Людзі і справы

«Ізвініт'е, я француз». Ці лёгка жыць замежніку ў Гродне

Восень сёлета хмурая і дажджыстая, то жыхару паўднёвай Францыі Эмрыку ў такім надвор'і не вельмі ўтульна: «Дома хадзіў бы яшчэ без курткі». У астатнім побыт хлопца ў Гродне мала адрозніваецца ад жыцця ў Францыі. Халоднае надвор’е кампенсуецца цёплым прыёмам і добрымі стасункамі, якія складваюцца з новымі сябрамі. На выпадкі магчымых непаразуменняў Эмрык «вынайшаў» формулу, што ратуе ў любой сітуацыі: «Ізвініт'е, я француз».

Эмрык прыехаў паваланцёрыць у грамадскай арганізацыі «Трэці сектар» і зараз дапамагае выкладаць французкую ва Універсітэце Залатога Веку, вядзе моўную суполку на Tandem Evenings і дае майстар-класы па лічбавай бяспецы.

Словы «Ізвініт'е, я француз» — нібы магічныя. «Суразмоўца забывае, пра што мы гаварылі, і дзівіцца на мяне нібы на цуд свету». Тэма амаль адразу змяняецца на штосці «каля-французскае», а непаразуменні больш не маюць значэння. Нават у размове на англійскай пазнавальны акцэнт выклікае часам падобную рэакцыю: «Француз? Гэта так міла!»

«Відаць, тут добра ставяцца да французаў і любяць маю краіну», — разважае Эмрык. Аднак злоўжываць формулай поспеху не збіраецца.

Берэт, багет, французскі пацалунак…

У людзей ёсць пэўныя стэрэатыпы пра французаў. Напрыклад, што француз заўсёды п’е віно, добра разбіраецца ў кулінарыі, ранкам абавязкова мае круасан да кавы ці есць выключна жабіныя лапкі. Агулам гэта не кепскія ўяўленні пра нацыю. «Я не супраць віна ці сыру, — смяецца Эмрык, — аднак па ўяўленню некаторых мая французскасць адразу робіць мяне экспертам у гэтых пытаннях».

Насамрэч, французы адрозніваюцца як і ўсе астатнія людзі. Таму Эмрык не збіраецца хадзіць па вуліцах Гродна ў берэце і з багетам. Больш таго, ён нават «артыстычны доўгі шарф» не носіць, бо гэта нязручна.

Лепшыя круасаны гэта сыркі ў шакаладзе

Эмрык распавёў пра свае кулінарныя практыкаванні. Самастойна прыгатаваць круасаны ён спрабаваў адзіны раз у жыцці: «Усё ішло добра, але ў выніку нічога не атрымалася». Вырашыў, што прасцей выжыць без круасанаў, чым яшчэ раз прайсці праз такое выпрабаванне.

Знакамітыя жабіныя лапкі хлопец каштаваў толькі двойчы: «У дзяцінстве ўвогуле не спадабалася, а потым — ну, можна есці, але і без іх можна абыйсціся». З гродзенскіх прысмакаў ён упадабаў сыркі ў шакаладзе — у краме купляе адразу некалькі. І да кавы, і без кавы яны складаюць годную альтэрнатыву круасанам.

Замест словаў

Чаго найбольш не хапае, дык гэта агульнай мовы для камунікацыі. Эмрык не гаворыць на беларускай ці рускай, а большасць гарадзенцаў не валодаюць французскай ці англійскай: «Часам словаў рэальна не хапае. Калі нехта выклікае цікавасць, хочацца пагаварыць з чалавекам, задаць пытанні, абмеркаваць. А маеш у запасе толькі «Прывет, як справы». Але нават гэта, як аказалася, не прысуд. Каб максімальна напоўніць камунікацыю, у ход ідуць міміка, інтанацыя і жэсты. «Часам гэта выглядае смешна, але так нават цікавей. Неабходнасць штодзённа крэатывіць дадае драйву ў жыццё».

Такі жэст азначае «Так, дакладна». Эмрык паказвае, што атрымалася акурат тое, што трэба — «Супер!»
А вось гэта больш падобна да цяжкай сітуацыі: «Трэба падумаць, не разумею»
Ну гэта «Yes!» — без тлумачэнняў зразумела, што нарэшце нешта атрымалася
Такім чынам Эмрык хоча сказаць, нешта кшталту «Дастаткова, не трэба больш непакоіцца з тае нагоды»

Ды і ахвотных паразмаўляць з хлопцам на французскай ці англійскай вакол шмат — ад сталых студэнтаў да калег і новых сяброў.

Дзіўная Беларусь

Жыццё Эмрыка ў Гродне амаль не розніцца ад таго, якім было ў Францыі. Вольны ад працы час і там і тут ён па большасці бавіць з сябрамі: «Звычайна збіраемся ў кавярні ці ідзем да кагосці ў госці і разам гатуем што-небудзь, размаўляем, слухаем музыку». На новым месцы ён таксама не застаўся адзін. Гродзенскія знаёмыя — цікавыя і захопленыя сваёй справай людзі. «З такімі сябрамі дакладна не засумуеш, яны класныя».

З рэчаў, каторыя да гэтай пары дзівяць, Эмрык узгадвае большую закрытасць людзей ў параўнанні з Захадам. Тут не прынята звяртацца без пэўнай патрэбы да незнаемых. Ды і на «small talk» кшталту «як справы» ці «добра выглядаеш» ад незнаёмца рэагуюць хутчэй падазрона. А тое, што ў большасці людзі не пераходзяць нават пустую вуліцу, пакуль на светлафоры гарыць чырвоны, у логіку француза не ўкладаецца зусім.

Сапраўдным гродзенскім цудам, на думку Эмрыка, з’яўляюцца Пышкі - «лес пасярод горада».

На прыродзе можна даведацца аб краіне не менш, чым ад людзей, лічыць хлопец. Каб адшукаць больш беларускіх цікавостак і пабачыць яшчэ больш дзівосаў, ён збіраецца падарожнічаць па краіне аўтаспынам.

А сум па Францыі? Пакуль няма. Тым больш, што з вакна кватэры, дзе жыве Эмрык, добра бачна тэлевышка. Восеньскі туман і доля фантазіі лёгка ператвараюць гэту вежу ў Эйфелеву. І можна адчуваць сябе як дома.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025