамленне, што, хутчэй за ўсё, яму «прышыюць «крыміналку», і калі ён перастане выходзіць на сувязь, то «гэта правакацыя спецслужбаў».

Яўген Разнічэнка пасля затрымання

У выніку ў дачыненні да гродзенца была распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Суда яшчэ не было.

Як дапамагчы палітвязням?

Ад імя крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка і яго жонка Вольга ўжо не першы год лістуюцца шмат з якімі беларускімі палітвязнямі.

«На жаль, гэта сталася ўжо такой сумнай традыцыяй. Дасылалі лісты і паштоўкі Піліпу Шаўрову, Паўлу Севярынцу, Міхаілу Жамчужнаму, ды іншым, — распавядае Сяргей Верамеенка. — Сёння атрымалі адказ ад Яўгена Разнічэнкі. Піша, што трымаецца, але яму патрэбныя лекі. Апроч таго просіць фінансава дапамагчы яго маці і сястры. Ад сённяшняга дня мы пачынаем акцыю „Адпраў паштоўку палітвязьню!“. Любы ахвочы грамадзянін можа ў нас набыць паштоўку ды адправіць яе тым, хто зараз зняволены па палітычных матывах. Цану паштоўкі хай кожны вызначае сам. Усе сабраныя грошы пойдуць на патрэбы палітвязняў ды іх родных. Дзякуй вялікі за паштоўкі гродзенскаму мастаку Яраславу ды мінскаму мастаку Яну Мяльніцкаму».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024