Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон 20 сакавіка атрымаў адказ з Міністэрства культуры з нагоды будаўніцтва на вуліцы Вялікай Траецкай комплексу, які можа назаўсёды пахаваць ідэю адраджэння і рэгенерацыі Школьнага двара. У Міністэрстве далі зразумець, што няма прычын для спынення работ на аб’екце дзеля правядзення грамадскага абмеркавання і карэкціроўкі праекта. Інвестар таксама выказаў свае меркаванне.

Гісторык застаўся незадаволены адказам з Міністэрства культурыі. Ён адзначыў, што адзінае чаго можна і трэба дамагацца зараз — правядзення нармальных археалагічных раскопак на месцы, а не археалагічнага нагляда.

«Працэс запушчаны і яго нельга спыніць. Я не задаволены адказам з Міністэрства культуры, гэта проста адпіска», — сказаў Мечыслаў Супрон.

У канцы 2018 года ў Гродне пачалася рэканструкцыя гістарычнага будынка на месцы былога яўрэйскага квартала па адрасе Вялікая Траецкая, 47. У выніку «рэканструкцыі» ён павялічыцца ў некалькі разоў, а ў гістарычным цэнтры горада можа вырасці чарговы бетонны будынак.

У выніку будаўніцтва новага аб’ёму могуць быць знішчаныя падмуркі сямі камяніц. Мабыць, самым каштоўным будынкам, які тут калісьці знаходзіўся, была яўрэйская малітоўня цэха Мяснікоў 19−20 стст"

Дом на Вялікай Траецкай, вядомы як «крывы», некалькі гадоў пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе ўласнік — чайны дом «ЧайКоффский» — вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі.
«Гатовы саступіць 15 сотак і хай пакажа, як рабіць». Інвестар на Траецкай адказаў гісторыку Супрону

Прайшлі грамадскае абмеркаванне

Уласнік будынка Дзмітрый Рыхліцкі распавёў Hrodna.life, што перад будаўнічымі работамі ён прайшоў усе экспертызы і грамадскія абмеркаванні.

«Перад тым, як стварыць праект новага будынка, робіцца гістарычная даведка. У маім выпадку ёсць навуковы кіраўнік Шэйко, які працаваў з архіўнымі дакументамі і па дадзеных мы спрабавалі нешта намаляваць, што там было і чаго не было. І толькі потым усё праектавалі.

Далей на працягу 40 дзён праходзіла грамадскае абмеркаванне праекта і ўсе, хто нешта хацеў сказаць ці выправіць, павінны былі прыйсці ў гарвыканкам. Мы прайшлі грамадскае абмеркаванне і ніякіх праблем не было. Пасля гэтага ішла экалагічная і будаўнічая экспертыза, і экспертыза ад Міністэрства культуры і толькі пасля ўсяго гэтага арганізоўвалася будпляцоўка".

«Гатовы саступіць 15 сотак і хай пакажа, як рабіць». Інвестар на Траецкай адказаў гісторыку Супрону
Графічная рэканструкцыя фасаду малітоўнай школы цэха мяснікоў аўтарства М. Любіча, на месцы якой будзе ўзведзены новы аб’ём з шкла і бетону.

Гатовы прадаць 15 сотак

Уласнік будынка таксама распавёў, што дамова з археолагам ужо падпісаная. Спецыяліст прыступіць да працы ў бліжэйшы час, як толькі пачнуцца земляныя работы.

«У гістарычнай частцы горада немагчыма праводзіць нейкія земляныя работы без археалагічнага нагляду. Ёсць рэгламент работ, усё згодна з заканадаўствам. У нашым выпадку, мы аплачваем паслугі археолага. Ён ужо паглядзіць, якія там ёсць падмуркі.

Такога, што хачу і кручу на аб’екце, не будзе і быць не можа. І гэты гісторык, які піша, павінен выдатна ведаць, што ўсе земляныя работы вядуцца пад наглядам археолага. Таксама яму прапаноўваю купіць аб’ект у гістарычнай частцы Гродна. У мяне на Траецкай 15 сотак зямлі, я гатовы яму іх саступіць па сабекошце і няхай ён нам (мне і спадару Сямашку, іншым бізнесменам) пакажа, як трэба рабіць. Хай паспрабуе знайсці крэдыты і інвестыцыі. Хай утрэ нам нос і пакажа як правільна. А ў інтэрнэце ўсе могуць пісаць".

Спроба нешта змяніць

Мечыслаў Супрон гатовы сустрэцца з уласнікам аб’екта і прапанаваць сваю дапамогу.

«Закон на баку інвестара, але я не супраць з ім сустрэцца. Магу ўсё растлумачыць і паказаць. Я хачу, каб наш горад захоўваў гістарычныя традыцыі і быў нашмат больш прыгажэйшым, а не шэрым. Вось і спрабую нешта змяніць», — адзначыў Супрон.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]